Тры сястры. Тры лёсы. Адзін цэх

Тракторозаводцы

У першым ліцейным іх ведаюць усе. Земляробы ўчастка фармоўкі і выбіўкі Валянціна і Таццяна Семеннік, а таксама машыніст крана плавільнага ўчастка Любоў Тарасевіч — родныя сёстры. Усе тры працуюць на  металургічную вытворчасць МТЗ ужо па некалькі дзесяцігоддзяў, і ўвесь час — толькі ў гэтым цэху і толькі на адным месцы. Валянціна Васільеўна на трактарным з 1981 года, Любоў Васільеўна — з 1983-га, а Таццяна Васільеўна — з 1994-га. Усе тры — паважаныя ў калектыве і заслужаныя людзі, неаднаразова мелі падзякі ад кіраўніцтва цэха і завода, іх партрэты змяшчаліся на цэхавай Дошцы гонару. Вось і зараз партрэт малодшай з іх, Таццяны Семеннік, знахо-дзіцца на заводскай Алеі гонару перадавікоў вытворчасці. Шмат раней такога ж прызнання была ўдастоена і старэйшая сястра, Валянціна Васільеўна.

— Гэта я ўсіх сабрала на трактарным, паказала правільнае месца, дзе трэба працаваць, — і жартам і ўсур’ёз кажа Валянціна Семеннік. — І прыклад, як трэба працаваць, таксама паказвала малодшым сёстрам я. Нас бацькі да працы прывучылі, так што мне не сорамна было прасіць за сясцёр, каб іх узялі на завод. Я была ўпэўнена ў тым, што яны не пасаромяць наша прозвішча.

У вялікай сям’і Васіля Іосіфавіча і Марыі Якаўлеўны Семеннік было пяцёра дзяцей: старэйшы сын Васіль, за ім — Валянціна, Леанід, Любоў і Таццяна. Бацькі — будаўнік і даярка — ад цямна да цямна працавалі, а гаспадарку — заўсёды дзве каровы, каня, свіней, трусоў і мноства птушкі — даглядалі дзеці. Яны ж адказвалі і за парадак на падворку і ў хаце. Летам яны былі абавязаны таксама палоць грады, бульбяныя соткі, збіраць грыбы і ягады, займацца нарыхтоўкай іх на зіму. Добра, што побач з іх роднымі Крыўкамі Чашніцкага раёна раскінуўся лес, працякае невялічкая рэчка Эса, дзе браты яшчэ ў дадатак і рыбу вудзілі.

Да часу сталення кожны з сям’і Семеннік умеў усё, што патрэбна для самастойнага жыцця. Таму, як толькі заканчвалі Красналуцкую школу, яны сме-ла пакідалі бацькоўскую хату. Вялянціна са сваёй такой жа сяброўкай-летуценніцай рушылі ў… расійскі горад Гусь-Хрустальны. На здзіўленне, сталі працаваць там не на зна-камітым шклозаводзе, а швачкамі-матарысткамі. Шмат чаго новага спазналі сельскія дзяўчаты ў гэтым незнаёмым горадзе, толькі родны край моцна клікаў іх да сябе. Не раз яны спявалі на чужыне мілагучныя беларускія песні і, абняўшыся, плакалі ад суму па радзіме. Праз пару гадоў Валянціна ўжо шыла трыкатажныя вырабы на Жодзін-скай фабрыцы «Світанак».

А потым вырашыла паехаць у Мінск. Яе прынялі на нашым заводзе. Няпроста было пры-звычаіцца да зусім іншай і вельмі цяжкай працы земляроба на МТЗ, але ўпартасць і працавітасць зрабілі сваю справу, і літаральна за некалькі месяцаў Валянціна стала выконваць даручаныя заданні нароўні з вопытнымі прафесіяналамі. Асвоіўшыся на новым месцы, яна пераканала перайсці на трактарны і сярэднюю сястру. Люба ўжо была ў Мінску, працавала машыністам крана на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава, так што прафесію ёй мяняць не прыйшлося і яна вельмі арганічна ўлілася ў калектыў плавільнага ўчастка.

І дзве сястры ўжо былі разам.

— Валя каго хочаш угаворыць, — кажа Таццяна Васільеўна. — Як яна прыязджала дадому, то так цікава расказвала пра трактарны завод і яго лю-дзей, пра свайго старшага май-стра Міхаіла Мікалаевіча Дудзін-скага, пра сваю калегу, яго жонку, Лідзію Іванаўну. А са старэйшай сястрой з маіх сямі гадоў часта да нас прыязджала і Алена Баляславаўна Цівунчык, якая таксама была ў захапленні ад сваёй нялёгкай, але такой па-трэбнай працы. Я ўсё дзяцінства марыла пра Мінск і трактарны завод. А потым, калі ўжо вучаніцай старэйшых класаў самастойна прыязджала на канікулах да сясцёр у Мінск, бывала, еду праз мост з боку вуліцы Радыяльнай, адчуваю, які ад ліцейных цэхаў смурод ідзе, і думаю, што ніколі тут не буду працаваць. Цяпер жа гэта дарагія мне пахі — калі яны рассцілаюцца над наваколлем, значыць, працуюць «ліцейкі» і завод, значыць, сыдуць з канвеераў нашы прыгажуны-трактары, у якіх ёсць доля і нашай працы.

Калі ўпершыню я прыйшла ў свой цэх, было па-сапраўднаму страшна. Пыл, шум… Але якія тут цудоўныя людзі! Наша Валя ў той час пайшла ў дэкрэт, а я трапіла вучаніцай якраз да Алены Баляславаўны Цівунчык. Яна мяне навучала ўсім асновам прафесіі. А яшчэ мне шмат вытворчых і жыццёвых урокаў у той час даў мой першы старшы майстар Міхаіл Мікалаевіч Дудзінскі. Тады я пастаянна была на бегунках, а зараз у працэсе нарыхтоўкі фармовачнай сумесі нам прыходзіцца працаваць і на прыёмцы адпрацаванай сумесі, і на падрыхтоўцы яе да змешвання, на тых жа бегунках, на падрыхтоўцы гліністай суспензіі, размеркаванні фармовачнай сумесі па канвеерах, якія вырабляюць ліцейныя формы. Зараз на гэтых аперацыях працуе наша брыгада з сямі чалавек на чале ўсё з той жа Аленай Баляславаўнай: сама мая добрая настаўніца плюс я, мая Валянціна, Валянціна Радзько, Наталля Логінава, Алена і Святлана Саковіч. Працуем дружна, дапамагаем адна адной усюды, дзе трэба.

Тры сястры — дружныя і добразычлівыя, яны моцна сябруюць паміж сабой. Валянціна разам з мужам выгадавалі двух сыноў, якія ўжо трывала стаяць на нагах, Таццяна выхоўвае пятнаццацігадовую дачушку. Усе яны, і Люба з мужам, вельмі любяць бываць у бацькоўскай хаце, якую сваімі рукамі пераўтварылі ў сучасны прыгожы будынак. Аднавілі і традыцыйную на Віцебшчыне баньку, без якой там няма ніводнага падворка.

На зайздрасць суседзям у Семеннікаў і агарод, Таццяніны кветнікі з шыкоўнымі півонямі ды вяргінямі.

— А як збяромся ўсе разам, то наўспамінаемся ды наспяваемся ад душы! — распавядае Любоў Васільеўна. — Мы ўсе вельмі любім спяваць. Наша мама мела незвычайна прыгожы голас. Дзед граў на цымбалах, яго брат — на скрыпцы. Так што мы з сям’і музыкаў.

Я таксама гарманіст-самавучка, заўсёды магу падхапіць ці на гармоніку, ці на гітары мелодыю любой песні. А заспяваем мы — глядзіш, да нашай хаты і з аднаго канца Крыўкаў, і з другога аднасяльчане падцягваюцца, падхопліваюць нашы песні. З імі мы таксама ўспамінаем былое, яны пра жыццё сваё, пра нашых аднагодкаў расказваюць, каго куды лёс закінуў, пра завод наш распытваюць і вялікую павагу да яго славы выказваюць. А мы ганарымся тым, што працуем на гэтым сусветна вядомым прадпрыемстве.

Думкі
Мікалай ЗАХАРЧЭНЯ, старшы майстар участка фармоўкі і выбіўкі ліцейнага цэха № 1:
— Валянціна Васільеўна і Таццяна Васільеўна Семеннік заняты вельмі і вельмі нялёгкай і адказнай працай. Ад іх прафесіяна-лізму залежыць у канчатковым выніку і якасць атрымліваемых адлівак, і бяспека працы заліўшчыкаў. Гэтыя нашы добрасумленныя працаўніцы, як і іх калегі, за-слугоўваюць толькі вялікай падзякі за шматгадовае адказнае выкананне сваіх абавязкаў. У нашым калектыве іх вельмі паважаюць, да іх парад прыслухоўваюцца. Валянціна Васільеўна — член нашага невялічкага органа самакіравання — савета брыгады. А гэта таксама гаворыць пра тое, што з яе пунктам гледжання лічацца калегі і кіраўніцтва ўчастка.

Міхаіл ДУДЗІНСКІ, старшыня цэхавага прафсаюзнага камітэта першага ліцейнага цэха:
— Гэтыя тры сястры, Валянціна, Любоў і Таццяна, найперш прафесіяналы ў сваёй надзвычай цяжкай працы. Самы меншы стаж — у Таццяны, але і ён складае ўжо амаль чвэрць стагоддзя.

За гэты час можна добра спазнаць чалавека. І я ведаю іх усіх траіх. Усе яны аптымісткі, актыўныя і ініцыятыўныя, заўсёды гатовыя падтрымаць разумныя прапановы і зацікавіць добрай справай сваіх таварышаў. Люба не аднойчы выступала за цэх на спаборніцтвах па спар-тыўным арыентаванні, Валя і Таццяна ўдзельнічалі ў лыжных спаборніцтвах.

Яны шчырыя, прыгожыя, усмешлівыя, добразычлівыя, надзвычай пазітыўныя жанчыны. Гонар і хвала ім за шматгадовы ўклад у агульную справу цэха!

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий