Прайшло святочнае мерапрыемства «Мінск — душы маёй пяшчота»

Культура Партизанский р-н

У панядзелак у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Партызанскага раёна сталіцы прайшло святочнае мерапрыемства «Мінск — душы маёй пяшчота». Сярод яго гасцей былі людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Павіншавала прысутных загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Таццяна Кавалеўская:

— Самае доўгачаканае свята — гэта дзень нараджэння. І наш горад святкуе яго. А значыць, гэта наша з вамі свята! Віншую вас, сябры!

Сустрэча атрымалася па-хатняму цёплай. Гасцей было крыху больш за 30 чалавек, і яны стваралі цудоўную святочную атмасферу: размаўлялі, весела смяяліся.
У зале гучалі вершы маладых аўтараў пра Мінск. Радаваў сваім мастацтвам ансамбль «Прыгажосць». Жанчыны ў яркіх сукенках з шаўковымі шалікамі ў руках танчылі пад усходнія матывы. Вельмі прыемна, што ў іх ёсць цікавы занятак, які прыносіць ім задавальненне. Госці падтрымлівалі нашых «чараўніц», крычалі «супер».

Узняла настрой усім і пантаміма «Стары і шарык» у выкананні Юрыя Багамолава. Некалькі мелодый сы-граў на баяне Леанід Амелька. Госці разам спявалі «Землякі», «Песню кахання», якія выконвала супрацоўніца ТЦСАН Таццяна Брытко. Скончылася вечарына за кубачкам гарбаты з цукеркамі і пячэннем.

Таццяна КАВАЛЕЎСКАЯ, загадчык аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Партызанскага раёна г. Мінска:
— Гэта сустрэча прымеркавана да свята нашага горада. І ў такія дні нельга забываць пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы імкнуліся аб’яднаць іх, каб яны маглі пазнаёміцца адзін з адным, знайсці новых сяброў і цікава правесці час. Мы шчыра спадзяёмся, што ў нас атрымалася падарыць кожнаму крышачку нашага цяпла і ўвагі. Дарэчы, мы імкнёмся не забываць пра іх не толькі ў свята. У звычайныя дні мы ладзім паходы ў кіно, заапарк. Летам арганізавалі спартакіяду. Галоўнае ў нашай працы тое, што людзі ведаюць — яны не адзінокія.

Ірына СВЯЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий