Іван Кальвінкоўскі: «Косім шматгадовыя травы»

Тракторозаводцы

У сельскагаспадарчым цэху «Гайна» ў разгары першы ўкос траў. На гэтай працы задзейнічаны падборшчыкі зялёнай масы «Палессе», двое грабель, якія зграбаюць скошаную траву ў валкі, і дванаццаць адзінак трактароў розных марак з прычэпамі для адвозкі траў. Вопытныя механізатары спяшаюцца нарыхтоўваць травы ў самай пажыўнай стадыі іх росту.

Пачалася сёлетняя касьба з сеяных палеткаў. Купкоўка, цімафееўка, чырвоная канюшына з-за халоднай вясны далі не столькі зялёнай масы, як спадзяваліся ў гаспадарцы, тым не менш плён працы не засмучае.

Як расказаў у нашай гутарцы заатэхнік гаспадаркі Іван Кальвінкоўскі, усяго механізатарам неабходна ўбраць 1114 гектараў шматгадовых і лугавых траў. Напачатку касьбы 150 тон скошаных і сабраных у сухое надвор’е траў былі загорнуты ў стрэйч-плёнку, астатняя зялёная маса дастаўляецца ў траншэі для нарыхтоўкі сенажу. Дарэчы, яго сёлета трэба нарыхтаваць 12 тысяч тон. А каб забяспечыць паўнацэнны паўтарагадовы рацыён усёй буйной рагатай жывёле ў колькасці 2943 галавы, 997 з якіх — дойны статак, на кожную ўмоўную галаву неабходна нарыхтаваць па 34 кармавыя адзінкі. Таму запланавана з добра падкормленых лугавых траў нарыхтаваць яшчэ і 460 тон сена, а таксама 13 тысяч тон кукурузнага сіласу, для якога сёлета ў гаспадарцы пасеяна 1009 гектараў «царыцы палёў».

— І няхай першы ўкос шматгадовых траў нас пакуль не вельмі радуе, мы ўсё ж спадзяёмся на тое, што зможам не толькі выканаць, але і перавыканаць планавыя паказчыкі па нарыхтоўцы ўсіх неабходных для нашай жывёлы кармоў, — зазначае Іван Аляксеевіч. — А каб другі ўкос быў больш важкім, пасля першага добра падкормім усе палеткі шматгадовых траў. І хаця чэрвень прыйшоў да нас не цёплым, ды дождж ідзе не як просяць, а як косяць, лета ўзяло верх над халадамі і спрыяе актыўнаму росту траў.

Наталия ХЛЕБУС. Фото автора.



Добавить комментарий