Шчодра дарыць — багата жыць!

Культура

Анна КОРЯКОВА

Гэта мудрае меркаванне — адно са шматлікіх у бяздоннай скарбніцы спадчыны, што пакінулі нам нашы далёкія продкі.  Іх погляды на жыццё, уменне гарманічна суіснаваць у свеце побач адно з адным, прыродай, Богам і, незважаючы ні на што, быць шчаслівымі так проста і натуральна ўвасобіліся ў самабытнай нашай культуры, фальклоры і мастацтве, што ўявіць сабе больш цікавую «кнігу» народнай мудрасці цяжка.

Гартаць і вывучаць яе — справа нялёгкая, але той, хто сур’ёзна возьмецца за яе, здолее адшукаць у беларускай даўніне сябе сучаснага. Мяркую, у народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Шчодрыца» гэта атрымалася.

«Шчадрэц», «шчодры вечар» — як толькі не называлі нашы продкі старажытнае свята з 13 на 14 студзеня, як раз пад стары Новы год, традыцыйна звязанае з самымі лепшымі нашымі памкненнямі, з ідэяй больш аддаваць, чым браць, а таму і атрымліваць значна болей… Менавіта гэты дзень і лічыцца днём нараджэння фальклорнага калектыву «Шчодрыца». Яго заснавальнікамі сталі выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Валянціна Трамбіцкая і Ірына Грамовіч, якія ўзялі за аснову песенна-музычныя здабыткі цэнтральнага, усходняга і паўднёвага рэгіёнаў Беларусі.

Сёння ў рэпертуары калектыва — творы беларускага каляндарна-абрадавага цыкла: сямейна-бытавыя, лірычныя, жартоўныя. Побач з традыцыйнымі дудкай, цымбаламі, гармонікам і скрыпкай на канцэртах «Шчодрыцы» можна пачуць цудоўныя «галасы» дуды, чароткі, жалейкі, саломкі. Ансамбль шмат разоў прымаў удзел у рэспубліканскіх святах, дабрачынных акцыях, ладзіў канцэрты ў працоўных калектывах, прадстаўляў рэспубліку на гастролях у Расіі, Эстоніі, Венгрыі, Славакіі, Германіі. Артысты ансамбля спяваюць на рускай, беларускай, украінскай, славацкай мовах, уключаюць у свае праграмы нацыянальную танцавальную музыку ў сучаснай аранжыроўцы, а таксама творы  беларускіх кампазітараў, сугучныя іх асноўнай манеры выканання і агульнай стылістычнай накіраванасці.

Неўзабаве ансамбль будзе адзначаць сваё дваццацігоддзе, і адсвяткаваць гэту падзею ён запрашае ўсіх прыхільнікаў беларускай музыкі і песні ў Палац культуры Мінскага трактарнага завода. 17 студзеня там адбудзецца  юбілейны канцэрт «Шчодрыцы». Павіншаваць калег з адметнай датай у творчасці прыдуць удзельнікі калектываў «Белы птах», «Люлечка», «Жавароначкі», «Баламуты». Дарэчы, апошні — таксама творчы праект Валянціны Трамбіцкай, але на два гады маладзейшы за юбіляра.

Пачатак канцэрта — а палове сёмай гадзіны вечара. Кошт квіткоў — 45, 55 і 65 тысяч рублёў.



Добавить комментарий