Палац культуры МТЗ сустракаў гасцей міжнароднага фестывалю «Сіла славянскіх сэрцаў»

Культура

У апошнюю пятніцу кастрычніка Палац культуры Мінскага трактарнага завода зноў сустракаў гасцей міжнароднага фестывалю «Сіла славянскіх сэрцаў». У гэтым годзе ён адбыўся ўжо ў сёмы раз і сабраў разам вакальныя таленты Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны і Польшчы. Гэты форум — творчы праект нашага Палаца.

Кожны год удзельнікамі фестывалю становяцца самыя розныя калектывы: прафесійныя і аматарскія, тыя, што маюць багаты сцэнічны вопыт, і тыя, хто толькі пачынае знаёміць гледача са сваёй творчасцю, тыя, хто прысвячае дзейнасць адраджэнню аўтэнтычнага спеву штучных унікальных твораў, і тыя, хто выконвае вядомыя народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы. Фармат фестывалю (дакладней будзе назваць яго сустрэчай сяброў) да-зваляе аб’яднаць у адным канцэрце творы, выканаўцаў і жанры, якія звычайна пачуць у адной праграме было б даволі складана. Але нягледзячы на гэту стракатасць, галоўнай у фестывалі была і застаецца народная песня, любоў да яе артыстаў і слухачоў. Любоў, якая ў пэўны час сцірае мяжу паміж сцэнай і глядзельнай залай, а словы, што кранулі сэрца, пачынаюць гучаць па абодва бакі рампы.

Дыплом фестывалю калектыву з Літвы ўручае Тадэуш Стружэцкі.

Традыцыйную дэгустацыю перад кан-цэртам страў і напояў краін — удзельніц фестывалю — свежы хлеб, сала, каўбасы, пернікі, квас, шакоціс і, канешне, духмяны каравай з мукі ўраджаю новага года — арганізатары фестывалю аформілі свое-асаблівай прэзентацыяй. Беларускі стол «пачынаўся» невялічкім танцавальным прывітаннем на матыў «Лявоніхі», украінскі — гапака, польскі — кракавяка.

Пабачыць удзельнікаў фестывалю, павітацца і пазнаёміцца з імі змог кожны да пачатку канцэртнай праграмы: у фае Палаца артысты ладзілі фотасесію і нават прымалі ўдзел у невялікім майстар-класе па народных танцах.

Чыстыя галасы жаночага трыа «Славіца».

Сёлетні фестываль сабраў шмат высокіх гасцей. Сярод іх быў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі, старшыня праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі, першы сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Леанід Макураў, дырэктар Цэнтра культуры нацыянальных меншасцей літоўскага горада Алітус Гінтас Бабраўскас, а таксама кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Іван Галабурда. Апошні зачытаў прывітальныя словы на адрас фестывалю за подпісам міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара.

Хлеб ды соль дарагім гасцям…

Распачалася праграма прэзентацыяй усіх калектываў і традыцыйнай цырымоніяй перадачы вялікага каравая з аздобай «Сіла славянскіх сэрцаў» прадстаўнікам краін, якіх з’яднала сёлета сцэна нашага Палаца. Адкрыла канцэрт вакальная група «Жартаўніцы» народнага вакальнага ансамбля славянскай песні «Рытмы сэрца» з Гомеля пад кіраўніцтвам Лідзіі Ялавой. Уразіць гледача старой добрай «Лявоніхай» беларуса няпроста, а ў іх гэта атрымалася. Наша крутуха на розных мовах свету (нават італьянскай і кітайскай) гучыць нечакана цікава і не менш яскрава!

Артысты хора рускай песні імя Нікіцінай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (мастацкі кіраўнік Марыяна Зіганшына), сярод якіх заўсёды пазнаеш работнікаў прадпрыемства, выконвалі ясенінскую «Под окошком месяц…», «Вдоль по речке серый селезень плывет…». Дзяўчаты ансамбля народнай песні «Ігрыца» Палаца культуры МТЗ і іх мастацкі кіраўнік Таццяна Калеснікава ў гэтым годзе аддалі перавагу беларускім творам павольнага і лірычнага характару.

«Гімн славян» выконвае рускі хор імя Нікіцінай.

Упершыню на фестываль прыехаў ансамбль Цэнтра культур нацыянальных меншасцей горада Алітус «Рябинушка». Калектыў існуе ўжо больш за 20 гадоў, у беларускую сталіцу прыехалі тры яго артысткі на чале з мастацкім кіраўніком і салісткай Ірынай Бабрускене. Аматаркі выступаюць у роднай Літве на розных святах, рыхтуюць рэпертуар ад фальклора да раманса на літоўскай, рускай, беларускай, украінскай мовах. У Мінск яны прывезлі літоўскі твор «Якая цудоўная зіма прыйдзе…», нашу «А я лягу-прылягу…» і папуры з вядомых рускіх песень.

Бабуля Марыя і яе Надзея.

Прыемным адкрыццём фестывалю — шчырым, далікатным і таму запамінальным — стала знаёмства з калектывам «Світанак». Гэту жаночую групу стварылі настаўніцы дзіцячага садка з Беластока, якія шмат гадоў вучылі сваіх маленькіх выхаванцаў беларускай мове і культуры, а потым вырашылі і самі заняцца творчасцю. Атрымалася ўдала, артыстычна і вельмі прыгожа. Цёплыя жарты з залам, паэтычныя прадмовы да песень на поль-скай і беларускай мовах, трапныя звароты да слухачоў («Хай сэрца радуе і вока калектыў настаўніц з Беластока…»), добрыя знаходкі (хусткі, запаленыя свечкі, драўляныя лыжкі), што дабаўляюць выступу неабходнай дынамікі, мінскі глядач успрыняў, як кажуць, на «ўра» і доўга не адпускаў за кулісы абаяльных спявачак!

Сапраўдным падарункам для мяне не толькі як гледача, але як журналіста і проста чалавека стала магчымасць павітацца з гасцямі з Украіны. Калектыў «Баўсуноўскія бабусі» (па-украінску «Бовсунівські бабусі») узнік у сяле Баўсуны (па-руску «Бовсуны» ці «Болсуны»), што ў Жытомірскай вобласці. У ім удзельнічаюць жанчыны (самай малодшай каля 70-ці) і прапануюць слухачам аўтэнтычны спеў. Мастацкі кіраўнік калектыву Марыя Карповец вырашыла, што тую ўнікальную культуру выканання, што паціху знікае, трэба абавязкова захаваць, каб перадаць наступным пакаленням, і не прагадала. Дарэчы, адна з салістак ансамбля — яе маці, Марыя Баўсуноўская, хутка будзе адзначаць свой 83-й дзень нараджэння! Усё жыццё яна пражыла ў родным сяле, выхавала пяцёра дзяцей, мае дзесяць унукаў і пакуль што десяць праўнукаў.

Парадавалі і сэрца і вока шчырыя настаўніцы з Беластока.

У Мінск прыехалі тры пакаленні жанчын гэтай сям’і: бабуля Марыя, яе дачка Марыя Карповец і ўнучка спявачкі і дачка мастацкага кіраўніка — Надзея. Таму дуэт, які прадставіў калектыў на фестывалі, так і завецца «Бабушкина Надежда». Артысткі адзначылі, што ад іх роднага сяла да параднага ўвахода нашага Палаца атрымалася 444 кіламетры! Але ж як цудоўна, што яны пераадолелі гэтыя кіламетры.
Касцюмы вакалістак — самі па сабе творы мастацтва. Літнік Надзеі — пышная спадніца ў складку, зробленая з тоўстага даматканаго сукна, падшытая, як рабілі раней, шырокай аксамітнай стужкай, шырокая шляра (фальбона, па-руску «оборка») на бабчынай спадніцы, падабраныя ззаду чырвонай хусткай валасы ў дзяўчыны, завязаная простым вузлом на падбародку хусцінка бабулі і, канешне ж, вышыванкі. Вышытыя дробненькім крыжыкам яшчэ колькі гадоў таму, яны і зараз выглядаюць, як прыклад неверагоднай прыгажосці і помнік майстэрству клапатлівых жаночых рук!

Перад тым, як мы пабачылі дуэт, на сцэне з’явіўся сапраўдны калаўрот (па-руску «прялка»). Бабуля пачала працаваць за ім (не рабіць выгляд!) і запела… Уражанне неверагоднае! Цудоўныя карціны ціхага ўкраінскага сяла, што адпачывае пасля цяжкага працоўнага дня, зыхо-дзячае сонца, крытыя саломай хаты… Гэты спеў гучаў у пранізлівай цішыні, якая імгненна ўсталявалася ў зале. Унучка пачала скручваць гатовую нітку і падхапіла бабулін спеў. Сувязь пакаленняў, сувязь мінулага і сучаснага, сучаснага і будучага, празрысты вобраз тонкай ніці, якой нельга даць парвацца, якую трэба прыняць са спрацаваных рук бабулі, каб калі-небудзь каштоўнай спадчынай перадаць наступным пакаленням… І толькі два галасы, адзін з якіх — бабулі. Тваёй, маёй, нашай. Так пець умелі толькі яны, у нашым далёкім дзяцінстве, даўно-даўно, калісьці тады… Немаведама як гэта стала вядома кожнаму, хто сядзеў у зале, а таму шчырыя слёзы — слёзы ўдзячнасці і тугі па тым, што ўжо ніколі не вернецца, — самі сабой каціліся па тварах гледачоў…

Разам з «Забавай».

Перад канцэртам мы размаўлялі з мастацкім кіраўніком калектыву, а бабуля Марыя ўважліва слухала нас. Потым на прыгожым палескім дыялекце спыталася ў мяне: «Замужам? І дзеці ёсць? Колькі?». Калі даведалася, што мы выхоўваем дваіх дзетак, расплылася ва ўсмешцы, з годнасцю заявіўшы, што ў яе пяцёра, а ўсяго — 38 (мела на ўвазе ўсіх — дзяцей, унукаў, іх жонак і мужоў). І ў гэтай годнасці так без хітрыкаў праступіла самая галоўная праўда жыцця, важней за якую нічога няма і быць не можа, — сям’я, дзеці, будучыня, мір на роднай зямлі. І гэта галоўнае нясе ў сваёй творчасці бабуля Марыя, гаворыць слухачам са сцэны…

Прыемна было зноў пачуць ужо знаёмыя нам з мінулых гадоў прыгожыя галасы салістаў муніцыпальнага ансамбля танца «Славіца» з Арла пад кіраўніцтвам Наталлі Кірдзеевай. Артысты выконваюць апрацоўкі рускіх народных песень, творы арлоўскіх кампазітараў, а не так даўно ладзілі цыкл канцэртаў на вершы Сяргея Ясеніна. У гэтым годзе да нас прыехала вакальнае трыа ў складзе Вольгі Шукаевай, Таццяны Туманавай і Любові Аўтамонавай. Не шкадуючы далоняў, мае суседзі па глядзельнай зале так азначылі іх выступленне: «Ну, што тут скажаш! Прафесійна, чыста, бездакорна!».

Добры настрой дарыць наша «Ігрыца».

Завяршалі фестывальную праграму артысты з Удмурціі. З народным ансамблем рускай песні «Забава» вясной гэтага года на трактарным біятлоне ў Расіі пазнаёміліся артысты нашага ансамбля «Белы Птах» і запрасілі ў госці. Мастацкі кіраўнік «Забавы» Ларыса Хныкіна расказала, что існуе калектыў ужо чвэрць стагоддзя, але сёння састаў яго цалкам змяніўся. Творчасць «Забавы» — гэта стылізаваныя народныя песні і танцы, на фестываль артысты прывезлі так званы «рускі блок» (у творчай скарбонцы калектыву ёсць фіна-ўгорскія і родныя ўдмурцкія творы). У гэтым годзе калектыў падрыхтаваў праграму, і менавіта зараз на яго радзіме вырашаецца пытанне аб прысваенні яму звання «Заслужаны».

Звяртаючыся ў канцы фестывальнай праграмы да яе ўдзельнікаў і гасцей, Тадэуш Стружэцкі адзначыў, што галоўная адметнасць форума — папулярызацыя народнай культуры праз свае ўласныя адносіны да роднай мовы, слова, культуры, праз любоў, прыклад якой мы мелі магчымасць пабачыць. А таксама падкрэсліў, і з гэтым цяжка не пагадзіцца, што фестываль «Сіла славянскіх сэрцаў» — лепшы прыклад народнай дыпламатыі. Дыпламатыі, якая пакідае па-за сцэнай усе непаразуменні, аб’ядноўвае і дае надзею на тое, што разам мы можам значна больш, чым паасобку!..

Гомельскія «Жартаўніцы»: выступаюць
і здзіўляюць.

Ганна КАРАКОВА.
Фота Яўгеніі ЯЛІНСКАЙ.



Добавить комментарий