На чым гралі на Беларусі стагоддзі таму?

Культура

У новым выпуску «Нашчадкаў» мы зазірнем з вамі ў свет старажытнай беларускай музыкі і пазнаёмімся з трыма самымі характэрнымі для нашай культуры музычнымі інструментамі, а таксама з музыкантамі, што аднаўляюць выканальнае мастацтва на іх у цяперашні час.

Беларускія шаманы
Пэўна, самы вядомы музычны інструмент, які прыходзіць на памяць, калі кажуць пра беларускую старадаўнюю музыку, — дуда. Гэта духавы язычковы інструмент. У літаратурных крыніцах Беларусі ён згадваецца з XV стагоддзя, часта трапляецца ў беларускай міфалогіі, сустракаецца ў нашых казках, легендах і паданнях. З’яўляючыся часткай асноўных каляндарных свят і абрадаў, дуда мела для беларусаў амаль рэлігійнае значэнне.

Складаецца яна з жалейкі, скуранога меха, трубкі для яго надзьмання і ад аднаго да васьмі бурдонаў — трубак, што даюць пастаянны тон.

Можна сказаць, што дуда толькі ў апошнія дзесяцігоддзі зноў пачала набіраць папулярнасць пасля доўгага перапынку. Зараз на Беларусі налічваецца ўжо больш за пяцьдзясят дудароў, у той час як у пачатку 1990-х іх былі адзінкі. Пра сакральны сэнс гэтага таямнічага інструмента распавядае дудар гурта «Літы Талер» Дзяніс Шматко:

— Беларуская дуда — вельмі адмысловы інструмент. І я, шчыра кажучы, не браўся б яго разглядаць асобна ад дудара. Разбіраючы літаратуру і матэрыялы па гісторыі музыкі, прыйшоў да высновы, што на Беларусі дудары былі практычна аналагам шаманаў. Дуда суправа-джала чалавека ўсё жыццё — нараджэнне, дні народзінаў, вяселле, святы, абрады, хаўтуры. Душа музыканта лічылася злучанай з душой інструмента.

Маё знаёмства з дудой адбылося выпадкова. На той момант я ведаў, у лепшым выпадку, толькі шатландскі хайлэнд і называў яго проста «валынкай». Але калі пачуў дуду, мяне наскрозь праняло! Я не ведаў, што гэта, але яно дакладна мне спадабалася! Як потым сказаў мой настаўнік — Зміцер Сасноўскі са «Старога Ольсы», «…пабачыў дуду і прапаў чалавек…».

З таго моманту я бачыў і чуў шмат падобных інструментаў, на многіх граў, але гук беларускай дуды — ліцвінскай — для мяне найлепшы. Ёсць у ёй нешта самабытнае, заварожваючае. Кажуць, дудар без сваёй дуды жыць не можа. Так яно і ёсць. Аднойчы яна чапляе цябе і больш ужо не адпускае.

Інструмент без продкаў
Наступны музычны інструмент — адзін с самых своеасаблівых. Колавая ліра — сумесь струннага, клавішнага і смычковага інструментаў. Часцей за ўсё яна асацыіруецца ў нас з сівабародымі дзядамі-лірнікамі, якія спявалі пад яе тужлівы акампанемент свае песні падчас вандровак. Ліра паказвае іншы бок беларускай народнай музыкі. Пра інструмент распавядае музыка гурта «Іrdorath», педагог ЦДАДіМ «Вікторыя» Надзея Калач:

— Колавая ліра — шэдэўр сярэднявечнай музычнай думкі. Гэта інструмент, што спалучае ў сабе струны, клавішы і смык, ролю якога выконвае кола. У Еўропе першыя выявы гэтага інструмента датуюцца ХІІ стагоддзем, што значна раней за беларускі аналаг, згадкі пра які з’яўляюцца толькі ў XVII стагоддзі.

Гук інструмента вельмі свое-асаблівы. Справа ў тым, што акрамя меладычных струн, на якіх граецца мелодыя, яна мае таксама бурдонныя — яны гучаць на адной ноце і ствараюць манатоннае прыемнае суправаджэнне.

Беларуская колавая ліра ідэальна падыходзіць да акампанемента песень, у той час як яе еўрапейская «сястра» больш прыстасавана для танцавальнай музыкі. Справа тут у тым, што «хардзі-гардзі» мае яшчэ адзін тып струн — «trompette», які дазваляе граць рытмічныя партыі.

Зараз цікавасць да гэтага тыпу інструментаў толькі пачынае набіраць абароты. Спецыяльных фабрык, што маглі б рабіць колавыя ліры, не існуе. Але з’яўляецца ўсё больш майстроў, выканаўцаў. Развіваецца і сама ліра. Кожны майстар імкнецца зрабіць унікальны інструмент. Так, напрыклад, нядаўна была распрацавана першая электронная мадэль — «midiGurdy». У колавай ліры можа быць і дзве, і шэсць, і нават шаснаццаць струн.

Мяне асабіста хардзі-гардзі прывабіла менавіта гукам той самай трампеты — гукам, здольным быць і тужлівым, і вясёлым, у залежнасці ад пажадання музыканта. Адна з самых цікавых акалічнасцяў гісторыі ліры — яна не мае іншых аналагаў. Практычна любы з вядомых нам зараз музычных інструментаў мае сваіх продкаў. А колавая ліра не мае — яна дайшла да нас амаль без змен. Больш ні адзін акустычны інструмент не пераняў кола.

Музыка арыстакратаў
Яшчэ адзін інструмент, вельмі знакавы для музычнай культуры нашага краю — лютня. Нягледзячы на тое, што гэта не аўтахтонны інструмент — не мясцовага паходжання, без яго немагчыма ўявіць гісторыю беларускай музыкі.

Масава з’явіліся лютні на Беларусі дзякуючы вядомай асобе беларускай культуры — італьянскай княгіні Боне Сфорцы, якая пабралася шлюбам з каралём Рэчы Паспа-літай Жыгімонтам І Старым. Бона прыехала да мужа ў тым ліку і разам з музыкамі, большасць з якіх была лютністамі. Ды княжна і сама някепска валодала інструментам. На нашых землях самымі вядомымі лютністамі былі Валянцін Бакфарк, Кшыштаф Клабан і Войцэх Длугарай.

Пра гэты арыстакратычны і вытанчаны інструмент распавядае Ілля Кубліцкі — струннік гурта «Стары Ольса»:
— Маё першае знаёмства з лютняй адбылося дзякуючы Зміцеру Сасноўскаму. Ён валодае досыць вялікай калекцыяй музычных інструментаў. Была там і лютня, зробленая пінскім майстрам Юрыем Дубнавіцкім.

Лютня — струнны шчыпковы інструмент з корпусам грушападобнай формы. Ён вядомы ў краінах Еўропы з часоў ранняга сярэднявечча. У розныя перыяды лютні адрозніваліся колькасцю струн, наладкай і памерам, але форма корпуса ня-зменна заставалася грушападобнай. З цягам часу колькасць струн на лютні павялічвалася:
у эпоху Сярэднявечча было нацягнута чатыры здвоеныя струны, у эпоху Адраджэння — ад шасці да дзесяці, а ў эпоху барока — ад дзесяці і болей. На тэрыторыі сучаснай Беларусі гэты інструмент найбольшую папулярнасць набыў у XVI стагоддзі. Папулярнасць яго тады можна было параўнаць з сучаснай гітарай. Лютня была практычна ў кожным доме. З яе дапамогай акампанавалі спевам, суправаджалі танцы, выкарыстоўвалі ў ансамблях з рознымі іншымі інструментамі. Толькі ў XIX стагоддзі лютню выцесніла роднасная ёй гітара. Яны вельмі блізкія «сваякі», хоць пастаноўка рук і здабыванне гуку на іх адрозніваюцца. Музыка, які валодае класічнай гітарай, зможа хутка навучыцца граць і на лютні.

Аўтар выпуску
Пятро МАРЧАНКА.



Добавить комментарий