Між былых манастырскіх сцен

Культура

Пятро МАРЧАНКА

Сёння мы з вамі пачнём новую экскурсію па азнаямленню з мінскай архітэктурнай спадчынай. Дагэтуль нас цікавілі адносна новыя творы дойлідскага мастацтва. А зараз мы паспрабуем зазірнуць далей у гісторыю і даведацца пра самыя старажытныя будынкі Мінска, што размяшчаюцца на тэрыторыі Верхняга горада. Калі ісці сюды ад Палаца Рэспублікі, трапіш да Дома прафсаюзаў і дзіцячай музычнай школы № 10, што аркай злучана з канцэртнай залай «Верхні горад». Першапачаткова ўсё гэта было адзіным комплексам базыліянскага манастыра XVII стагоддзя: Дом прафсаюзаў быў мужчынскім, а музычная школа — жаночым. Канцэртная зала па сутнасці з’яўляецца адбудаванай царквой Святога Духа, а будынак музычнай школы зараз з’яўляецца адным з самых старых у Мінску. Іх гісторыі прысвечаны наш аповед.

На пачатку свайго існавання Мінск меў традыцыйную структуру — усе вуліцы сыходзіліся ў цэнтры, звычайна каля замка. Але вялікі пажар 1547 года паспрыяў перапланіроўцы горада. Па загаду вялікага князя Жыгімонта Аўгуста кірмаш і некаторыя вуліцы былі перанесены на іншыя месцы. Новы гарадскі цэнтр пачалі ствараць на пагорку, што ўзвышаўся над Мінскам з усходу. Тут мясціўся цэнтр магдэбургскага горада. Цяпер усе галоўныя ад-міністратыўныя будынкі знахо-дзіліся на плошчы, дзе быў кірмаш, а не каля замка.

Менавіта тут і ўзнік комплекс манастыроў з царквой Святога Духа. Спачатку, яшчэ ў канцы XVI ст., гэта быў праваслаўны манастыр. Пасля Берасцейскай уніі і стварэння ўніяцкай царквы ў 1596 годзе, на пачатку наступнага стагоддзя ён быў перададзены манаскаму ордэну ўніятаў. Пры манастыры была і драўляная царква, узведзеная яшчэ да ўніі.

Прыблізна ў 1617 годзе побач з Свята-Духавай царквой пачалося будаўніцтва каменнага корпуса мужчынскага манастыра. Як раз тады ў ВКЛ з’явіліся першыя манахі грэка-каталіцкага ордэна Св. Васіля (Базыля). Наступным этапам павінна была стаць замена старога будынка царквы на новы, каменны. Недзе на пачатку 1630-х вольнае месца на ратушнай плошчы пад назвай «Лужа» было перададзена пад пабудову мураванай манастырскай царквы. Ажыццявіць ідэі архітэктараў дапамагло ахвяраванне ў 2 тысячы злотых два гады раней невядомым, але багатым жыхаром Полацка. Дакладная дата завяршэння будаўніцтва таксама невядомая, але ёсць меркаванне, што новая царква Святога Духа скончана да пачатку 1650-х гадоў, гэта вынікае з тэстамента ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы: акрамя 20 тысяч злотых, што ён дарыў манастыру, ён прасіў пахаваць яго менавіта ў царкве Святога Духа. Пэўна, яму не хацелася быць пахаваным у драўляным будынку, што планавалася пад знос.

Тут жа з 1641 года па фундацыі трокскай касцяляншы Зузаны Гансеўскай ішло будаўніцтва жаночага манастыра. Першай настаяцельніцай яго стала Кацярына Сапега, што дала на яго 9 тысяч злотых і яшчэ 10 тысяч — на ўтрыманне тут сірот. Але вольнага месца, каб паставіць царкву манашкам, на тэрыторыі плошчы Верхні рынак не было. Царква Святога Духа, якая тады будавалася, стала супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага, што было рэдкай практыкай у манастырскім дойлідстве.

Жаночы манастыр быў злучаны з царквою крытай двух’яруснай галерэяй: манашкі маглі трапляць у сваю царкву, не выходзячы ў горад.

Так ці інакш, падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654—1667 гадоў мінскія базыліянскія манастыры ўжо выкарыстоўваліся ў абарончых мэтах, а значыць, хутчэй за ўсё, былі скончаны.

Мужчынскі манастыр уяўляў сабой прамавугольнае ў плане падоўжанае двухпавярховае збудаванне і далучаўся непасрэдна да паўднёвага бакавога фасада царквы. У процілеглым баку двара знаходзіўся жаночы манастыр — двухпавярховы П-падобны будынак, паўднёвае крыло якога ўпрыгожана фігурным франтонам.

Гэта сапраўды была своеасаблівая фартэцыя. Мужчынскі корпус з царквой утваралі яе паўднёва-заходні бок. Жаночы корпус — паўночна-ўсходні. Паміж сабой іх злучала закрытая галерэя з маленькімі вокнамі-байніцамі, што адначасова ў сваім ніжнім ярусе была брамай. З чацвёртага боку на старым плане нічога няма, але, верагодна, першапачаткова манастырскі двор усё ж замыкала каменная сцяна, яна ўзгадваецца ў дакументах XVII ст. Гэта быў
адзіны завершаны комплекс.

А яго галоўным упрыгожваннем была царква. Гэты ўнікальны помнік спалучаў рысы двух архітэктурных стыляў: фасад меў рэнесансавы характар, а сам будынак быў гатычным: са спічастымі вокнамі, высокім двускатным дахам і крыжовымі сводамі. Найбольшай своеасаблівасцю было тое, што ў нішах фасада знаходзі-ліся іконы святых. Маляўнічы фасад уяўляў сабой іканастас, што быў вынесены на плошчу. Архітэктурна-мастацкае вырашэнне зрабіла царкву адной з самых адметных хрысціянскіх храмаў Мінска ХVII ст. Такі сінтэз архітэктуры і жывапісу не сустракаўся ў іншых краінах, і гэта з’яўляецца ўнёскам Беларусі ў агульнаеўрапейскае будаўнічае мастацтва Рэнесанса. У Беларусі ж у XVII ст. многія цэрквы, найперш праваслаўныя, мелі на фасадах цэлыя ансамблі фрэскавага жывапісу.

Свой адметны вобраз комплекс базыліянскіх манастыроў з царквой Святога Духа захаваў да расійскіх часоў. З далучэннем тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі сітуацыя рэзка памянялася.

Уніяцкія манастыры былі зачынены ў 1795 годзе, а са Свята-Духавай царквы зрабілі ПетраПаўлаўскі праваслаўны сабор. У мужчынскім корпусе размясцілася гімназія. У свой час яе скончылі такія дзеячы культуры, як Томаш Зан, кампазітар Станіслаў Манюшка і шмат іншых. У 1835 годзе ўсё гэта ўвогуле згарэла, пасля чаго будынкі былога комплексу базыліянскіх манастыроў канчаткова страцілі свой пачатковы выгляд. Толькі жаночы корпус застаўся практычна такім жа, як і быў. Мужчынскі манастыр перабудавалі «пад класіцызм» і размясцілі тут Прысутныя месцы. Гэты будынак з невялікімі змяненнямі дайшоў да нашага часу. З 1982 года тут знаходзіцца Дом прафсаюзаў. Гэта трохпавярховае збудаванне, з планам замкнутага прамавугольніка з невялікім унутраным дваром. Усе яго фасады маюць сціплую дэкаратыўную апрацоўку ў стылі класіцызму. З фасада ва ўнутраны двор можна трапіць праз дзве масіўныя аркі. Крыжовыя скляпенні першага паверха нагадваюць аб тым, што калісьці гэта быў манастыр.

Злом ранейшага ладу жыцця не мог не адбіцца на абліччы царквы. У 1846—1850 гадах адбылася першая значная перабудова — фасад страціў рысы хвалістага рэнесансу і прыдбаў дзве лаканічныя вежы-званіцы. Частку скляпенняў разабралі, узвялі купал. Архітэктурны помнік еўрапейскага значэння стаў Петра-Паўлаўскім кафедральным саборам. Менавіта ад яго з 1860 года пло-шча побач з ім стала называцца Саборнай.

Радыкальная ж перабудова адбылася ў 1893 годзе, калі царква стала трохнефавай і набыла рысы маскоўска-яраслаўскага стылю ў яго эклектычным і казённым прачытанні. Што цікава, нават выдатны даследчык нацыянальнага мастацтва М. Шчакаціхін не змог распазнаць яе першааснову і лічыў яе самым нязграбным архітэктурным збудаваннем Мінска.

У ХХ стагоддзі лёс сабора склаўся трагічна: у 1936 годзе ён быў ўзарваны ваяўнічымі барацьбітамі супраць рэлігіі — камуністамі. Пра такую з’яву, як савецкае знішчэнне храмаў, варта распавесці больш падрабязна.

На той час у Мінску існавала прафесійная каманда, здольная бурыць падобныя аб’екты без шкоды для навакольнай забудовы. Стваральнікам каманды быў Пятро Грыгарэнка — у будучым генерал, савецкі дысідэнт і праваабаронца. У 1934 годзе так прафесійна падарваў будынак Успенскага сабора, што быў прэміраваны.

Грыгарэнка паспеў яшчэ знесці ў Мінску будынак Казан-скай (Чыгуначнай) царквы, не пашкодзіўшы нават шкельца ў суседнім Доме ўрада. Ад удзелу ў далейшых разбурэннях ён адмовіўся. Петра-Паўлаўскі сабор знішчалі без яго. Вызваленае месца ўлады не ведалі, чым заняць. Там паставілі спачатку вандроўны звярынец. Мінчанам 1960—1980-х гэты куток горада вядомы таксама як піўны бар «Ясень», металічны павільён якога па-ставілі акурат на падмуркі храма. Эфектна выглядала ў бары плітка падлогі, выкладзенай у чорна-белым арнаменце шахматнай дошкі. Гэтая плітка захавалася яшчэ ад падлогі царквы.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны комплекс атрымаў шэраг пашкоджанняў, але ў канцы 40-х гадоў былі выкананы работы па яго першаснай кансервацыі. А вось будынак жаночага корпуса захаваўся добра. Не так даўно адбылася яго рэканструкцыя, і, варта адзначыць, удалая — прафе-сійная і гістарычная. Драўляныя вокны, натуральная чарапіца, барочны фігурны шчыт — усё аднавілі, як у лепшыя часы. Шкада, што зараз у нас так бывае не часта.

Аб аднаўленні царквы ўпершыню задумаліся яшчэ ў канцы 1970-х, калі група архітэктараў са Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Міністэрства культуры БССР пад кіраўніц-твам Сяргея Багласава на аснове архіўных матэрыялаў зрабіла рэканструкцыю галоўнага фасада храма. Гэта той самы Сяргей Багласаў, што потым рабіў Троіцкае прадмесце, ратушу і гасцініцу «Еўропа». Прапаноўвалася аднаўленне пачатковага выгляду святыні. Аднаўленне пачалося толькі ў 2009 годзе, пры гэтым, як афіцыйна заяўлялася, гэта быў праект аднаўлення «ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурнага, а не культавага аб’ек-та». Рэстаўратары, на жаль, не змаглі аднавіць маляўнічыя фрэскі, не хапае і крыжа наверсе — адчуваецца некаторая незавершанасць кампазіцыі. Крыху нязграбнай у сваёй сучаснасці выглядае і службовая прыбудова з правага ад залы боку.

Такім чынам, мы атрымалі хоць і не саму царкву Святога Духа, але канцэртную залу, што рэканструявана ў выглядзе царквы. Застаецца спадзявацца, што станоўчы досвед, здабыты пры аднаўленні царквы Святога Духа, жаночага корпуса манастыра, рэстаўратары выкарыстаюць у іншых аднаўленчых працах. Верхні горад сапраўды пачынае набываць свае страчаныя рысы горада самастойнага, здольнага сябе абараніць і ў той жа час зручнага і ўтульнага для жыцця.



Добавить комментарий