Святлана Сандрозд: «Я прыкіпела да завода, нібыта частачка яго»

Тракторозаводцы

Нiколi не змагла б сядзець у офісе
І амаль праз тры з паловай дзясяткі гадоў працы на нашым прадпрыемстве слесар механа-зборачных работ корпуса зборкі трактароў Святлана Сандрозд упэўнена: калі б зноў трэба было выбіраць жыццёвую сцяжынку, абавязкова выбрала б завод. Не было б магчымасці ўладкавацца на МТЗ, то пайшла б на МАЗ ці БЕЛАЗ, але толькі на завод.

— Здаецца, я ніколі не змагла б сядзець за сталом у офісе з паперкамі ці каля камп’ютара, — зазначае Святлана Міхайлаўна. — Мне трэба ўвесь час рухацца, пераходзіць з месца на месца, падымацца па прыступках у кабіну трактара, мяняць нагрузку то на рукі, то на ногі, але толькі не стаяць і не паўтараць няспынна адну і тую ж аперацыю…

Сапраўды, усяго некалькі мінут назірання за спрытнымі, да секунды разлічанымі рухамі маёй суразмоўцы пераконваюць, што вытворчы працэс для яе за шмат гадоў стаў як бы свое-асаблівым рытуальным танцам, які яна выконвае з непрыкрытай асалодай.

— На самой справе на галоўным зборачным канвееры завода агульнаму працоўнаму рытму падпарадкаваны ўсе.

У нас нельга быць больш хуткім ці больш павольным — кожны павінен выканаць, у залежнасці ад складанасці, адну ці некалькі аперацый за той час, пакуль трактар знаходзіцца ў тваёй зоне абслугоўвання, — кажа Святлана Сандрозд. — Асабіста я ўсталёўваю шчыткі прыбораў і электраабсталяванне. Гэта не вельмі лёгка, але затое не аднастайна і таму цікава. Мы ж збіраем машыны самых розных мадэляў, абсталёўваем іх асобнай камплектацыяй для розных краін. Напрыклад, зараз на канвееры трактары «BELARUS» для продажу ў Пакістан і Расію, і яны маюць свае адрозненні ў камплектацыі. Таму, апроч спрыту, нам трэба быць і вельмі ўваж-лівымі. Па заказу-нараду мы пільна сочым, каб уся камплектацыя адпавядала канкрэтнай мадэлі машыны. Абавязкова вывучаем і дасканала ведаем тэхнічны працэс зборкі, паслядоўнасць выканання кожнай аперацыі. Зараз для нашай працы на канвееры створаны ўсе неабходныя ўмовы. Рабочыя месцы абсталяваны так, каб было як мага хутчэй і лягчэй падхапіць патрэбную дэталь ці канкрэтны жгут, усё ў нас пад рукой, увесь інструмент таксама ў дастатковай колькасці. Камплектуючыя пастаўляюцца своечасова. Душа радуецца, калі ідзе плённая праца і ты ўвачавідкі бачыш яе вынік. Вось зараз за змену здаём па 100 трактароў, і чым больш іх ідзе ў цэх аздаблення і афарбоўкі, тым нам радасней.

У нашым корпусе працаваць — адно задавальненне. А варта сказаць, што ў мяне ёсць з чым параўноўваць, бо пасля вучылішча я пачынала працаваць па сваёй прафесіі яшчэ на старым галоўным канвееры, які быў у цяперашнім другім механічным цэху. Можа, каб не перайшлі мы ў гэты светлы, высокі, зручны корпус, то і не прыкіпела б я так да завода, не была б такой адданай цэху і ўчастку. А зараз я нічога іншага сабе ўявіць проста не магу. Асабліва ж упэўнена, што не знайшла б я больш нідзе такога выдатнага калектыву. Вось, напрыклад, наш вельмі паважаны вытворчы майстар Анатоль Дзмітрачэнка. Ён у маім працоўным жыцці і настаўнік, і дарадца, і прафесіянал самага высокага класа. Некалькі гадоў быў на нашым участку старэйшым майстрам Аляксей Бондар, які таксама, разам з выключнай патрабавальнасцю, заўсёды быў уважлівым і спагадлівым. Цяпер у нас старэйшым майстрам Дзяніс Смаляк, малады адукаваны кіраўнік, які добра ведае справу і разумее людзей. А пра брыгаду, у якой я працую, можна і трэба гаварыць выключна словамі павагі. Вазьміце любога з маіх калег — слесараў механа-зборачных работ, і вы ўбачыце, наколькі яны працавітыя, жыццялюбівыя, як у іх развіта карпаратыўная адказнасць, як яны хвалююцца за якасць зборкі трактароў! Ніна Паўхлеб, Таццяна Максімовіч, Марына Дробава, Дзмітрый Антановіч, муж і жонка Юрый і Святлана Сасонкі, Анатоль Захарэвіч, Святлана Красуцкая — усе яны сапраўдныя патрыёты нашага завода, які за гады працы стаў нашым лёсам і гонарам. Я думаю, што гэта вялікае шчасце — працаваць разам з такімі людзьмі!

Вальсам аб’яднаныя
Трэба сказаць, што сваё жаночае шчасце Святлана знайшла таксама на заводзе, а калі больш дакладна, то на дыскатэцы ў заводскім інтэрнаце № 6, дзе яна жыла. Токар цэха аздаблення і афарбоўкі трактароў Сяргей Сандрозд прыйшоў туды з сябрамі з суседняга, чацвёртага, інтэрната МТЗ. Не заўважыць такую прыгажуню ён не мог.

— Сустрэліся вачыма, запрасіў мяне на танец, ды так закружыў у вальсе, што зачараваў на ўсё жыццё, — распавядае Святлана Міхайлаўна. — І вось ужо 28 гадоў смела кажу: «Я за мужа завалюся і нікога не баюся». Бо мой Сяргей Уладзіміравіч сапраўдны мужчына, чалавек слова і справы, праца-віты і адданы сям’і, з залатымі рукамі і светлай галавой. Я рада, што наш сын, Аляксей, у многім падобны на бацьку — такі ж адказны, добрасумленны, працавіты. Ён ландшафтны дызайнер і, як і мы з Сяргеем, вельмі любіць абраную прафесію. І ў дачушкі, Марынкі, таксама шмат бацькавых станоўчых рыс характару — такая ж настойлівая ў дасягненні пастаўленай мэты.

Калегі Святланы Сандрозд, якія добра ведаюць гэту сям’ю, кажуць, што ад матулі яе дзеці, акрамя заўзятасці і працавітасці, узялі сціпласць і далікатнасць у зносінах, добразычлівасць і душэўную шчодрасць.

— Уся наша радасць і надзея — дзеці, а зараз ужо і маленькі ўнучак, Яраслаўчык, — дзеліцца Святлана Міхайлаўна. — І сын, і дачушка ў нас вельмі самастойныя. Ад нас яны дапамогі ўжо не чакаюць, але нам самім вельмі хочацца быць ім карыснымі. Вялікае шчасце — сустракаць іх на добраўпарадкаванай бацькам дачы маімі «фірменнымі» піражкамі.

У мяне, наогул, ёсць такая мара, як на пенсію пайду, жыць у роднай вёсцы Кухцічы Уздзенскага раёна, развесці багаты агарод, з дапамогай сына па-дызайнерску аформіць прысядзібны ўчастак і купіць рыжую карову — абавязкова рыжую! — частаваць сваіх дзетак і ўнучкаў малачком. У нас там надзвычай прыгожыя дарагія майму сэрцу мясціны. Павінна вам сказаць, я фанатка роднай прыроды. Колькі разоў мяне клікалі сяброўкі адпачыць дзе-небудзь у Егіпце ці ў Турцыі… Можа, хто мне і не паверыць, але не цягнуць мяне гэтыя чужыя берагі і далёкае цяпло. Няма бліжэй маёй роднай Беларусі, няма прыгажэй нашай роднай сталіцы з яе для кагосьці не прэстыжнай, але такой блізкай і дарагой маёй сям’і Дражняй! Не было больш шчаслівых і жаданых мінут у жыцці, як час, калі, абняўшы дзяцей, ціхім вечарам на канапе мы разам складалі нашы ўласныя казкі. А зараз я расказваю іх свайму маленькаму ўнуку, ужо ў новай інтэрпрэтацыі, з героямі з сучаснага жыцця.

Няхай вашы сямейныя казкі і надалей будуць такімі ж светлымі і шчаслівымі, як былі яны да сённяшніх дзён, паважаная Святлана Міхайлаўна!

Дзяніс СМАЛЯК, старэйшы майстар участка № 3 зборкі і ўсталявання прыбораў корпуса зборкі трактароў:
— Святлана Сандрозд — чалавек з вялікай літары. У нашым калектыве Святлану Міхайлаўну ведаюць як умелага і вельмі цярплівага настаўніка пачынаючых слесараў МЗР. Яна заўсёды знойдзе патрэбныя словы, каб падтрымаць чалавека ў любой сітуацыі, абавязкова дапаможа кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Як прафесіянал, Святлана Сандрозд таксама заслугоўвае слоў удзячнасці за адказную самаадданую працу, за бездакорнае выкананне дадатковых даручэнняў кіраўніцтва ўчастка.

Павага таварышаў па працы і высокая ацэнка вытворчых дасягненняў Святланы Міхайлаўны і сталі падставай для таго, каб яе партрэт быў размешчаны на заводскай Алеі гонару. Мы ўдзячны кіраўніцтву цэха і завода, што яе кандыдатура імі была падтрымана.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий