Усе да нас, на «Калядную вёску»!

Наша марка Тема дня

Менавіта гэта запрашэнне на бліжэйшы тыдзень стане самым актуальным вітаннем ад тых, хто працуе на Мінскім трактарным заводзе. 20 снежня ля сквера “70 гадоў МТЗ” урачыста адкрыўся калядны кірмаш.

Гэты незвычайны культурна-забаўляльны праект — першы падобны ў гісторыі прадпрыемства — трактарабудаўнікі рыхтавалі некалькі апошніх месяцаў. І ўрэшце зрабілі прыгожы падарунак не только сабе, але і ўсім жыхарам і гасцям горада. Працаваць “Калядная вёска” будзе напрацягу ўсіх святаў, да 2 студзеня, і завітаць у яе можа кожны, бо гэта той самы выпадак, калі лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць!

Усё пачалося з ідэі святочна ўпрыгожыць дрэвы ў скверы “70 гадоў МТЗ”. Кожны цэх павінен быў прапанаваць нешта сваё. У выніку сквер ператварыўся ў перадсвяточную пляцоўку, што прапануе цікавую вандроўку разам з героямі любімых з дзяцінства казак і мультфільмаў. А людзі, якія штодзённа вырашаюць шмат выключна тэхніч-ных пытанняў, пераканалі ўсіх у тым, што і з творчымі задачамі здольны спраўляцца не горш. Героі казак “Церамок”, “Сямёра казлянятаў”, “Гусі-лебедзі”, “Снежная каралева”, “Канёк-Гарбунок”, “Па шчупаковым загадзе”, “Чырвоны каптурок”, а таксама добрыя знаёмыя Смяшарыкі, Маша і Мядзведзь, Шрэк, тры парсючкі як сімвалы надыходзячага года, і нават вельмі незвычайнае бачанне гогалеўскай Дзіканькі… Чаго тут толькі няма!

Больш за дваццаць цэхаў завода прапанавалі сваю зімовую казку, галоўная асаблівасць якой — яскравая падсветка, якая ўключаецца ў цёмны час. Чыя лепшая — 20 снежня, у дзень афіцыйнага адкрыцця “Каляднай вёскі”, вырашала спецыяльная камісія на чале з першым намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “МТЗ” Тарасам Мурогам.

Для тых, хто жадае адпачыць больш актыўна, тут падрыхтавана некалькі спартыўна-гумарыстычных пляцовак.

Недалёка ад музея МТЗ развярнуўся перадсвяточны гандаль. Кожны дзень – з 12 да 20 гадзін – тут будуць прапаноўваць усё лепшае, што гатуюць майстры камбіната грамадскага харчавання завода. Самае смачнае і свежае – ад кухараў сталовак № 175, заводакіравання, механазборачнай вытворчасці, рэстарана і “Бульбянай”. Сем прыгожых домікаў (так выглядаюць гандлёвыя павільёны) – сем розных прапаноў на любы густ. Кавярня, бульбяная, сувенірная крама, продаж хатніх страў, смажаніны, прысмакаў і нават калядных пернікаў. Апошнія – навіна ад заводскіх кандытараў. Каб духмяных вырабаў на свята хапіла ўсім, кандытарскі цэх працуе і ноччу. Кажуць, за смену нашы майстрыні распісваюць уручную да 50 кілаграмаў такіх прысмакаў! У кожным доміку толькі прадукцыі ўласнай вытворчасці больш за дваццаць найменняў! Піражкі, сальцісон, паштэты, пельмені, дранікі, бліны, рулеты і руляды… Хочаш шашлык – ёсць і з мяса, і з рыбы! Хочаш супу – калі ласка, гарачая юшка з сёмгі! Студзёна на ву-ліцы – каштуй каву, гарбату, глінтвейн, можна і штосьці мацней. Дарэчы, набыць смачны напой можна адразу ў дызайнерскім кубку ці ў стакане з лагатыпам МТЗ.
У павільёне побач можна выкаваць сабе манету “На ўдачу”. Нарыхтоўку, усяго за рубель, можна набыць тут жа, у сувенірнай краме. Хочаш – манету для цябе зробіць спецыяліст, хочаш – вазьмі молат і сам стань кавалём уласнага шчасця!

Гасцей вёскі ўвесь час забаўляюць роставыя лялькі. Не сфатаграфавацца з ладным Парсючком, не павітацца з каларытная Каровай, не паціснуць лапку гарэзлівай Мышы – немагчыма.

На вялікай канцэртнай пляцоўцы – яркія творчыя калектывы і адмысловая праграма. У дзень ад-крыцця “Каляднай вёскі” разам з гасцямі кірмашу былі артысты фальклорна-абрадавай студыі “Варгін”. Музыка, танцы, спевы, старажытныя гульні і цікавыя абрады, напрыклад, “Ката пячы” – цікава і дарослым, і дзецям. Радавалі ўсіх артысты ансамбля Палаца культуры МТЗ “Ігрыца”, спевакі Алена Лебедзева і Андрэй Шумак, а таксама цікавыя музыкі – калядоўшчык Андрэй і пан Зюзя, якія іграюць на піле, гаршках, гладышах, драўляных дошках, місках і нават пральнай дошцы! З гарачым прывітаннем, што было вельмі даспадобы ў халодны снежаньскі дзень, выйшлі на сцэну кубінскія выканаўцы Барбара і Эдуарда. І хаця пачалася праграма раней за тры га-дзіны, афіцыйна Калядную вёску адкрылі Дзед Мароз са Снягуркай. Яны далі зваротны адлік часу, і роўна а пятай гадзіне, як крыху прыцямнела, сквер “70 га-доў МТЗ” расквеціўся сотнямі рознакаляровых агеньчыкаў, ад чаго зімовая казка “загучала” зусім інакш! Каму аддасць перавагу журы конкурсу на лепшае ўпрыгожанне сквера, стане вядома 27 снежня.

Дарэчы, кожны дзень у “Каляднай вёсцы” абяцае новыя ўражанні і разнастайную забаўляльную праграму. Так, дню адкрыцця арганізатары далі назву “Навагоднія прысмакі”. Учора тут ладзілі “Сцюдзёныя гульні”. Сёння абяцаюць “Снежныя чарадзействы” – свята загадак, магіі і навагодніх прадказанняў. Разам з нашай “Ігрыцай” на сцэну выйдуць артысты тэатральнай студыі “Майстэрня ўражанняў”, выканаўцы Святлана Молакава і Алекс Блага. У нядзелю, 23 снежня, нас запросяць на свята беларускай народнай творчасці “Бабулін куфэрак”. У канцэртнай праграме возьмуць удзел народны ансамбль “Мінскія музыкі”, заслужаны калектыў краіны “Дударыкі”, Таццяна Коршук і Сяргей Скаражонак. У панядзелак, 24-га, пойдзем на квест па-беларуску “Зімовае фотапаляванне”. На сцэне будуць Альберт Скараход і Вольга Загадская, тэатр роставых лялек Таццяны Рэдлінай, а яшчэ ансамбль казачай песні “Маме нравится”. На каталіцкія каляды запланаваны спаборніцтвы Дзядоў Марозаў — “Вандроўка па свеце з Дзедам Марозам”. Можна будзе ўбачыць і пачуць артыстаў “Ігрыцы”, фольк-гурта “Росквіт”, студыі эстраднага вакалу “Голас дзяцінства”, узорнага ансамбля танца “Лянок”, тэатра “На Долгом броде”, Дмітрыя Качароўскага і Алену Косараву.

У сераду, 26 снежня, “Калядная вёска” будзе ладзіць тэатралізаванае шоу калядных абрадаў “Навагодняя майстэрня”. Разам з ужо знаёмай нам студыяй “Варгін”, тэатрам гумару “Карусель”, спявачкамі Аленай Лебедзевай і Наталляй Тамелай свае таленты зноў прадэман-струюць пераможцы і ўдзельнікі конкурсу  мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў МТЗ “Пой, Беларус!”. 27 снежня пойдзем па “BELARUSкія падарункі”, бо ў гэты дзень прой-дзе забаўляльная праграма з удзелам сем’яў супрацоўнікаў прад-прыемства “Беларусы – гэта мы!”. Каманда КВЗ “BELARUSы”, таленты “Пой, Беларус!”, “Маме нравится”, “Белы Птах” – далёка не ўсе прыемныя падарункі гэтага дня.
Адным словам, “Калядная вёска” будзе здзіўляць нас кожны дзень! І калі падчас доўгіх выхадных і канікул вы яшчэ не запланавалі адпачынак каля галоўнай прахадной, абавязкова зрабіце гэта. Добры настрой вам гарантаваны!

Ганна КАРАКОВА.
Фото аўтара.



Добавить комментарий