Васіль Пізюк: «Праца мая цяжкая, але вельмі і вельмі цікавая»

Тракторозаводцы

Так кажа слесар-рамонтнік участка капітальнага рамонту, гідраўлікі і мадэрнізацыі рамонтна-механічнага цэха Васіль Пізюк, партрэт якога сярод 75-ці лепшых працаўнікоў завода сёлета ў маi змешчаны на Алеі гонару перадавікоў вытворчасці.

Больш як за чатыры дзесяцігоддзі самаадданай працы Васіля Віктаравіча на нашым прадпрыемстве сталі для яго часам пастаяннага прафесійнага росту і ўдасканалення ведаў і практычных навыкаў.

— Тут ніводнага дня не бывае аднолькавай працы. Увесь час займаемся розным абсталяваннем, якое трэба добра ведаць. А на заводзе яго тысячы разнастайных адзінак. На нашым участку мы разбіраем станкі, як жартуем, на «малекулы», мяняем, што неабходна, і затым збіраем зноў. Наша непасрэдная задача — вярнуць падраздзяленням-заказчыкам станок з яго поўнасцю адноўленымі пашпартнымі характарыстыкамі, — тлумачыць мой суразмоўца. — Над гэтым мы працуем не самастойна, а сумесна з канструктарамі, тэхнолагамі, спецыялістамі ўчастка вырабу запасных частак нашага цэха, прадстаўнікамі заводскага аддзела механізацыі і аўтаматызацыі, а таксама аддзела тэхнічнага кантролю ўпраўлення якасці прадукцыі.

Пры разборцы мы ў абавязковым парадку ацэньваем кожную дэталь на яе прыгоднасць для далейшага выкарыстання, затым — аддаём у рамонт тыя дэталі, што яшчэ можна аднавіць, і заказваем тыя, якія трэба замяніць на новыя. Атрымліваем з цэхавых участкаў і з упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўсё неабходнае, і потым пачынаецца, на мой погляд, самае цікавае — зборка і падгонка дэталей і вузлоў. А вось тут якраз у працэсе зборкі і выплываюць самыя розныя нюансы, якія патрабуюць нашага прафесіяналізму, уважлівасці і адказнасці. Калі штосьці не атрымліваецца, тады і ўключаецца твой прафесіяналізм, тады пачынаеш аналізаваць увесь ланцужок зборкі і падгонкі ад яго пачатку да таго моманту, як «упіраешся» ў нейкую праблему. Менавіта тут і прыходзіцца звяртацца да вопыту ўсёй нашай брыгады, масцера Максіма Капшукова, а праз яго — да канструктараў, найчасцей да Мар’яна Бандарэвіча, і тэхнолагаў — у нашым выпадку — да Віталя Аставуха.

І я, і ўся брыгада маіх вопытных калег начале з брыгадзірам Валерыем Цыбульскім: слесары-рамонтнікі Уладзімір Жаркевіч, Генадзь Залівака, Аляксандр Пліско, Аляксандр Барадоўскі, Ігар Чаратун, — ведаем сваю справу і з задавальненнем з максімальна магчымай якасцю і своечасова стараемся выконваць даручаныя нам заданні.
А паколькі на нашым заводзе яшчэ нямала абсталявання, закупленага нават паўвека і больш таму назад, то праца ў нас ёсць заўсёды. Вось зараз, напрыклад, мы заняты аднаўленнем васьмішпіндэльных паўаўтаматаў. Складанасць іх рамонту заключаецца ў тым, што яны ўжо зняты з вытворчасці, на іх месца прышлі больш дакладныя, менш праца- і энергаёмкія, але па прадукцыйнасці гэтым станкам пакуль што няма роўных. Трэба сказаць, што рамантаваць гэтае дзесяцітоннае грамоздкае абсталяванне вельмі няпроста.

У дадатак, у ім нярэдка бываюць дэфекты, якія цяжка выявіць візуальна або на слых, і, на вялікі жаль, не на ўсе вузлы і дэталі станкоў мінулага веку ёсць чарцяжы. Гэта адна з тых складанасцей, якія ўскладняюць нашу штодзённую працу.

Нярэдка прадстаўнікоў нашай брыгады запрашаюць у цэхі Мінскага трактарнага завода,  прадпрыемстваў «МТЗ-ХОЛДЫНГА» i iншых беларускiх прадпрыемстваў для выяўлення скрытых дэфектаў у функцыянаванні станкоў або пры поўным іх спыненні. Прычын гэтага можа быць вельмі вялікая колькасць, і знайсці іх нам дапамагаюць у гэтых выпадках шматгадовы вопыт працы з абсталяваннем і прафесійнае адчуванне яго «здаровага» ці «хваравітага» «дыхання», нейкае «трэцяе вока», якое мае кожны з нас.

Усё працоўнае жыццё Васіля Пізюка звязана з Мінскім трактарным заводам. З таго часу, як падлеткам пасля Лукскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна, што недалёка ад Міра, ён прыехаў у сталіцу Беларусі, паступіў у Мінскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча машынабудаўнікоў № 94, дзе атрымаў спецыяльнасць «слесар-рамонтнік» і прыйшоў па накіраванні на МТЗ, усе яго думкі — пра роднае прадпрыемства, яго мінулае і будучае.

— Была ў маім лёсе яшчэ і надзвычай карысная для маладога чалавека вайсковая служба, — удакладняе Васіль Віктаравіч. — Яна мне вельмі дапамагла ў маёй далейшай працы. Справа ў тым, што служыць мне давялося механікам па абслугоў-ванні крылатых ракет у марской авіяцыі. Там настолькі жорстка вымуштравалі адносіны да рэгламенту рамонтных работ, што амаль праз паўвека я выдатна памятаю ўсе тыя патрабаванні. Ну, і вядома, дысцыплінаванасць, асабістая адказнасць за ўсё, што ты робіш, таксама выхоўваліся самым строгім чынам. Таму на заводзе мне было ўжо не цяжка прыстасавацца да тых патрабаванняў, якія прад’яўляліся і прад’яўляюцца тут.
Наогул, МТЗ стаў для мяне сапраўды родным. Праз гады я прывёў сюды і свайго сына Юрыя, які закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і зараз працуе масцерам першага ўчастка ў чацвёртым механічным цэху.

Павінен шчыра сказаць, што я заўсёды іду на завод з вялікім душэўным пад’ёмам! Абавязкова заўважаю той парадак, чысціню, якія ў апошнія некалькі гадоў сталі правілам для нашага прадпрыемства, бачу ўсё новае, што з’яўляецца на шляху да РМЦ. Упарадкаваны дарогі і пешаходныя дарожкі, пафарбаваны фасады адміністрацыйна-бытавых і вытворчых карпусоў, заменены на сучасныя дзверы і вокны ў іх. Спецыяльна некалькі разоў заходзіў механазборачны цэх № 3, дзе зараз ідзе маштабная рэканструкцыя, каб паглядзець, як па-сучаснаму там рамантуюцца яго вытворчыя ўчасткі. Спілавалі старыя таполі па цэнтральнай алеі, пасадзілі новыя дрэўцы, з’явілася шмат кветкавых кампазіцый не толькі на клумбах, але і ў спецыяльных металічных канструкцыях. Хачу адзначыць, што клапоціцца кіраўніцтва МТЗ і аб заработнай плаце сваіх працаўнікоў, сацыяльных дабротах трактарабудаўнікоў. Усё гэта радуе і падае надзею, што паслядоўна і мэтанакіравана мы будзем рухацца наперад, наш завод будзе развівацца і далей.

І Васіль Віктаравіч асабіста нямала зрабіў і робіць для гэтага не толькі на сваім працоўным месцы. Доўгі час ён актыўна ўдзельнічаў у спартыўным жыцці завода — прымаў удзел у заводскай спартакіядзе па футболу і хакею, іншых відах спорту.

А яшчэ ён выдатна катаецца на каньках, самастойна рамантуе сваю гарадскую кватэру, клапатлівы памочнік для сваёй жонкі, Галіны Міхайлаўны, і яе маці, якая жыве ў вёсцы Харужыцы Лагойскага раёна. Там Васіль Віктаравіч выконвае ўсю неабходную мужчынскую працу, з вялікім задавальненнем бярэцца за яе і атрымлівае не толькі стомленасць, але і найвялікшую асалоду ад зробленага. Там ён адпачывае душой, бо з дзяцінства вельмі любіць родную прыроду ва ўсе поры года. Незвычайны ландшафт Лагойшчыны з яе багатымі на грыбы і ягады лясамі, празрыстымі рачулкамі наталяе яго, аднаўляе сілы пасля заводскага шуму. Там, у вясковым асяроддзі, ён найчасцей святкуе з сям’ёй усе традыцыйныя для беларусаў святы, з сябрамі сустракае Новы год. Адтуль пасля выхадных і святочных дзён яго душа рвецца зноў у свой калектыў да калег і захапляючай працы.

Думка
Генадзь Невяроўскі, начальнік рамонтна-механічнага цэха:
— Сярод слесараў-рамонтнікаў нашага падраздзялення нямала прафесіяналаў самага высокага кшталту. Інакш у нас нельга, бо яны ў нейкай ступені і дэфектолагі, і зборшчыкі, і прыёма-здатчыкі вузлоў і дэталей адначасова. У іх працы абавязкова патрэбна ўменне працаваць у камандзе, не хавацца за спіны іншых, а мець сваю думку, смела выказваць і адстойваць яе.

Знешне сціплы і немнагаслоўны, Васіль Пізюк якраз такі спецыяліст, які вельмі шмат ведае і многае ўмее, але ніколі не засланяе сваім аўтарытэтам менш вопытных, наадварот, заўсёды дае ім магчымасць праявіць сябе, а ў патрэбны момант «уключае» ўвесь свой прафесійны патэнцыял на агульную карысць.

Кіраўніцтва цэха не аднойчы за гады працы Васіля Віктаравіча ў нашым калектыве адзначала яго самаадданую добрасумленную працу, і з’яўленне яго партрэта на заводскай Алеі гонару — не выпадковасць, а заканамернае праяўленне прызнання яго шматгадовых заслуг перад цэхам і прадпрыемства

 

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий