Таццяна Рогач: «Ніводнага разу ў жыцці мне не хацелася пакінуць сваю працу»

Тракторозаводцы

Свідравальшчыца чацвёртага ўчастка першага механічнага цэха Таццяна Рогач на маё пытанне, за якія заслугі яна ўдастоена такой пашаны — быць занесенай на завадскую Алею гонару напярэдадні 70-гадовага юбілею МТЗ, крышачку бянтэжыцца і зазначае:

— Нічым асаблівым мая праца не вызначаецца: я проста добрасумленна выконваю ўсё, што ад мяне патрабуецца, што ад мяне залежыць. Мне нават няёмка перад сваімі таварышамі, бо без усякай кампліментарнасці з поўнай упэўненасцю я павінна сказаць, што на нашым участку за шчырую самаадданую працу кожнаму рабочаму можна даваць не толькі завадскія, але і дзяржаўныя ўзнагароды. Вось, да прыкладу, побач са мной ужо многія гады самым адказнейшым чынам выконвае ўсё даручанае адна з вопытнейшых свідравальшчыц Тамара Зубчонак і бездакорная ва ўсіх адносінах зубарэзчыца Таццяна Баскава.

Нягледзячы на тое, што праца наша зусім не з лёгкіх, усе мы стараемся выконваць свае абавязкі так, каб забяспечыць неабходнымі дэталямі галоўны канвеер і каб да якасці нашай працы не было ніякіх пытанняў. На ўчастку ў нас працуюць пераважна жанчыны, зараз мы апрацоўваем абгонную шасцярню задняй трансмісіі вагой да сямі кілаграмаў кожная. Пакруціш у руках за змену не менш сямідзесяці такіх дэталяў — адчуеш добрую ламату ў спіне, у руках, у нагах… Але вопыт і жаданне працаваць, узаемаразуменне і ўзаемападтрымка вельмі дапамагаюць у нашай справе…

А ў Таццяны Адамаўны на сённяшні дзень ужо амаль трыццацішасцігадовы вопыт трактарабудаўніка, які ўнёс свой значны ўклад у развіццё нашага прадпрыемства.
Яна вырасла ў вёсцы Кунашы Стаўбцоўскага раёна, скончыла Рочавіцкую васьмігодку, а затым атрымала сярэднюю адукацыю ў Івянцы і, як большасць яе адна-класнікаў, рушыла ў сталіцу. Вучылася Таццяна добра. Яна вырашыла звязаць свой лёс з пра-слаўленым Мінскім трактарным, а дзеля гэтага паступіла ў Мінскае гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 94 машынабудаўнікоў, тады базавае па падрыхтоўцы спецыялістаў рабочых прафесій для МТЗ. Вытворчую практыку праходзіла ў першым механічным. Кемлівая, спрытная і працавітая дзяўчына спадабалася на ўчастку, і майстар пры развітанні пажартаваў: «Прасі накіраванне ў першы механічны, часам, калі праспіш, то ад прахадной вельмі блізка будзе бегчы. Запрашаем!»

Таццяне спадабалася ў цэху дабразычлівая атмасфера і выбраная ёй спецыяльнасць фрэзероўшчыцы. Таму летам 1980-га яна са шчырымі памкненнямі і надзеямі прыйшла менавіта сюды, стала за фрэзерны станок. Так пачалася яе працоўная біяграфія.

— Спачатку вельмі хвалявалася, — успамінае Таццяна Адамаўна. — І праспаць баялася, і норму выконвала з напружаннем. Але побач былі добрыя людзі, якія ўмелі своечасова падтрымаць і суцешыць. Асабліва мне помніцца непадробная бацькоўская дабрыня старшага майстра Канстанціна Крыцкага і зменнага Сяргея Цырцанава. Гэта былі вельмі ўважлівыя людзі і прафесіяналы высокага ўзроўню, якія самі маглі выканаць любую аперацыю на любым станку і паказаць, як гэта больш тэхналагічна, лаўчэй і хутчэй зрабіць, як арганізаваць працоўнае месца, каб справа ішла больш прадуктыўна. Яны ж вучылі разумець і паважаць сваіх таварышаў па цэху, ладзіць з усімі шчырыя сяброўскія адносіны. Іх настаўленні аказаліся мне і такім жа маладым рабочым, як я, карыснымі праз усё працоўнае жыццё. Праўда, многія з маіх аднагрупнікаў не вы-трымалі інтэнсіўнага завадскога рытму. У тыя часы мы, бывала, працавалі і па дзве змены, а часам заставаліся і ў трэцюю, выраблялі па 12—15 тысяч дэталяў для каробкі перамены перадач у месяц. Частка з тых, з кім мы разам пачыналі першыя крокі ў прафесіі, завербаваліся на Байкала-Амурскую магістраль, іншыя пайшлі шукаць лёгкага хлеба па Мінску. А я прырасла да гэтага ўчастка душой. Мяне тут усё задавальняе: і шчырасць нашых людзей, і здзельная заработная плата, пры якой, калі чалавек хоча атрымаць больш, трэба прыкласці больш намаганняў — і будзеш мець лепшыя грошы. Апроч таго, мне амаль адразу пасля накіравання выдзелілі месца ў першым завадскім інтэрнаце, дзе было вельмі весела і цікава, бо кругом актыўная, задорная і мэтанакіраваная моладзь. Мы ўсё рабілі разам — ладзілі спартыўныя спаборніцтвы, сумесныя святы, гуртам хадзілі ў кіно, на танцы ў дзевяты інтэрнат. І каханне сваё я знайшла тут жа, на сваім вытворчым участку. Анатоль быў наладчыкам, а затым слесарам-механікам.

Таццяна з Анатолем стварылі дружную сям’ю, выгадавалі дваіх дзяцей. Іх любоў да сваёй працы, паважлівае стаўленне да завода і яго людзей паўплывалі і на выбар месца працы іх блізкіх. Яны сталі пачынальнікамі працоўнай завадской дынастыі.

Неўзабаве пасля Таццяны прыйшоў на Мінскі трактарны яе адзіны малодшы брат, Мікалай, які працуе вадзіцелем у ахове завода. Малодшая дачушка Анатоля і Таццяны, Вольга, шчыруе на пасадзе інжынера вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення. Муж старэйшай дачкі, Вікторыі, Аляксандр Мартынаў — вадзіцель-даследчык у корпусе зборкі трактароў. Там жа працуе бухгалтарам і швагерка Таццяны, Наталля.

— Калі мы збіраемся разам, найважнейшая з тэм нашых гутарак — МТЗ, — кажа Таццяна Рогач. — І пра людзей завода, і пра якасць нашай тэхнікі, і пра будучае прадпрыемства мы можам гаварыць гадзінамі. Ну, а ў гэтыя юбілейныя дні не толькі блізкія, але і суседзі, і знаёмыя пастаянна цікавяцца справамі завода, яго святочнымі ўрачыстасцямі.

А разам уся сям’я найчасцей збіраецца на радзіме Таццяны, у Кунашах. Там заўсёды іх чакае мама і бабуля, Вольга Іванаўна. Кожныя выхадныя дні, усе святы і сама Таццяна, і хто можа з яе сямейнікаў спяшаюцца ў вёску, каб дапамагчы любімай матулі ў садзе ды агародзе, дагле-дзець пабудовы. Брат і зяць Таццяны Адамаўны маюць у Кунашах сваё зацікаўленне. Абодва яны заядлыя паляўнічыя і вельмі ўдзячныя Вользе Іванаўне за тое, што яна ўтрымлівае там іх паляўнічых сабак. У грыбную пару ўсе стараюцца патрапіць на «ціхае паляванне» і перамагчы ў спаборніцтве па колькасці са-браных баравікоў. А яшчэ для іх сям’і магнетычная сіла прыцягнення — святочныя застоллі з задушэўнымі песнямі. На Каляды, Вялікдзень, Сёмуху, у дні нараджэння яны стараюцца са-брацца ўсе разам, каб атрымаць асалоду ад бабуліных і матуліных песень. «Мае вочы чорныя», «Чарка на пасашок», «Агней так многа залатых» у іх выкананні пры падтрымцы Мікалая набываюць своеасаблівую цеплыню і мілагучнасць. Калі ж бывае ў гасцях у прабабулі дзесяцігадовая ўнучка Таццяны Паліна — уся ўвага яе спеўнаму таленту. Дзяўчынка ўзяла яго ад прабабулі і бабулі, усур’ёз займаецца вакалам і нават паспяхова ўдзельнічае ў конкурсах. Але самыя дабразычлівыя і ўдзячныя яе прыхільнікі — тата, мама, дзядзькі і цёткі, бабуля, прабабуля і двухгадовы брацік Антон, які падпявае і прытанцоўвае пад песні сястрычкі.

— Мая матуля і сям’я — самае дарагое, што ў мяне ёсць, — сазнаецца Таццяна. — Таксама мне дарагі завод, з якім звязана ўсё маё жыццё. Я ўдзячна ўсім, з кім звёў лёс на ўчастку, за цеплыню адносін, а кіраўніцтву ўчастка, цэха і завода — за тое, што так высока ацанілі маю працу. Дай Бог, каб наш завод квітнеў, каб і надалей яго калектыў быў такім жа дружным, а нашы машыны — запатрабаваны ва ўсім свеце!

Тамара ЗУБЧОНАК, свідравальшчыца ўчастка № 4 першага механічнага цэха:
— Таццяна Рогач дужа харошая, адказная і працавітая жанчына. Нам вельмі прыемна, што на завадской Алеі гонару напярэдадні 70-годдзя прадпрыемства заслужана размешчаны менавіта яе партрэт: сціплай працаўніцы, якая не толькі абучыла сваёй прафесіі, але і прывіла да яе любоў многім маладым. Бескарысліва і дабрасардэчна яна гатова дапамагчы кожнаму члену нашага невялічкага калектву, падтрымаць добрым словам ці справай.

Мы ад усёй душы віншуем Таццяну Адамаўну з высокай узнагародай і жадаем заўсёды працаваць гэтак жа адказна і яшчэ шмат гадоў заставацца ў адзіных працоўных шэрагах з намі!

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий