Лілія Зубава: «Ніколі не думала, што мая сціплая праца будзе так высока адзначана»

Тракторозаводцы

Разам добра і працаваць, і адпачываць. Злева направа: транспарціроўшчыкі Таццяна Прохарава і Аляксандр Наруць, камплектоўшчык Лілія Зубава, аператар ЭВМ Кацярына Макрушыч, кантралёр Тамара Копаць.

Камплектоўшчык вырабаў і інструменту вытворча-дыспетчарскага бюро механічнага цэха № 4 Лілія Зубава ў юнацтве марыла стаць медыцынскай сястрой. На шчасце, сама здаровая, яна вельмі хацела дапамагаць маленькім і старэнькім справіцца з хваробамі. Яе вабіў пах ёду, зачароўвалі кінафільмы пра дактароў.

— І зараз, калі заходжу ў аптэку, здаецца, стаяла б і ўдыхала гэты пах маёй дзіцячай мары, — прызнаецца Лілія Міхайлаўна. — У медыцынскае вучылішча паступіць мне не ўдалося, а дадому са сталіцы варочацца няўдачніцай не хацелася. Таму прыняла рашэнне пайсці ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 94 на больш-менш «жаночую» спецыяльнасць — слесар механазборачных работ.

На першым курсе нас павялі на азнаямляльную экскурсію на Мінскі трактарны, у прэсавы і першы ліцейны цэхі. Уражанне было вельмі моцнае: ад вытворчай абстаноўкі гэтых цэхаў нам cтала неякавата, і дзяўчаты нават плакалі са страху.

У 1982 годзе мяне размеркавалі ў чацвёрты механічны цэх МТЗ. На канвееры мы збіралі гідраруль. Я, тады шчупленькае дзяўчо, даволі хутка навучылася ўпраўляцца з важкім гаечным ключом памерам 24х27. Першым часам былі крывавыя мазалі на руках, але не затрымлівала канвеер. На зборцы ў той час працавала ў асноўным моладзь гадоў да трыццаці, усе былі дужыя, спрытныя. Заданні штозменна былі напружаныя — вялікая краіна патрабавала ўсё больш мінскіх трактароў. Камсамольска-маладзёжныя брыгады, спаборніцтвы паміж імі патрабавалі ўсё большых тэмпаў. Завіхаліся ўсе шчыра. Я марылася да ўпаду. Цяжка было прывыкаць і да двухзменнага графіка, і да такога працоўнага рытму. Сваё 18-годдзе я ўжо сустракала ў шэрагу трактарабудаўнікоў. Сабралі ўсю змену з канвеера, сказалі самыя цёплыя, пранікнёныя словы, уручылі прыгожую кнігу пра завод і сувенір — бронзавую статуэтку дзяўчынкі. Тая ўрачыстасць, падтрымка і тыя падарункі і зараз саграваюць мае ўспаміны. Як і добразычлівыя настаўленні майго першага майстра Васіля Шарага, вопытнай зборшчыцы Тамары Бялятка. Яны пастаянна падтрымлівалі маладых падчас іх асабовага і прафесійнага станаўлення, не дазвалялі даць сабе слабінку, пашкадаваць сябе. Калі было цяжка, вучылі трымаць свае эмоцыі пад кантролем, з годнасцю пераадольваць любыя выпрабаванні.

Іх жыццёвая навука стала грунтам для майго сталення і пуцяводнай зоркай у лёсе трактарабудаўніка.

Праз шэсць гадоў я пайшла ў дэкрэт, а пасля яго мяне накіравалі на механічны ўчастак, па-ставілі на свідравальны станок. Свідравальшчык — таксама спецыяліст, не прадастаўлены сам сабе: ты залежыш ад хуткасці і якасці працы папярэдняга выканаўцы, ад цябе залежыць тэмп выканання задання наступнага працаўніка. А гэта значыць, што расслабляцца не было калі, прыходзілася прытрымлівацца агульнага рытму.

У гэтым, ужо другім калектыве Лілія Міхайлаўна таксама лёгка ўвайшла ў курс справы. Пры падтрымцы старэйшай калегі Раісы Казак і пад кіраўніцтвам майстра Анатоля Арцёменкі спрытна засвоіла новую спецыяльнасць і бездакорна выконвала свае абавязкі. А пасля загарэлася жаданнем асвоіць яшчэ і такарныя станкі. І не толькі дабілася свайго, але нават стала токарам чацвёртага разраду, што для жанчыны вельмі значнае дасягненне ў гэтай своеасаблівай прафесіі. Усяго на станках Лілія Міхайлаўна працавала звыш 20 гадоў!

Набыты вопыт ёй вельмі спатрэбіўся, калі яна перайшла ў вытворча-дыспетчарскае бюро цэха. Камплектаваць дэталі ёй прыемней і лягчэй, чым тым, хто не ведае, як яны робяцца.

— Штомесяц з нашага цэха на збыт накіроўваецца дэталей да 200 найменняў. Адказнасць у камплектоўшчыка вялікая, — распавядае Лілія Зубава. — Па заказах цэха кансервацыі і ўпакоўкі — склада гатовай прадукцыі мы падбіраем трактаракамплекты на збыт, якія адгружаюцца на экспарт. Зараз, да прыкладу, яны ідуць у Расію, Украіну, Егіпет, Пакістан. Трэба ўсё гэта даставіць у найлепшым выгля-дзе. З маёй напарніцай Раісай Бабёр мы ўважліва сочым за пра-вільным падборам наменклатуры, колькасцю, якасцю афарбоўкі. Рыхтуем на кожную дэталь біркі, падпісваем усе неабходныя даныя ад рукі. Прычым на трактаракамплекты ў Егіпет, Камбоджу, Сербію, Румынію біркі павінны быць запоўнены своеасаблівым чынам: прозвішча камплектоўшчыка — на кірыліцы, камплектацыя — на лацініцы. Уважлівасць і асабістая адказнасць — самыя неабходныя ў нашай справе. Якасць нашай працы правяраюць высокапрафесійныя кантралёры бюро тэхнінага кантролю Тамара Копаць і Галіна Субач.

Лілія Зубава, партрэт якой размешчаны на завадской Алеі гонару.

Адправіць якасную прадукцыю — гэта толькі адна з важнейшых задач камплектоўшчыка, другая — зрабіць гэта своечасова. Для аператыўнага выканання заказаў цэха кансервацыі і ўпакоўкі — склада гатовай прадукцыі мы стараемся загадзя падрыхтаваць трактаракамплекты паводле месячнага плана, нярэдка апярэджваючы заказ, каб, як толькі менавіта гэтыя камплекты спатрэбяцца і іх запатрабуюць, адразу ж даставіць. Не раз бывалі амаль кур’ёзныя выпадкі, калі пасля званка з ЦКіУ – СГП у чацвёрты механічны заказ дастаўляўся праз пяць мінут. Там не верылі сваім вачам, як такое магчыма.

Ліліі Міхайлаўне прыемна працаваць у дружным калектыве ВДБ пад кіраўніцтвам патрабавальнага майстра Сяргея Харлапа і маладога начальніка бюро Паўла Скварчэўскага, чэмпіёна Беларусі па гіраваму спорту, разумнага і таленавітага спецыяліста. Лілія Зубава — брыгадзір брыгады камплектоўшчыкаў, таму пастаянна адчувае адказнасць і за арганізацыю працы сваіх калег. А яшчэ яна прафгрупорг вытворча-дыспетчарскага бюро чацвёртага механічнага, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, што не можа раўнадушна абысці тыя сітуацыі, якія патрабуюць неадкладнага рашэння і выхад з якіх яна ведае. Знаходзіцца ў гушчы падзей, дапамагчы словам і справай — жыццёвы прынцып Ліліі Міхайлаўны.

З юнацтва яна была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, спявала ў школьным хоры. Іх дуэт з дваюраднай сястрой Галінай Смолкай быў вядомы і ў роднай Любчы, што на Навагрудчыне, і нават у цэлым раёне. У спектаклях драматычнага гуртка, сцэнарыі для якога пісала адна-класніца Ліліі Галіна Карпеня, яна з захапленнем іграла ролі гумарыстычных персанажаў. А стала працаваць на МТЗ, адразу ж пайшла ў танцавальны калектыў завадскога Палаца культуры “Лявоніха”. На ўсіх карпаратыўных вечарах, у турыстычных паездках і калектыўных выездах на прыроду Лілія Міхайлаўна запявала. Яе моцны прыгожы голас любяць таварышы па працы і з вялікім задавальненнем падпяваюць папулярныя народныя і эстрадныя песні.

— Завод і наш цэх для мяне сталі сапраўды маім лёсам, другім домам, школай жыцця, дзе за трыццаць тры гады я набыла шчырых сяброў, з якімі дзелім і смутак, і радасць. Тут я мела магчымасць не толькі развівацца прафесійна, але ў нашым цэху, дзякуючы актыўнаму старшыні цэхавага прафсаюзнага камітэта Валянціну Мінко і пад-трымцы начальніка МЦ-4 Васіля Буцько, нямала пабачыць у турыстычных паездках. У свой час мы бывалі ў Вільнюсе, Рызе, Санкт-Пецярбургу, наведвалі славутыя мясціны Беларусі. Сёлета разам сутракалі Першамай на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Хутка збіраемся ў Жыровічы, спадзяемся, што паездка будзе цікавай.

Шмат цудоўных краявідаў, гарадоў і паселішчаў на зямлі, але найбольш я люблю сваю Нава-грудчыну, мясціны майго дзяцінства, дзе ў роднай Любчы насупраць нашай хаты стаіць векавая царква з надзвычай багатым іканастасам, а на замчышчы валанцёры аднаўляюць старажытны маёнтак, пад якім шырока разлівае вясной свае воды Нёман. А яшчэ я вельмі люблю свой завод і сваіх калег і жадаю кожнаму з іх, гэтаксама, як дачушцы Волечцы і ўнучку Мацвейку, здароўя, каб у іх усё ладзілася, як яны таго хочуць.

Лідзія Міхайлаўна кажа: калі даведалася, што напярэдадні чарговага дня нараджэння МТЗ яе партрэт будзе змешчаны на завадской Алеі гонару, ад нечаканасці была ў шоку:

— Ніколі не думала, што мая сціплая праца будзе так высока адзначана. Разумею, што гэта ацэнка працы ўсяго нашага бюро, і яна накладвае дадатковую адказнасць.

Павел СКВАРЧЭЎСКІ, начальнік вытворча-дыспетчарскага бюро механічнага цэха № 4:
— Праца нашых камплектоўшчыкаў вырабаў і інструменту — своеасаблівы барометр працы ўсяго калектыву цэха. А своечасовая камплектацыя і дастаўка неабходных трактаракамплектаў і дэталяў па месцы назначэння — аб’ектыўны паказчык надзейнага выканання дамоўленасцяў усяго нашага завода. Мы адпраўляем дэталі па кааперацыі, і выкананне плана па гэтым паказчыку залежыць у тым ліку і ад граматных дзеянняў Ліліі Зубавай. У цэху кансервацыі і ўпакоўкі — складзе гатовай прадукцыі ведаюць: калі заяўка паступае Ліліі Міхайлаўне, яна будзе выканана імгненна. Такія працаўнікі — сапраўдны прыклад шматгадовай самаадданай працы. Мы ганарымся, што на завадской Алеі гонару разам з партрэтамі самых лепшых працаўнікоў МТЗ цэлы год будзе знаходзіцца і партрэт нашай калегі.

Тамара КОПАЦЬ, кантралёр бюро аддзела тэхнічнага кантролю:
— Лілія Міхайлаўна вельмі адказная працаўніца, якая бездакорна выконвае любое даручанае ёй заданне. Усё яна робіць з лёгкасцю і гумарам. Яна вельмі багатая і прыгожая душой, умее шчыра і самааддана сябраваць. З ёй хораша і працаваць, і адпачываць. Яе задушэўныя песні саграваюць і натхняюць на добрыя справы. Мы рады за сваю сяброўку, за тое, што Лілія ўдастоена права ўпрыгожваць Алею гонару.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий