Стваральнікі свята

Новости

Анна КОРЯКОВА

Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі «Свята» спаўняецца сёлета 18 гадоў. Створаны пры Белдзяржфілармоніі, гэта быў адзін з першых у краіне фальклорных калектываў, які выкарыстоўваў у сваёй творчасці  музычны фальклор беларускага Палесся. Захаваць яго, зберагчы і ўзбагаціць, не крануўшы пры тым самабытную манеру і каларыт гучання, — было галоўнай задачай, з якой «Свята» паспяхова справілася.

Сёння ў рэпертуары ансамбля дзесяткі самых розных твораў, а кожнае выступленне калектыву — арганічнае і высокапрафесійнае спалучэнне жывой музыкі, песні і танца. 18-гадовы творчы стаж «Свята» — гэта больш за чатыры тысячы канцэртаў, удзел у шматлікіх дабрачынных акцыях, фестывалях, конкурсах, выступленні ў Канадзе, Аўстрыі, Германіі, Італіі, Індыі, Венесуэле, Эфіопіі, Карэі і нязменны поспех у гледачоў. Мастацкім кіраўніком калектыву на працягу доўгага часу застаецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашталапаў, аранжыроўкі музыкі выконвае заслужаны артыст краіны Васіль Купрыяненка. Адным словам, артысты гэтага ансамбля добра ведаюць, як падарыць гледачу сапраўднае свята, і запрашаюць усіх на свой канцэрт у Палац культуры МТЗ. Адбудзецца ён 17 красавіка а 19 гадзіне. Кошт квіткоў — 20 і 40 тысяч рублёў.



Добавить комментарий