Вясенні настрой

Культура

Дар’я ГОСЦЕВА
Фота аўтара

У галерэі “БелАрт” прайшла выстава сучаснага беларускага мастака Віктара Ціханава. “Травы і кветкі”, прадстаўленыя на палотнах, бутэльках ды талерках, стваралі цяпло і вясенні настрой.

У дзень адкрыцця выставы маленькая галерэя на вуліцы К. Маркса вітала гасцей, якіх было шмат, прыемнай музыкай. Дзяўчаты са скрыпкамі, вучаніцы заслаўскай школы мастацтваў, разам са сваёй настаўніцай сустракалі чароўнымі мелодыямі тых, хто завітаў на вернісаж. Сам мастак таксама ўсім усміхаўся, паціскаў рукі гасцям, шчыра наліваў шампанскае і запрашаў  удзельнічаць у аўкцыёне напрыканцы мерапрыемства.

Буйныя мазкі ды яркія фарбы, гульня святла і цені ствараюць асаблівыя вібрацыі. Жывапісец мае багаты вопыт ў рабоце з мазаікай і вітражом, пэўна таму яго работы адметныя незвычайнай тэхнікай выканання. Варта заўважыць, што ўсе палотны маюць форму квадрата — гэта таксама своеасаблівая “разынка” Віктара Ціханава.

На выставе, якая доўжылася да 10 сакавіка, можна было набыць малыя дэкаратыўныя формы — бутэлькі ды талеркі — і палотны мастака.



Добавить комментарий