Леанід Загуста: «Шчасце не ў грашах, а ў шчырым сяброўстве і моцнай сям’і»

Тракторозаводцы

Цікавы і поўны пошуку сапраўднага месца ў жыцці лёс Леаніда Загусты, зараз наладчыка халоднаштамповачнага абсталявання ўчастка малых серый прэсавага цэха, не быў прамым і лёгкім, аднак мой суразмоўца ім задаволены.

За сорак адзін год работы на Мінскім трактарным заводзе пасля сталічнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча машынабудаўнікоў № 94 яму давялося папрацаваць і слесарам-рамонтнікам прамысловага абсталявання ў механазборачным цэху № 3, і слесарам механа-зборачных работ на асваенні і зборцы навейшых у васьмі-дзесятыя гады ўніфікаваных кабін у прэсавым цэху, і вадзі-целем-транспарціроўшчыкам у вытворча-дыспетчарскім бюро гэтага цэха… А як толькі пачалі ў прэсавым ствараць участак малых серый, Леанід Барысавіч з вялікім зацікаўленнем перайшоў у гэта падраз-дзяленне, бо тут 21 год назад асвойвалі з першага болціка-вінціка найноўшыя на заводзе станкі, якіх ні ён, ні яго таварышы ніколі не бачылі. Менавіта на гэтым участку з’явіліся першыя на МТЗ лазерныя, а потым і плазменныя станкі. Вывучэнне іх ішло на ўчастку з вялікім энтузіязмам. І сярод самых старанных працаўнікоў, якія сталі за іх, быў Леанід Загуста.

— А ўжо ў 2008 годзе для нашага ўчастка быў закуплены яшчэ і першы гібачны аўтаматычны швейцарскі станок. Вось мне тады і пашчасціла паехаць вывучаць яго ў Швейцарыю, — распавядае Леанід Барысавіч. — А потым я ўжо дзяліўся набытымі ведамі ў цэху са сваімі таварышамі. Яны не менш ахвочыя да ўсяго новага, чым я, бо на сваім участ-ку мы ўжо два дзесяцігоддзі вырабляем арыгінальныя дэталі для навейшых мадэляў трактароў. Праз нашы рукі прайшлі новыя дэталі для «Беларусаў» серый 1221, 1522, 2522, 3022, 3522, 4522, і ўсе яны з кропкамі 1, 2, 3, 4, 5, 6. Была і серыя шахтных ды лясных машын з рознымі маніпулятарамі. Сёння мы заняты вы-творчасцю разнастайных дэталяў для машын палівачнай АВС-4224, снегаўшчыльняльнай МСУ-622 і лёдазалівачнай навясной МЛ-428.

Уся наша работа надзвычай цікавая. Яна, з аднаго боку, практычная, з другога — даследчая, патрабуе пастаяннага звароту да чарцяжоў і тэхналагічных працэсаў, змушае няспынна паглыбляць свае прафесійныя веды і ўдасканальваць навыкі. Мы ўвесь час працуем у шчыльнай звязцы з начальнікамі тэхналагічнага бюро прэсавага цэха Сяргеем Віднікевічам і начальнікам праектна-тэхналагічнага бюро халоднаштамповачнай вытворчасці ўпраўлення галоўнага тэхнолага Артурам Сватком. Усе гады мы ўзаемаабагачаемся: яны нам — тэорыю, мы ім — свае ідэі і практычнае ўвасабленне вынікаў сумеснага пошуку.

Трэба сказаць, што Леанід Барысавіч абслугоўвае восем сучасных складаных станкоў, і ўсе яны рознага тыпу. Гэта і гідрапрэсы, і лістагібачная машына, і гібачны праграмны станок, і гібачны станок з паваротнай балкай для рознай таўшчыні і шчыльнасці металаў… Працы дастаткова на ўсю змену, а часам прыходзіцца і пасля яе застацца, каб заўтра не затрымліваць пачатак вытворчага працэсу.
Леанід Загуста даражыць добрым іміджам калектыву ўчастка і стараецца ўласнымі намаганнямі больш садзейнічаць яго поспехам.

— У нас вельмі моцны мужчынскі калектыў, — кажа ён. — Пачынаючы з яго старшага майстра Мікалая Поклада і майстроў Аляксандра Асмаковіча ды Андрэя Круся, вопытнага штампоўшчыка, нашага брыгадзіра Дзмітрыя Атцецкага, маладога высокаадукаванага спецыяліста ў плане электронікі Пятра Доўнара — у нас кожны трымаецца прынцыпу «адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго», бо прафесіяналы высокага кшталту не могуць інакш. На ўчастку няма ніводнага чалавека, праца якога не была б адзначана кіраўніцтвам цэха, а многія маюць падзякі і ад кіраўніцтва завода.

Трэба адзначыць, што, калі кандыдатура самога Леаніда Загусты была прапанавана на завадскую Алею гонару, і калектыў участка, і кіраўнікі цэха аднагалосна падтрымалі яе.

Бо былы дэсантнік — прыклад адданай працы на карысць калектыву і прадпрыемства, чалавечнасці і таварыскай спагады да кожнага.
За гады працы на нашым прадпрыемстве Леанід Барысавіч успрымае яго ўжо як свой другі дом.

— Тут я пазнаёміўся з выдатнымі людзьмі. Наша сяброўства і ўзаемападтрымка ў цэху скавана гадамі, — кажа ён. — Усе мы аднадумцы.
Усе імкнемся параіцца, унесці нешта слушнае сваё ў агульную справу, дапамагчы адзін аднаму, працаваць так, каб быў дастойны агульны вынік.

Тут, у прэсавым цэху, сустрэў Леанід і прыгажуню Галіну, маляра фарбавальнага ўчастка. У 1987 годзе маладыя зладзілі вяселле. Трыццаць два гады сумеснага жыцця праляцелі, як адзін шчаслівы дзень — у згодзе ды каханні. Спачатку жылі ў завадскім інтэрнаце, а праз час атрымалі ад завода кватэру. Выгадавалі сына. Зараз Дзмітрый Загуста капітан міліцыі, працуе ў дарожнай аўтаінспекцыі Партызанскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў горада Мінска. Падарыў бацькам унука. Чатырохгадовы Стасік цяпер галоўны клопат і радасць і для маладой сям’і, і для дзядулі ды бабулі. Леанід Загуста зазначае, што вельмі ўдзячны сваёй жонцы за яе невыказную дабрыню і чыстае святло яе самаадданай душы. А ўнук з дзедам — найлепшыя сябры. Самая вялікая радасць для іх — сесці на веласіпеды і даехаць да жураўлінага балота, што недалёка ад іх дачы пад Рудзенскам.

— Мясціны ў нас там проста казачныя. На балоце мы цікуем за жураўлямі. А светлабокі бярэзнічак, багаты грыбамі, заманьвае баравічкамі ды чырвонагаловымі падасінавічкамі, — апісвае месца свайго штотыднёвага адпачынку мой суразмоўца. — А непасрэдна на дачным участку мы з унукам працуем. Ён дапамагае мне ў парніках парадкавацца. А бабулі — яе шматлікія і вельмі прыгожыя кветкі паліваць.

Зямное шчасце сваё Леанід Загуста бачыць у шчырым сяброўстве і моцнай сям’і і дадае:

— Але толькі не ў грашах яно, не ў аўтамабілях і колькасці кватэр. Шчасце ў нашых дзецях, у той моладзі, што прыходзіць нам на змену на завод. І мне хочацца яшчэ зрабіць штосьці карыснае, каб нашай моладзі было лягчэй, чым нам, і ў працы, і ў жыцці.

Думка
Мікалай ПОКЛАД, старшы майстар участка малых серый прэсавага цэха:
— Леанід Барысавіч — выдатны, добрасумленны працаўнік, добры чалавек, надзейны таварыш. Ён ніколі не шукае больш лёгкага задання. Наадварот, там, дзе складана, ён самы першы. Цікаўнасць, жаданне ўмець і ведаць усё больш і больш, здольнасць адчуваць цяжар на душы другога чалавека і падтрымаць яго ў такія мінуты — гэта ўсё пра яго, нашага Леаніда Барысавіча. Я без сумнення аддаў свой голас за кандыдатуру на Алею гонару нашага прадпрыемства гэтага цудоўнага калегі, разважлівага, стрыманага і адначасова прынцыповага ў справе. Яго аўтарытэт у нашым калектыве бясспрэчны, а жаданне быць карысным кожнаму відавочнае.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий