У засені веры

Новости

Наталля ЧЫЖ,
(ДВР «Золак»)

верУ Чырвоным касцёле Мінска адбылася вечарына-прэзентацыя першага нумара новага літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”.

Назва выдання, як растлумачыў яго галоўны рэдактар, азначае “ў засені веры”, таму і пачатак шляху часопіса адбыўся пад заступніцтвам святых Сымона і Алены ў Чырвоным касцёле.

Пачаўся вечар з песні народнага вакальнага гурта “Пліса” і зварота вядомага паэта, барда, намесніка старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў” і галоўнага рэдактара новага літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень” Эдуарда Акуліна. Адразу пасля гэтага былі зачытаны звароты вядомых паэтаў Ніла Гілевіча і Рыгора Бараду-ліна, якія не здолелі прыйсці на паэтычную вечарыну. Таксама віншаванні і пажаданні новаму часопісу, які замяніў часопіс “Першацвет”, выказалі галоўны рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, паэт Анатоль Вярцінскі, пісьменнікі Леанід Дайнэка і Леанід Дранько-Майсюк, галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Сачанка, мастак і паэт, намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.

Гаварылі не толькі ўсім знаёмыя вядомыя мастакі слова. Зачыталі свае вершы таленавітыя юныя паэты, чые творы ўвайшлі ў першы нумар часопіса “Верасень”: Віталь Рыжкоў, які атрымаў прэмію “Залаты Апостраф “Дзеяслова”, Настасся Кухарэнка, Воля Чайкоўская, Елізавета Даменіка Панамарова. Амаль за 200 кіламетраў на “Шчодры вечар” прыехалі прадстаўнікі патрыятычнага клуба “Спадчына”, якія зачыталі свае вершы, прысвечаныя роднай краіне.

У паэтычны вечар спявалі народны вакальны гурт “Пліса” і барды Эдуард Акулін, Таццяна Беланогая і Алеся Сівохіна. Завяршылася прэзентацыя дзвюма песнямі ў выкананні Эдуарда Акуліна. Першую бард прысвяціў сваёй маці. Другую песню пад назвай “Янка Купала” з захапленнем спяваў увесь зал. Не было ніводнага голасу, які б не паўтараў “Янка Купала ідзе!”.



Добавить комментарий