На апетай Купалам зямлі

Социум

Андрэй ДАСАЕЎ
Фота аўтара

У вёсцы Камуна, што на Любаншчыне, адбылося раённае свята паэзіі і песні «Я слаўлю словам родны край…», прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

Яго арганізатары — аддзел культуры Любанскага райвыканкама і раённы Цэнтр культуры. Месца правядзення мерапрыемства не выпадковае. У 1933 годзе сюды прыязджаў народны пясняр, каб пабачыць, як намаганнямі вялікай колькасці людзей асушваліся Мар’інскія балоты. У выніку паездкі нарадзілася славутая паэма «Над ракой Арэсай».

Урачыстасці пачаліся ў гора-дзе Любань, дзе арганізатары сустракалі хлебам-соллю і песняй гасцей. Сярод іх — пісьменнік Уладзімір Ліпскі, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта Таццяна Дасаева, актрыса Галіна Дзягілева, кампазітар і паэт Іван Раманчук, майстар народных рамёстваў Зінаіда Ляўчэня, журналістка Ірына Масляніцына, гісторык, паэт Анатоль Вялічка і іншыя.

У дзіцячай школе мастацтваў прайшла навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Паэма Янкі Купалы «Над ракой Арэсай»: сучасны погляд». Сваімі думкамі падзяліліся навукоўцы, пісьменнікі, краязнаўцы. Асабліва ўразіла выступленне старэйшага паэта Любаншчыны Івана Андрэевіча Муравейкі (у мінулым годзе ён ад-значыў 90-годдзе). Ён вучыўся ў чацвёртым класе, калі прыяз-джаў любімы паэт Янка Купала, але сустрэчу гэтую запомніў на ўсё жыццё.

Далей дэлегацыя накіравалася ў вёску Камуна, дзе яе сустракалі дырэктар саўгаса Аляксандр Дудзік і завуч Камунараўскай сярэдняй школы Людміла Верабей. Госці наведалі літаратурны пакой Янкі Купалы. Перад уваходам у яго яны пабачылі кампазіцыю валуноў, на адным з якіх надпіс — «Пуцявіны Купалы». У самім пакоі прадставіла экспанаты і правяла экскурсію ў вершаванай форме вучаніца школы Дар’я Пекар. Яна засведчыла, што «тут дух Купалы ёсць і будзе». Вялікую цікавасць у гасцей таксама выклікала наведванне музея меліярацыі  і Камунараўскага сельскага дома культуры.

Пасля экскурсіі на зацененай дрэвамі пляцоўцы, дзе сабралася шмат людзей, адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. З прывітальным словам выступіў начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец.

У межах свята адбылася вы-става друкаванага слова паэтаў і пісьменнікаў Любаншчыны «З вераю ў свой край…». Падчас канцэрта «Паэзіі і музыкі спатканне…» прайшоў фінал раённага конкурсу чытальнікаў паэтычных твораў. Адбылася раённая акцыя «Чытаем Купалу — чытаем па-беларуску». Выступілі самадзейныя паэты Любаншчыны. Прагучала кампазіцыя беларускага паэтычнага тэатра «Зніч» «Мне сняцца сны аб Беларусі…» ў выкананні актрысы Галіны Дзягілевай і песні на вершы паэтаў-землякоў. У канцэрце ўдзельнічалі дарослыя і дзеці.

Свята завяршылася ўзнагароджваннем гасцей дыпломамі аддзела культуры Любанскага райвыканкама і раённага Цэнтра культуры.

На апетай Купалам зямлі, над ракою Арэсай, адбылося свята паэзіі і песні, у якім раскрыліся таленты жыхароў Любаншчыны, любоў і павага да роднай зямлі, яе гісторыі, памяць пра Янку Купалу, што ўславіў іх «малую ра-дзіму» паэтычнымі радкамі сваёй паэмы.



Добавить комментарий