Віталь Кармiльчык: «Няма таго дня, каб у маіх клопатах не з’явілася штосьці новае»

Тракторозаводцы

— Самае цікавае ў маёй працы — гэта зносіны з людзьмі розных узростаў, рознай кваліфікацыі, розных жыццёвых памкненняў. Асабліва станоўчыя пачуцці ў мяне выклікае назіранне за тым, як развіваюцца маладыя, як яны становяцца «на крыло», набываюць вопыт і зацікаўленне да той справы, з якой звязалі сваё жыццё, — распавядае намеснік начальніка сёмага механічнага цэха па вытворчасці Віталь Кармільчык.

Віталь Уладзіміравіч упэўнены, што ў любой працы чалавек, захоплены сваёй справай і неабыякавы, абавязкова бачыць такія моманты,
якія натхняюць на развіццё і далейшы прафесійны рост. Асабіста ён не супакоіўся на тым, што мае дыплом факультэта прыборабудаўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Набыўшы грунтоўныя веды на кафедры кантрольна-вымяральных прыбораў і сістэм, ён паспяхова ўліўся ў калектыў аддзела тэхнічнага кантролю прэсавага цэха ў якасці кантрольнага майстра, потым шліфаваў свой практычны вопыт як начальнік вытворча-дыспетчарскага бюро сёмага механіч-нага цэха, адкуль начальнік гэтага падраздзялення Сяргей Макейчык і запрасіў стаць яго намеснікам.

— Менавіта Сяргей Уладзі-міравіч аказаў найбольшы ўплыў на маё станаўленне, разуменне тых вытворчых і жыццёвых варункаў, якія эфектыўна ўплываюць на ход працоўных будняў і добразычлівы мікраклімат у калектыве. А яшчэ мне пашчасціла мець магчымасць павучыцца ў вопытных, мудрых начальнікаў змен, якія выдатна ведаюць і вытворчасць, і людзей нашага цэха, — гэта Юрый Залескі і Віктар Мацейчык, — зазначае Віталь Кармільчык. — У вельмі блізкім узаемака-рысным кантакце працуем з кіраўнікамі ўчасткаў Віталем Басько, Васілём Салабутам, Генадзем Саланенкам, Аляксандрам Бандарчыкам, Аляксандрам Дудко.

Усе гэтыя людзі, іх веды і вопыт дапамагалі і зараз дапамагаюць мне праводзіць аналіз любых сітуацый: як забяспечыць вытворчыя працэсы тымі, што маем, сіламі, як знайсці паразуменне з заводскімі ўпраўленнямі і службамі, ад якіх залежыць рытмічная праца ўсяго цэха. Яны таксама навучылі бачыць асаблівасці характараў людзей, умець размаўляць з імі, чуць іх аргументы і ўлічваць іх пры прыняцці рашэнняў.

А наогул, хоць, здавалася б, у нас вытворчы працэс адладжаны да драбніц, але няма таго дня, каб у маіх клопатах не з’явілася штосьці новае.
Наменклатура нашага цэха — прыблізна — дзве тысячы дэталяў. Гэта і дэталі корпуса каробкі перамены перадач для першага механічнага і цэха малых серый, і рычагі, цягі, педалі, валікі для тармазоў трансмісій, і цэлыя зборачныя вузлы — дыферэнцыял і муфта аўтаматычнай блакіроўкі дыферэнцыяла.

Апроч таго, мы працягваем выпуск тавараў народнага спажывання. Тым, хто гэтага не памятае, трэба напомніць, што гадоў дваццаць таму да сёмага механічнага далучылі былы цэх народнага спажывання, і ён стаў адным з нашых участкаў, дзе мы і сёння робім закатачныя машынкі, вісячыя замкі, кухонныя сякеркі, накладныя засаўкі і шмат што іншае.

Хачу сказаць, што для калектыву цэха заўсёды прыемныя такія працоўныя моманты, як асваенне новых дэталяў. Ну, дзеля прыкладу, адны з апошніх нашых навінак — повад для каробкі перамены перадач у цэх малых серый за нумарам 85-1702035А, валік 77-1601140 для трактароў BELARUS-1222.3 і 82.3.

Як і многія на нашым прадпрыемстве, мы марым аб асваенні новых вытворчасцяў, мадэрнізацыі цэха, аб новым высокапрадукцыйным абсталяванні. Чакаем мы ў нашым калектыве таксама таленавітую моладзь, якая прыме і будзе працягваць нашы традыцыі. Варта адзначыць, што ў апошнія гады працэс амаладжэння пачаўся, і мы бачым, што да нас прыходзяць якраз тыя, хто імкнецца стаць сапраўды добрым працаўніком.

— Трэба сказаць, што Віталь Уладзіміравіч надзвычай адказны чалавек. Яго сціпласць і стрыманасць, жаданне ўсё зрабіць найлепшым чынам, не спыняцца ў сваім развіцці з’яўляюцца добрым прыкладам для больш маладых працаўнікоў нашага цэха, — характарызуе свайго намесніка начальнік МЦ-7 Сяргей Макейчык. — Літаральна два гады таму ён паспяхова скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» і зараз сваімі дадатковымі тэарэтычнымі ведамі паспяхова карыстаецца ў практычнай дзейнасці. Высокі аўтарытэт Віталя Кармільчыка ў калектыве, яго працаздольнасць і адказнасць пры выкананні даручанага дазволілі нам прадставіць кіраўніцтву ААТ «МТЗ» яго кандыдатуру для занясення партрэта на заводскую Алею гонару. А калі гэта адбылося, ад усяго сэрца павіншавалі Віталя Уладзіміравіча з такой важнай у яго жыцці падзеяй.

Аднак мой суразмоўца лі-чыць, што для яго гэта ўсё-такі пакуль што аванс, які трэба добрасумленна адпрацаваць, пацвердзіць тое, што ў такой ацэнцы ні калектыў, ні кіраўніцтва не памыліліся.

Віталь Уладзіміравіч наогул чалавек абавязку. І на вытворчасці, і ў сям’і. Ён уважлівы сын, які рэгулярна наведвае сваіх бацькоў, Ірыну Іванаўну і Уладзіміра Вікенцьевіча, на радзіме ў Лідзе. Калі рос, усёй душой быў адданы сваёй бабулі, мамінай маме, Яніне Пятроўне, якая жыла ў вёсцы Норцавічы Дзятлаўскага раёна.

— Там я спасцігаў сялян-скую працу, вучыўся сапраўднаму сяброўству, прыняццю самастойных рашэнняў. Навучыўся паважаць старэйшых, абараняць малодшых, любіць свой родны край, — кажа Віталь Кармільчык. — Там на ўсё жыццё ў маёй памяці занатаваўся надзвычайны пах лесу напрадвесні, калі пачынае сыходзіць снег, з’яўляюцца праталіны і першыя пралескі. Ён назаўсёды асацыіруецца ва мне з дабром, шчасцем, цеплынёй блізкіх і дара-гіх мне людзей. Ён часам сніцца мне і зараз.

Цяпер у дачны перыяд у маіх любімых Норцавічах жывуць мама і тата, і я з радасцю прыязджаю ў мілыя майму сэрцу мясціны са сваёй сям’ёй — жонкай, Таццянай Аляксандраўнай, і дзвюма дачушкамі — чатырнаццацігадовай Валерай і дзевяцігадовай Марынай. Яны абедзве выдатна граюць на цымбалах, чым захапляюць дзядулю і бабулю.

Для Віталя Кармільчыка яднанне з прыродай — гэта таксама і рыбалка. Таму вяртанне ў вёску свайго дзяцінства — яшчэ і выдатная магчымасць пасядзець з вудаю на беразе паўнаводнага Нёмана, злавіць для сям’і пару-тройку рыбінак на юшку. А калі гэтага не здараецца, то ён таксама не сумуе, бо, гледзячы на шырыню і спакойныя воды ракі, атрымлівае надзвычайную асалоду ад цішыні і прыгажосці родных мясцін. Прыемнымі бываюць сумесныя выезды на беларускія вадаёмы і разам з яшчэ адным цэхавым аматарам рыбнай лоўлі і ўжо сапраўдным сябрам Віталя Уладзіміравіча — майстрам Аляксандрам Цвірко. Ім заўсёды ёсць пра што пагутарыць, ёсць што абмеркаваць.

— За гады знаходжання ў сталіцы я таксама палюбіў і сам велічны горад-герой Мінск, і наш утульны трактаразаводскі пасёлак, — зазначае Віталь Уладзіміравіч. — Мы жывём на вуліцы Шчарба-кова. Часта з дачушкамі з задавальненнем гуляем па скверыку на вуліцы Алега Кашавога, бываем у парку імя Максіма Горкага. Для нас заўсёды вытокамі выдатнага настрою і адкрыцця чагосьці новага з’яўляюцца музычны тэатр і тэатр кінаакцёра. Лю-бім мы разам бываць і ў сталічных кінатэатрах «Кастрычнік» ды «Ракета».

Ёсць яшчэ адно хобі ў сённяшняга героя майго расповяду — беларуская літаратурная класіка. Пачынаючы з «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра, ён прачытаў і асэнсаваў усю паэзію Якуба Коласа і Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, спадчыну Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, Іва-на Шамякіна. Віталь Кармільчык кажа, што ў многіх героях і эпізодах кніг гэтых аўтараў ён пазнае сябе, сваіх знаёмых і сяброў, падзеі, вельмі падобныя да тых, што адбываюцца ў рэальным жыцці.

— А яшчэ іх кнігі асвятляюць шлях у будучыню, падмацоўваюць нашы летуценні, — кажа Віталь Уладзіміравіч. — У мяне нямала на-дзей на перспектыву, і ўсе яны вельмі рэалістычныя, а найбольш запаветная мара — шчасце маіх дачушак. Вельмі хочацца, каб яны знайшлі свой светлы шлях у жыцці, каб ён быў не менш шчаслівы, чым наш з Таццянай. А будуць шчаслівыя яны, будзем шчаслівыя і мы!

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий