Сяргей Козыраў: «Каб у сутках было гадзін 50, я б патраціў іх на зносіны з блізкімі, творчы пошук»

Тракторозаводцы

Першага жніўня споўніцца роўна 17 гадоў, як бакалаўр тэхнічных навук, зараз начальнік бюро прадастаўлення і падтрымкі сэрвісаў упраўлення інфармацыйных тэхналогій ААТ «Мінскі трактарны завод» Сяргей Козыраў упершыню перайшоў за прапускны пункт памяшкання заводакіраўніцтва нашага прадпрыемства.

— Мой выбар месца працы пасля заканчэння ў 2001 годзе Беларускай палітэхнічнай акадэміі быў не проста свядомы, а нават настойлівы, — успамінае той час Сяргей Мікалаевіч. — Бо тут з 1972 года працаваў спачатку гальванікам у цэху № 93, а затым начальнікам змены ў цэху № 96 механазборачнай вытворчасці мой бацька, Мікалай Міхайлавіч Козыраў, і якраз у тым годзе ён выходзіў на пенсію, таму я цвёрда вырашыў таксама стаць трактарабудаўніком. А праз год услед за мной прыйшоў на Мінскі трактарны мой малодшы брат, Юрый, які і зараз працуе вадзіцелем у транспартным цэху. Далей — больш. У нашым бюро я сустрэў сваю другую палавінку, з якой мы разам ужо звыш дзесяці гадоў.

Дапытлівасць і адказнае стаўленне да ўсяго, што бярэцца рабіць, мой суразмоўца праяўляў з маладых гадоў. Яшчэ навучаючыся ў палітэхнічнай акадэміі пад кіраўніцтвам дацэнта Аляксея Анісімавіча Маскаленкі, ён прымаў удзел у даследаванні і распрацоўцы прынцыпаў пабудовы алгарытмічнага праграмнага інфармацыйнага забеспячэння балансаў электраэнергіі аб’яднанай энергасістэмы Беларусі карпаратыўнай сеткі канцэрна «Белэнерга», а таксама ў распрацоўцы палажэнняў праграмнага забеспячэння, тыповых форм па ўдасканаленні дакументазвароту ўліку спажываемай электраэнергіі і платы ў рэгіянальных энерганаглядах на базе стварэння карпаратыўнай камп’ютэрнай сеткі гэтага ж канцэрна.

Гэтыя навуковыя працы дапоўнілі выдатную тэарэтычную падрыхтоўку добрасумленнага студэнта практычнымі ведамі і навыкамі, таму, калі Сяргей Козыраў уліўся ў калектыў упраўлення інфармацыйных тэхналогій МТЗ, яму не было складана асвоіцца тут.

— Аднак пакуль не ўніклі ў сутнасць справы, і я, і мой калега Дзмітрый Шыла, які прыйшоў сюды ў адно лета са мной, толькі пасля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, не давалі спакою вопытным супрацоўнікам бюро сваімі просьбамі паказаць ды расказаць, — кажа Сяргей Мікалаевіч. — Спатрэбіўся час, каб авалодаць неабходнай для ўпэўненай сістэмнай працы інфармацыяй. І я мушу зазначыць, што нямала часу, бо справа наша вельмі захапляючая, можна нават сказаць, што ўсёпаглынальная, але вельмі патрабавальная да твайго стаўлення да яе. Ёй нельга навучыцца раз і назаўсёды, ёй нельга займацца час ад часу, яна неадступна разам з табой і за рабочым сталом, і ў галаве тваёй дома, на адпачынку, ці то дзень, ці ноч.

Апантаны IT-тэхналогіямі, здольны працаваць на карысць агульнай справы, Сяргей Козыраў ужо хутка два гады ўзначальвае бюро прадастаўлення і падтрымкі сэрвісаў. Зараз ў сферы адказнасці гэтага падраздзялення УІТ — падтрымка ў працаздольным стане каля трох з паловай тысяч камп’ютараў і больш за сто сервераў, на якіх акумуляваны амаль усе вылічальныя магутнасці нашага прадпрыемства.

— Гаспадарка, варта заўважыць, не маленькая, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. — Але з такой дружнай мэтанакіраванай камандай, як наша бюро, невырашальных задач няма. Мы забяспечваем першую заводскую лінію тэхнічнай падтрымкі карыстальнікаў карпаратыўнай інфармацыйнай сістэмы, уключаючы цэнтр апрацоўкі дадзеных у ААТ «МТЗ». Пры гэтым мы працуем у такой сферы, дзе немагчыма зрабіць штосьці раз і назаўсёды, дзе ідзе пастаяннае ўдасканаленне і абнаўленне. Напрыклад, на сённяшні дзень мы з’яўляемся ініцыятарамі пачатку ўкаранення на Мінскім трактарным заводзе IP-тэлефаніі. Справа ў тым, што амаль 60-гадовыя лініі сувязі, якія зараз выкарыстоўваюцца трактарабудаўнікамі, безнадзейна маральна і фізічна састарэлі. Мы спадзяёмся, што ў выніку гэтага тэхналагічнага абнаўлення зможам поўнасцю забяспечыць завадчан пашыраным пакетам сэрвісаў і, апроч галасавой сувязі, прадаставіць нашым карыстальнікам відэа-канферэнц-зносіны і іншыя перавагі сучаснай тэлефаніі.

У апошнія гады мы таксама ўдасканалілі адмоватрываласць заводскіх лакальных сетак са знешнімі сэрвісамі, у тым ліку, сеткай Інтэрнэт. Забяспечваюць нас гэтымі паслугамі два найбуйнейшыя беларускія правайдэры «Белтэлекам» і «BASNET».

Трэба сказаць яшчэ, што мы працуем не толькі ў межах Мінскага трактарнага завода, але таксама бяром удзел у забеспячэнні пакуль што частковага ўзаемадзеяння паміж інфармацыйнымі сістэмамі суб’ектаў тавараправодзячай сеткі ў Беларусі і Расіі і галаўным прадпрыемствам ААТ «МТЗ». Развіццё гэтай сістэмы дасць інтэрфейсы па аўтаматызацыі працы сэрвісных службаў, што дазволіць аб’яднаць іх у адзінае інфармацыйнае поле. А надалей выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій дазволіць нам аб’яднаць у адзіную інфармацыйную прастору ўсе службы ААТ «МТЗ», а таксама прадпрыемствы, што ўваходзяць у склад «МТЗ-ХОЛДЫНГА».

Як кіраўнік бюро, я разумею, што толькі калектыўная праца нашай каманды дасць паўнавартасныя вынікі, таму з вялікай павагай стаўлюся да сваіх калег. Я добра памятаю, з якім цярпеннем і тактам вучыў мяне мой першы вытворчы настаўнік, кіраўнік першага бюро, у якім я пачынаў сваю працу, Юрый Уладзіміравіч Кабылінскі, як ён быў задаволены маімі нават нязначнымі поспехамі, таму імкнуся заўважаць і матываваць усё станоўчае, што адбываецца ў нашым невялікім, але дружным калектыве.

Мне вельмі імпануе стараннасць сістэмных праграмістаў Алены Дрэвінай і Дзмітрыя Шылы, Ганны Козыравай, Дзмітрыя Тарайкоўскага, Дзмітрыя Храменкова, Ігара Абакунчыка, Іллі Свідуновіча і Іллі Барысава. Усе яны — высокаадукаваныя і мэтанакіраваныя працаўнікі, якія пастаянна развіваюцца, удасканальваюць і абнаўляюць свае веды.

Праца захоплівае настолькі, што не хапае часу для таго, каб больш бываць разам са сваёй сям’ёй. А калі здараецца магчымасць з жонкай і сынам Іванкам пагуляць, схадзіць у музей, кіно ці заапарк, бываю па-сапраўднаму шчаслівым.

Мой суразмоўца прызнаецца, што ён марыць пра тое, каб было дастаткова сіл і, вядома ж, часу на шчаслівыя зносіны са сваімі блізкімі, на творчы пошук, на далейшае прафесійнае развіццё.

— У сутках, на вялікі жаль, толькі 24 гадзіны, — зазначае Сяргей Мікалаевіч, — каб іх было хаця б 50, я б усе іх патраціў менавіта на гэта.

Думка
Андрэй СУШКО, першы намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій — начальнік аддзела распрацоўкі і суправаджэння праграмных сістэм:
— Сяргей Козыраў вельмі адукаваны, высокапрафесійны спецыяліст у нашай сферы, які ўдала прымяняе свае веды і набытыя за гады працы навыкі на практыцы. Кампетэнтны спецыяліст, выхаваны і карэктны калега, ён з’яўляецца прыкладам для больш маладых супрацоўнікаў нашага аддзела. Патрабавальны да сябе і сваіх падначаленых, Сяргей Мікалаевіч увесь час імкнецца шукаць самыя новыя падыходы да вырашэння надзённых задач, якія стаяць перад калектывам, і з вартым павагі энтузіязмам укараняць іх у нашу вытворчасць.

Тое, што партрэт Сяргея Козырава знаходзіцца ў гэтым годзе на заводскай Алеі перадавікоў вытворчасці, — сведчанне яго эфектыўнай працы і вельмі паважлівага стаўлення да яго не толькі ў калектыве бюро, але і ў нашым аддзеле, ва ўпраўленні інфармацыйных тэхналогій у цэлым.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий