Васіль Сялюн: «Іх салодкі цукар стаў нам горкім палыном»

Социум

Ён рос у вёсцы Заазер’е Вілейскага раёна ў вялікай заможнай сям’і. Працавалі шмат і цяжка, але хлеба і да хлеба заўсёды было ўдосталь. Васілёк хадзіў у школу ў вёску Талуць, старанна дапамагаў бацькам, як усе тагачасныя хлапчукі, любіў ноччу пасвіць коней і слухаць ля кастра часам вясёлыя, іншым разам фантастычныя, або нават жахлівыя гісторыі дасціпных сельскіх апавядальнікаў. Жыццё цякло сваім звыклым кірункам.

Але аднойчы ясным чэрвеньскім ранкам старэйшыя хлопцы паклікалі Васіля пабегчы разам на бальшак, бо там рабілася штосьці незвычайнае. Бальшак Вілейка — Нарач раздзяляў дзве суседнія вёскі Сіўцы і Талуць. Васіль у свае адзінаццаць гадоў не раз там бываў і нічога незвычайнага не заўважыў. Калі ж выбеглі на бальшак на гэты раз, вачам сваім не паверылі: мноства матацыклістаў у дыхтоўных вопратках адпачывалі ўздоўж шашы. Заўважыўшы сельскіх хлапчукоў, яны весела рагочучы, жэстамі паклікалі іх да сябе, сталі частаваць кавалачкамі цукру і нават прапаноўваць шнапс.

— Хто б з нас тады ведаў, якім горкім акажацца гэты варожы цукар, — успамінае Васіль Іванавіч. — З таго дня і скончылася маё дзяцінства.

А памяць учэпіста трымае кожны пражыты пад фашысцкім гнётам дзень. Ля нас у лесе стаяла Багушэўская партызанская брыгада, камісарам якой быў В. А. Манохін. Нейкі час нават штабы двух партызанскіх атрадаў гэтай брыгады — імя Канстанціна Заслонава і «За савецкую Радзіму» — стаялі ў нашай хаце. Мая мама і дзве дарослыя незамужнія сястры майго бацькі пяклі для партызанаў хлеб. У нас была самая вялікая ў вёсцы хата з дзвюма рускімі печамі, і партызаны прывозілі нам муку, а потым забіралі хлеб. Калі прыходзілі гітлераўцы і ўнюхвалі пах, то бачылі печ і ў ёй хлеб і нават не здагадваліся, што пячэцца яго вельмі шмат і што ёсць яшчэ адна печ, думалі, хлеб гэты толькі для сям’і…

Фашысцкі гарнізон стаяў у дзевяці кіламетрах ад нас у вёсцы Іжа. Туды па разнарадцы сяляне з навакольных вёсак абавязаны былі прывозіць харчаванне. Аднойчы прыйшла наша чарга везці ў Іжу малако, сабранае з усіх двароў. Адправілі ў гэтую дарогу мяне на павозцы. А ў лесе мяне перанялі партызаны, забралі малако і выдалі даведку, што малако канфіскавана. Паехаў я з гэтай даведкай у той фашысцкі гарнізон з неверагодным страхам, што ўжо больш ніколі не вярнуся дадому. Але, на маё шчасце, усё абышлося.

Прыходзілася таксама за 15 кіламетраў ноччу вазіць на заданне партызанаў. Яны накіроўваліся на падрыў чыгункі ці граміць фашысцкія гарнізоны. А каб даставіць у патрэбнае месца байцоў і зброю, збіралі ў вёсцы некалькі павозак, самі сядалі кіраваць коньмі і цэлым абозам рушылі ў патрэбным ім напрамку, а мяне бралі, каб прыгнаў коней назад у нашу вёску. Даязджалі, звязвалі павозкі лейцамі, і коні цугам павінны былі цягнуць вазы ўслед за маім. А тыя коні, змучаныя і галодныя, пазрываюцца, разбрыдуцца скубсці траву. Я іх збіраю, да дрэў прывязваю, каб потым зноў сабраць у абоз, а сам плачу, бо баюся, што ўсіх у тым лесе не пазнаходжу, ды і світаць пачынае, фашысты ўбачаць…

Вельмі любіў зброю партызанам чысціць: пісталеты, аўтаматы. Яны прыйдуць з задання, брудныя, змучаныя, спаць упокат на сене на падлозе пападаюць, а мне масла і шомпал у рукі — і працуй! А я з гонарам — зброю даверылі! — так надраю, што потым мяне хваляць і кажуць, што з завода такімі бліскучымі тыя пісталеты ды аўтаматы не выходзілі.

Вельмі страшна было, як суседнія вёскі палілі: Талуць, Сіў-цы, Сцеберакі, Будкі, Узлу. У цэлым наваколлі засталіся толькі наша Заазер’е і Ежанцы (яны ўжо Мядзельскага раёна). З Сіўцоў прыйшлі да нас жыць дзедавы родзічы — бабуля Марына і яе дачка, цётка Ніна. А ў Брусах не толькі вёска згарэла датла, але і ўсіх людзей сагналі ў хлеў ды спалілі. У брата маёй матулі тады якраз конь збег, ён пайшоў шукаць таго каня ў бок Брусоў, а яго карацелі схапілі і таксама спалілі.

Гібель людзей немагчыма выцесніць з памяці. І сёння, здаецца, чую, як бяжыць услед за абрабаваўшымі яе хату фашыстамі жонка майго дзядзькі, цётка Ганна, і праклінае іх, а затым… стрэл і жахлівы жаночы ўскрык… Хавалі цётку Ганну ўсёй вёскай.

А потым, гэтак жа ўсёй вёскай, хавалі ў жоўты пясочак на узгорку партызана Налімава. На Троіцу ў нашай вёсцы было вяселле. Налімаў і яшчэ двое партызанаў з яго атрада прыйшлі на гэтае вяселле, адгулялі яго, і Налімаў, закінуўшы стрэльбу на плячо, накіраваўся ў лес праз бульбу. Мабыць, па той доўгай стрэльбе яго акупанты і заўважылі. Пачалі абстрэл, акружылі, але паранены баец не здаўся, ён узарваў сябе разам з фашыстамі гранатай.

А тыя двое яго таварышаў пашыбавалі ў лес праз жытняе поле. Як пачаліся выстралы, яны паўзком дабраліся да лесу і засталіся жывымі.

Налімава потым перазахавалі ў брацкую магілу ў вёсцы Ляскі, а пазней астанкі падпольшчыкаў і партызанаў, а таксама савецкіх салдатаў, якія загінулі ў нашым раёне, перавезлі з усіх гэтых брацкіх магіл і перазахавалі на цэнтральнай плошчы ў Вілейцы. Там зараз стаіць велічны помнік. Памяць герояў беражліва захоў-ваюць нашчадкі.
Найвялікшай радасцю ў маім юнацтве быў, канешне, дзень, калі савецкія салдаты зноў прыйшлі ў нашу вёску. Мне тады ўжо было чатырнаццаць гадоў. Адступаючы, фашысты бамбілі нашу вёску і наваколле з паветра такімі магутнымі бомбамі, што пасля вайны за ваколіцай мы купаліся ў глыбокіх ямах, пакінутых імі. Мужа маёй цёці паранілі, а іх каня забілі. У нашу пуню таксама бомба трапіла, і пуню, і сячкарню ды малацілку ў ёй вельмі пашкодзіла…

А пасля гэтай бамбежкі на ўскрайку вёскі мы ўбачылі чорных ад пылу, знямоглых ад дальняй дарогі савецкіх пехацінцаў і танкі з чырвонымі зоркамі. Мае аднавяскоўцы каля кожнага двара выставілі сталы і частавалі вызваліцеляў хто чым мог. Гэта было пад вечар. Байцы за нашай вёскай спыніліся на начлег. Пакуль было яшчэ відаць, распалілі кастры. Спявалі песні. Мы, хлапчукі, ухапілі з хат увесь напечаны хлеб, вараную бульбу, у каго захавалася — сала і раздалі салдатам. Як толькі сцямнела, яны патушылі кастры, каб не прыцягваць увагу гітлераўскай авіяцыі, і ляглі спаць. Адпачыўшы, раніцай нашы выратавальнікі рушылі далей у бок вёскі Слабада. Так мы зноў зажылі мірным жыццём.

Васіль Сялюн скончыў школу, адслужыў армію, прыехаў у 1954 годзе ў Мінск і ўсё жыццё адпрацаваў на трактарным заво-дзе, дзе разам з ім працавала яго жонка, Антаніна Афанасьеўна, а зараз працуюць сын  Юрый, дачка Раіса і зяць Алег Ганчарык, а таксама ўнук Аляксей Ганчарык.

Васіль Іванавіч ганарыцца сваімі нашчадкамі і ад шчырага сэрца жадае, каб яны ніколі не толькі не бачылі, але і не чулі таго, што давялося перажыць яму і яго аднагодкам у дзяцінстве.

Сёлета Васіль Іванавіч адзначыць сваё 85-годдзе. Ён кажа:

— Я памятаю кожны дзень вайны. Не дай Бог маім дзецям, унукам і праўнукам такой памяці! Няхай яны сустракаюць усе дні свайго жыцця пад мірным, шчаслівым небам!

Васіль Іванавіч Сялюн 46 гадоў адпрацаваў на Мінскім трактарным заводзе. Разам з жонкай, Антанінай Афанасьеўнай, якая таксама 27 гадоў працавала на МТЗ і, дарэчы, у сваім дзяцінстве зведала ўсе нягоды жыцця на акупіраванай тэрыторыі і пасляваеннага часу, яны стварылі трывалую дружную сям’ю, сталі заснавальнікамі працоўнай дынастыі трактарабудаўнікоў. На заводзе зараз працуюць іх сын Юрый, дачка і зяць — Раіса і Алег Ганчарыкі і іх унук Аляксей Ганчарык. Агульны працоўны стаж сям’і на МТЗ амаль дзвесце гадоў.

1 мая разам яшчэ з сямю найпаважанейшымі працоўнымі дынастыямі краіны сям’я Сялюн удастоілася гонару ўрачыстага ўшаноўвання на плошчы Дзяржаўнага сцяга. За пераемнасць пакаленняў, самаадданую працу і вернасць рабочым прафесіям ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі ім былі ўручаны  ганаровыя дыпломы і памятныя прызы.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий