Сяргей Сінягуб: «У вырашэнні мноства вытворчых задач я заўсёды адчуваю падтрымку калег»

Тракторозаводцы

З самага дзяцінства цяперашні намеснік начальніка рамонтна-механічнага цэха МТЗ па тэхнічнай частцы Сяргей Сінягуб быў звязаны з сельскагаспадарчай тэхнікай. Ён рос у вёсцы Рабак Слуцкага раёна. Яго бацькі працавалі ў заможным калгасе імя Тэльмана. Маці, Марыя Раманаўна, была паляводам, бацька, Уладзімір Антонавіч, — механізатарам. Калі Сяргей быў у малодшых класах, ранняй вясной бацька часта браў пасля заняткаў старэйшага сына з сабой араць калгасныя палеткі на пяцідзясятым «Беларусе», а пасля восьмага класа цэлых десяць сезонаў юнак быў у бацькі памочнікам камбайнера на жніве.

— Гэта была вельмі нялёгкая праца, — успамінае Сяргей Уладзіміравіч. — Перш трэба было падрыхтаваць камбайн — разабраць яго, перабраць, змазаць, сабраць зноў, затым прайсці тэст на гатоўнасць: ужо на спелым участку камбайн заходзіў у поле, пачынаў жаць і малаціць над рассцеленым брызентам, а ўсе ўдзельнікі выпрабаванняў пільна сачылі, каб ніводнае зернечка не высыпалася на зямлю.

Захапляючай была і праца памочніка, але найбольшае шчасце было, калі на лягчэйшых палетках бацька даваў мне самому пасядзець за штурвалам камбайна. Тады я адчуваў сябе па-сапраўднаму дарослым: спрытна рэгуляваў абароты, то апускаючы ўніз, то падымаючы ўверх жатку, стараўся, каб пожня за мной заставалася такой жа невысокай і роўнай, як у сталых камбайнераў, з асалодай дыхаў на поўныя грудзі невыказна салодкім пахам свежанамалочанай збажыны. А з якім азартам калгасныя экіпажы спаборнічалі на сваіх «Нівах» у намалотах, стараючыся як мага раней выйсці ў поле! І колькі было радасці, калі мы з бацькам перамагалі! Дома ўжо апоўначы мама звычайна чакала нас з чанам нагрэтай вады і смачнай вячэрай. Памыліся, перакусілі, паспалі пару гадзін — і зноў на камбайн. Школьнікам я не мог дачакацца летніх канікулаў, калі ўжо працаваў — адпачынку, каб зноў і зноў паспытаць хлебаробскую радасць жніва. Пры гэтым пры ўсёй неабходнасці грошай у сям’і яны не былі галоўнымі: было жаданне працаваць, быць роўным з лепшымі, карысным для грамадства.

Сяргей Уладзіміравіч прызнаецца, што хацелася яму застацца працаваць у родным калгасе, але бацькі настойвалі, каб, «як людскія талковыя дзеці», ехаў вучыцца ў горад.
Ён цвёрда вырашыў звязаць свой лёс з тэхнікай і ў 1980 годзе паступіў у Мінскае прафе-сійна-тэхнічнае машынабудаўнічае вучылішча № 94. Праз год скончыў яго на «выдатна», атрымаўшы спецыяльнасць «фрэзероўшчык». Размеркаваўся на Мінскі трактарны завод, пачаў працаваць у цэху доследнай вытворчасці № 1, паступіў на вячэрняе аддзяленне машынабудаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. Але літаральна праз два тыдні ад пачатку працы юнака забралі ў армію. Служыў ён у элітных войсках — абараняў галоўны штаб ракетных войскаў СССР. Да прыроджанай добрасумленнасці і працавітасці ў яго характары выпрацаваліся і дадаліся дысцыплінаванасць, адказнасць і гатоўнасць бездакорна выконваць пастаўленыя перад ім задачы.

З гэтым багажом Сяргей Сінягуб і вярнуўся ў цэх доследнай вы-творчасці № 1 МТЗ, на вучобу ў політэхнічны інстытут. Адпрацаваўшы дзесяць гадоў у гэтым цэху спачатку фрэзероўшчыкам, а затым майстрам службы механіка, Сяргей Уладзіміравіч быў запрошаны ў аддзел галоўнага механіка, дзе зноў жа дзесяць гадоў у якасці інжынера-механіка спачатку трэцяй, а потым другой катэгорыі, начальніка бюро займаўся пусканаладкай асабліва складанага абсталявання.

— У 1990-я гады завод набываў шмат новай высокатэхнала-гічнай тэхнікі, — успамінае Сяргей Сінягуб. — Разам са спецыялістамі цэхаў тэхналагічнага абсталявання, будаўніцтва і добра-ўпарадкавання, наладчыкамі Мінскага і Баранавіцкага заводаў аўтаматычных ліній мы ўсталёўвалі і запускалі ў другім і чацвёртым механічных цэхах, цэхах малых серый і № 92 новыя аўтаматычныя лініі і апрацоўчыя цэнтры, якія стабільна працуюць і сёння. Гэта была цікавая, творчая праца заўсёды з навейшым абсталяваннем, з многімі высокакваліфікаванымі спецыялістамі і нашага завода, і прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў. А для мяне заўжды ўсё новае — гэта не толькі прафесійная, але і ўнутраная неабходнасць дасканала вывучыць і засвоіць яго. У гэтым мне вельмі шмат дапамагаў начальнік групы пусканаладачных работ Аляксей Ніканавіч Савельеў. Ён займаўся зубарэзным і зубадзяўбальным абсталяваннем. У выніку, бывала, здаралася так, што пасля ад’езду наладчыкаў толькі я ведаў, як упраўляць новай лініяй, таму мяне не раз прасілі пасля сваёй змены стаць да аўтаматычнай лініі і вырабляць дэталі. Так было ў свой час і ў другім, і ў чацвёртым механічных цэхах.

Мне вельмі падабалася мая праца. Але пятнадцаць гадоў таму, у 2000-м, былы начальнік рамонтна-механічнага цэха, вельмі паважаны мною чалавек, Уладзімір Сяргеевіч Рэдзькін запрасіў мяне да сябе ў намеснікі па тэхнічнай частцы. Не адразу, але ўсё ж я згадзіўся.

З той пары ў жыцці Сяргея Уладзіміравіча пачаўся новы этап. На яго сённяшняй пасадзе значна больш арганізацыйных абавязкаў, больш адказнасці за людзей, за зручныя і камфортныя ўмовы іх працы і вытворчага быту.

— Акрамя клопату пра тэхнічнае пераабсталяванне, распрацоўкі арганізацыйна-тэхнічнага плану, тэхзаданняў на мадэрнізацыю, у цэху хочацца зрабіць усё магчымае, каб людзі маглі і працаваць, і адпачыць, і да працы падрыхтавацца, і дадому сабрацца ў дастойных умовах, — распавядае Сяргей Уладзіміравіч. — Стан вытворчых і бытавых памяшканняў, падрыхтоўка да асенне-зімовых халадоў, культура вы-творчасці, атэстацыя працоўных месцаў, ахова навакольнага асяроддзя — гэта толькі вяршыня таго айсбергу пытанняў, якімі займаецца намеснік начальніка цэха па тэхнічнай частцы. Прыемна тое, што ў вырашэнні гэтага мноства задач я заўсёды адчуваў і адчуваю падтрымку майго непасрэднага кіраўніка — начальніка нашага цэха Генадзя Невяроўскага, старшыні цэхавага прафсаюзнага камітэта, начальніка участка Мікалая Уласевіча, былых намесніка начальніка цэха па вы-творчасці Івана Глебко, энергетыка цэха Анатоля Панамарова, старшага майстра Паўла Рошчына. Ды і да кожнага члена нашага трывалага і прафесійнага калектыву я магу звярнуцца па параду ці з просьбай і, упэўнены, знайду поўнае разуменне і падтрымку.

— Калі мой партрэт быў змешчаны на Алеі гонару, вельмі прыемна было тое, што падыходзілі з віншаваннямі не толькі добра знаёмыя людзі з рамонтна-механічнага, але і малазнаёмыя, а таксама тыя, з кім давялося сумесна працаваць, калі быў яшчэ ў аддзеле механіка, — кажа Сяргей Сінягуб. — Такая высокая ацэнка маёй працы на гэтым праслаўленым прадпрыемстве змушае працавать з яшчэ большым натхненнем.

Самым важным у справе Сяргей Уладзіміравіч лічыць добрасумленную працу на карысць Мінскага трактарнага завода і яго надзвычай працавітых і шчырых людзей. А ў людзях мой герой найбольш цэніць далікатнасць, годнасць, працавітасць і бясхітраснасць. Свайму заводу ён ад усёй душы жадае пастаяннага тэхнічнага пераўзбраення, асваення навейшых тэхналогій, а яго людзям — моцнага здароўя, дабрабыту і матэрыяльнага дастатку.

Сяргей Уладзіміравіч з удзячнасцю гаворыць, што яго вытворчыя поспехі не былі б такімі заўважнымі, калі б не было пастаяннага ўзаемаразумення і падтрымкі ў сям’і. Яго жонка, Вольга Мікалаеўна, кантралёр СП ТАА «Мілавіца», і дачка Таццяна, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лядовых відах спорту, — надзейныя саюзнікі і верныя сябры, якія падзяляюць яго жыццёвыя памкненні.

— Калі расла дачушка, у нас была трывалая сямейная традыцыя — штогод разам ездзіць у адпачынак на завадскія базы на Азоўскім і Чорным моры, пазней — на ўласным аўтамабілі ў Крым, затым разам ляталі ў Балгарыю. А зараз ужо ў дачкі свая сям’я. Але мы часта сустракаемся і застаемся вельмі блізкімі сябрамі, даем адно аднаму парады.

А з жонкай апошнія тры гады ўзяліся аднаўляць сядзібу яе бацькоў, якая дасталася ёй у спадчыну. І аказалася, што мне вельмі падабаецца самому будаваць, рабіць штосьці сваімі рукамі. Апроч рамонтных работ зрабіў там альтанку, прыгожую надбудову над водаправоднай свідравінай. Цяпер будоўля — маё сапраўднае хобі.

Настолькі, што адклаў у бок кнігі, якія былі маімі вернымі спадарожнікамі праз усё жыццё (спадзяюся, на час). Нават у войску пры ўсім дэфіцыце часу знаходзіў хаця б некалькі мінут у суткі, каб пачытаць. Ужо ў пятым класе адолеў дванаццацітомнік Аляксандра Дзюма, потым запоем чытаў рускую і беларускую класіку. Асабліва мне падабаліся творы пра жыццё дваран і памешчыкаў дарэвалюцыйнай Расіі.

Затым быў этап захаплення фантастыкай, дэтэктывамі. Словам, не адарваць было ад кнігі. Зараз жа — кожныя выхадныя ў вёсцы, дзе наша сям’я ставіць перад сабой усё новыя і новыя задачы.

— Сяргей Уладзіміравіч чалавек мэтанакіраваны і адказны і ў сямейных, і ў вытворчых справах, і калі ён вырашыў што-небудзь зрабіць, абавязкова гэта будзе зроблена, — кажуць пра яго калегі. — І тое, што яго партрэт зараз на Алеі гонару, — гэта не выпадковасць, а абсалютная заканамернасць: па працы і гонар.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий