Хібіны, альбо Грэчка на краі свету

Культура Социум

Штогадовы працоўны адпачынак, як вядома, — справа надзвычай адказная. На працоўных месцах нас чакаюць калегі, што прагнуць пачуць чарговую гісторыю пра піраміды Хеопса, пра прычарнаморскі гатэльны сервіс ці пра турэцкія/егіпецкія/нарачанскія кошты, узгадваючы свой апошні адпачынак і чакаючы наступнага.

Мая ж гісторыя пачалася ў дзяцінстве, калі я пабачыў карту свету. Тады я меркаваў, што на Паўночным полюсе холадна, а на Паўднёвым цёпла.

Гадоў праз дзесяць, разглядаючы карту Кольскага паўвострава, што ў расійскім Запаляр’і, я даведаўся, што там ёсць надзвычайнай прыгажосці горы — Хібіны. Адзін з іх пікаў «цёзка» нашай сям’і — пік Марчанкі. Падняцца на яго стала справай гонару. Пра тое, як хавацца ад спёкі, як лепш не спускацца з гары і як гатаваць грэчку з грыбамі на краі свету, — у гэтым артыкуле.

Задача не была б такой складанай, калі б не адлегласць — 2300 кіламетраў. Адзіны магчымы спосаб, якім мы, я і мая спадарожніца Юлія, маглі іх пера-адолець — аўтастоп. Увесь груз прыходзілася несці на сваіх плячах, але, улічваючы наш нялёгкі час, гэта былі цярпімыя пакуты.

Спецыяльную горную экіпіроўку мы вырашылі з сабой не браць з той банальнай прычыны, што не ўмелі ёй карыстацца. Калі ўжо ў нас з гарой аднолькавае прозвішча, то на вяршыню мы павінны патрапіць нават без чаравікаў. Намёт, два спальных меха, дажджавікі, ліхтарыкі, кацялкі і кілаграм грэчкі — вось і ўвесь скарб, з якім мы сабраліся на паўночны «край свету».

Што такое падарожжа аўта-стопам? Галоўнае адчуванне, ад якога немагчыма пазбавіцца, — нявызначанасць. Ты пастаянна адчуваеш, што ўсё можа пайсці зусім не так, як спадзяваўся. Замест Оршы можна патрапіць у Гомель, замест Кішынёва — у Кіеў. А можна і ўвогуле легчы спаць недзе пад Бабруйскам.
Маршрут на першыя суткі быў даволі просты: Мінск — Лепель — Віцебск — Пскоў — Санкт-Пецярбург.

У параўнанні з бяскрайнімі прасторамі Расіі, якую нават у атласе цяжка ўсю прагартаць, Беларусь цяпер уяўляецца маленькай, ціхай, цёплай і вельмі ўтульнай. Таму, нават калі на шашы нам прыходзілася чакаць і па дзве гадзіны, мы ўсё роўна адчувалі сябе дома.

Прыгоды пачынаюцца
Недзе а 19 гадзіне мы апынуліся ўжо на расійскай мяжы. Пажылая пара, што падкінула нас сюды, прапанавала начлег, але мы адмовіліся — і нас адразу заліла дажджом проста касмічных маштабаў. На дапамогу прыйшлі наваполацкія будаўнікі, што ехалі ў аўтобусе ажно ў Санкт-Пецярбург і згадзіліся ўзяць нас з сабой. Удача на нашым баку. Рабочыя святкавалі ад’езд і ўвесь вечар спявалі песні. Ехаць трэба было ўсю ноч, таму ў нас нават была магчымасць крыху паспаць.

Піцер сустрэў на дзіва сонечным небам. Пара «праграмных» фотаздымкаў — і мы ўжо галасуем на шашы Пецярбург — Мурманск. Шыльда з указаннем адлегласці моцна палохала — да нашых Хібінаў заставалася яшчэ 1300 кіламетраў.

Наступны край, праз які пралягаў наш шлях, — Рэспубліка Карэлія. Некалі ў падручніках я чытаў, што ў Беларусі надзвычайная колькасць азёраў, рэк і балот, але калі пабачыў, колькі іх у Карэліі, проста не паверыў вачам. Падаецца, тут нават ступіць няма куды, каб не патрапіць у ваду. Каля 30 тысяч рэк і больш за 60 тысяч азёраў! Так званы каэфіцыент азёрнасці гэтай рэспублікі складае каля 18 працэнтаў ад плошчы, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у свеце. Практычна немагчыма было пабачыць раўніну, пейзаж якой не ўпрыгожвала б возера, рака, ці, на крайні выпадак, балота. Адзін з галоўных сусветна знакамітых помнікаў прыроды Карэліі — вадаспад Ківач, чацвёрты па велічыні ў Еўропе.

Два вясёлых дальнабойшчыка, што везлі нас да Петразавод-ска, распавялі, што пасля сталіцы Карэліі цывілізацыя па сутнасці скончваецца — радыё з’явіцца толькі пад Кандалакшай, ужо ў Мурманскай вобласці. На гэтай шашы ёсць адрэзкі па паўтары сотні кіламетраў, наўзбоч якіх няма ніводнага населенага пункта, ніводнага павароту, ніводнай заправачнай станцыі — толькі лясы і непраходныя балоты. І гэта не адзіная праблема.

У гэтых далёкіх краях яшчэ застаўся кавалак «ліхіх 1990-х» — дарожны рэкет. У Мурманску дзейнічаюць дзве злачынныя групоўкі, што вымагаюць грошы з дальнабойшчыкаў — «Огурцов-ские» і «Служба грузоперевозок». Сістэма такая: кожны не мясцовы вадзіцель (гэта вызначаецца па нумарах), які заязджае ў Мурманск, плаціць першай з двух банд, што яго зловіць, 1000 рублёў і атрымлівае за гэта візітоўку банды. Іншыя рэкеціры яго ўжо кранаць не будуць. Пры наступным заездзе ў Мурманск «праезд» каштуе 300 рублёў.

А ў нас тым часам першая начоўка ў намёце — у лесе пад Беламорскам. Там мы сапраўды пабачылі, што Карэлія — край ягад і грыбоў. Чарніцы тут пэўна ў разы паўтара большыя за нашыя.

Запаляр’е
Мы перасяклі палярнае кола — шырата, вышэй якой бывае палярны дзень і палярная ноч. Напрыклад, у Мурманску ўвесь снежань і пачатак студзеня сонца ўвогуле не падымаецца над гарызонтам. Летам наадварот.

Трэція суткі дарогі — і мы ў Апатытах. Яго атмасфера вельмі супярэчлівая. З аднаго боку, яго жыхары могуць пастаянна захапляцца фантастычнымі пейзажамі: з поўначы горад атачаюць Хібіны, а з поўдня — возера Імандра, адно з самых вялікіх у Еўропе.

З іншага боку, гэты малады горад стаў адназначным пераможцам у нашым з Юляй конкурсе «Самы шэры горад, які я бачыў у жыцці». Разам з Кіраўскам, што таксама прылягае да Хібінаў, ён славіцца здабычай апатыта-нефелінавых руд. Тут працуе асноўная частка мясцовага насельніцтва.

Але ж, нарэшце, асфальт і электрычнасць засталіся па-за спінамі, і мы апынуліся ў гарах. Як казаў Уладзімір Сямёнавіч, лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх ты яшчэ не быў. Вакол нас раскінулася даліна ракі Куніёк. За першы дзень мы прайшлі па хібінскіх сопках трыц-цаць кіламетраў, а ўлічваючы вагу заплечнікаў і звышнатуральна моцны вецер, нам можна залічыць сорак. У Мінску ў дзень нашага выезду трымалася тэмпература ў +30 градусаў. У Запаляр’і было каля +12, а ноччу каля +7. Што ж, ад спёкі мы схаваліся надзейна. Заначавалі на выратавальнай базе, дзе першы ж турыст, з якім мы пазнаёміліся, апынуўся… мінчанінам. Вось так, аказваецца, проста за 2300 кіламетраў ад дома сустрэць земляка! На вячэру мы нарэшче прыгатавалі на вогнішчы грэчку, якая стала нашай асноўнай і любімай стравай.

ВЯРШЫНЯ
Ключавой ідэяй нашага плана было тое, што падняцца на пік Марчанкі мы павінны былі ў мой дзень народзінаў — 16 жніўня. Мы паспелі і ранкам гэтага дня ўжо тупалі па дарозе на перавал Паўднёвы Рысчор — з яго можна падняцца на хрыбет, што вядзе на пік. Вышыня яго зусім невялікая — 1100 метраў. Але падняцца на гару двум гуманітарыям без падрыхтоўкі не так проста. Шляхам спроб і памылак мы высвет-лілі, што самая правільная тактыка — ісці максімальна кароткім і няспешным крокам, а не рабіць кароткія і хуткія перабежкі. На перавале мы сустрэлі яшчэ дзве пары турыстаў, і паміж намі завязалася спрэчка, бо пік Марчанкі аказалася знайсці цяжэй, чым мы думалі. Тры карты, тры компаса, тры пальца паказваюць у супрацьлеглыя бакі. Спрэчку вырашыў маскоўскі турыст, што прыехаў у Хібіны ўжо ў сёмы раз, і адправіў нас на вяршыню, што падпірала неба з поўдня ад нас. Рушым далей, апошні рывок! Хрыбет аказаўся плато — плоская пляцоўка ў пару квадратных кіламетраў, з пустыннай камяністай паверхняй, што нагадвала паверхню Месяца.

Вяршыня была шчодра ўпрыгожана рознакаляровымі стужкамі, цыдулкамі з імёнамі тых, хто тут быў, а таксама пірамідкамі з каменьчыкаў — своеасаблівыя горныя «дарожныя знакі». Мара здзейснілася. Стаяць на вяршыні — адчуванне, не параўнальнае ні з чым. Ты быццам вылез на гарышча сусвету і здзіўлена пазіраеш, якія мы там знізу маленькія і ня-значныя. Усе праблемы, што турбавалі нас яшчэ тыдзень таму, імгненна забываюцца. Становіцца незразумелым, чаму людзям, што жывуць у такім дасканалым, прыгожым і багатым сусвеце, пастаянна нечага не хапае, чаму яны так часта сварацца і пачынаюць ваяваць з такімі ж людзьмі, як яны самі? У гарах людзі таксама гінуць. Але гэта заўжды адбываецца праз пераацэньванне сваіх сіл, праз ня-ўважлівасць і неасцярожнасць. Горы вучаць ведаць сваё месца, разумець, што для Зямлі ты нішто, для яе ты прыйшоў сюды зусім нядаўна і знікнеш гэтак жа хутка. І да свайго дома ты павінен ставіцца з павагай, бо інакш табе прыдзецца шукаць іншы.

Дарога дадому заўжды карацейшая. Ужо з палярнага кола нас падабраў дальнабойшчык Вадзім, што ехаў ажно ў Санкт-Пецярбург. Больш за суткі мы ехалі з ім праз карэльскія балоты. Пасля такога падарожжа Пецярбург падаўся нам амаль домам. Яшчэ палова ночы на дарозе — і ўжо Пскоў, да мяжы засталося ўсяго 300 кіламетраў. Апошняя начоўка ў Расіі. Наступным вечарам мы ўжо сядзелі ў мінскай кавярні і распавядалі сябрам, як няправільна спускацца з гары, як збіраць грыбы да грэчкі, пра што можна размаўляць на працягу трыццаці гадзін запар і ўсё астатняе. Засталіся ўспаміны і жаданне ўсё гэта паўтарыць. Падчас наступнага адпачынку.

Пятро МАРЧАНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий