Хто ён — беларус?

Социум

Вы ніколі не задумваліся над тым, хто такія беларусы? Што адрознівае нас ад іншых? Грошы, мова, месца жыхарства, традыцыі, гісторыя — усё гэта з’ўляецца рысамі адрознення, але пры жаданні гэта магчыма і скасаваць. Мовай больш мы карыстаемся, на жаль, рускай, чым роднай, беларускія грошы можна змяняць на замежную валюту, таксама магчыма змяніць і месца жыхарства. У гарадах дзеці па хатах на Каляды не ходзяць, а нашы вяселлі больш нагадваюць тыя, што паказваюць нам у амерыканскіх фільмах.

Прынамсі, шмат свят з «іх» культуры прыходзіць да нас. Напрыклад, некалькі маіх сяброў штогод святкуюць Halloween. А гісторыю наогул можна разглядваць з розных бакоў.

Так хто ж мы такія? Беларусы — усходнеславянскі народ, этнас, нацыя. Агульная колькасць — каля 9,4 мільёна чалавек. Пражываюць пераважна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе з’яўляюцца дамінантнай нацыянальнасцю, і г. д. Але ёсць у нас яшчэ і менталітэт, які, безумоўна, адрознівае нас ад астатніх.

Мяркую, ёсць у нас нешта такое, што заяўляе ўсяму сусвету, што мы — беларусы, мы — нацыя са сваёй гісторыяй. Я спытаў некалькі чалавек, жыхароў нашай краіны: «Хто такі сапраўдны беларус?». І атрымаў вельмі цікавыя адказы.

Караліна ПРОНІНА, студэнтка:

— Сапраўдныя беларусы, я лічу, — тыя, хто заўсёды размаўляе па-беларуску, шануе нашу краіну і паважае яе. Думаю, такія людзі ёсць.

Аксана БЯЗЛЕПКІНА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Для таго, каб даведацца, ці сапраўдны беларус той ці іншы чалавек, трэба здаць аналізы. І доктар скажа пра вынікі. Калі чалавек хоча быць сапраўдным беларусам, а па аналізах ён не такі, то можна пайсці на аперацыю. Але трэба ведаць, што прышытае потым будзе цяжка адрэзаць. І ў апошнім сказе я амаль не жартую.

Святлана ІСАЁНАК, студэнтка:

— На мінулым тыдні мела магчымасць тры дні правесці з украінцамі, якія прыехалі да нас на семінар. І яны былі здзіўлены, па-сапраўднаму здзіўлены той атмасферай сяброўства, дабрыні і шчырасці, якая панавала на мерапрыемстве, і не толькі на ім. Мне здаецца, што беларус — шчыры! Гэта не значыць — дурны альбо просты. Гэта значыць, што ён не адыходзіць ад сваіх фундаментальных прынцыпаў і заўсёды паступае па сумленнасці.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, студэнт:

—  Шмат для каго, на жаль, быць беларусам — гэта насіць вышыванкі, скакаць праз вогнішча, хадзіць на вячоркі, есці бульбу кілаграмамі, піць медавуху, ныць усім, што ты гаротнік, партызаніць на вайне, памерці ў 40.

Інга ВОЮШ,  кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Нічога асаблівага для гэтага не трэба. Трэба проста быць.

Гражына ГУЗІК, студэнтка:

— Быць сапраўдным беларусам — значыць дапамагаць іншым, падтрымліваць у складаных момантах, быць міралюбівым, сумленным, гасцінным чалавекам.

Кацярына МЯСНІКОВА, бібліятэкар:

— Мяркую, што беларус — гэта той чалавек, які любіць сваю зямлю і не абавязкова павінен жыць на ёй. Чытае беларускую літаратуру, паважае родную мову, гісторыю. Гэта патрыёт, сумленны і шчыры.

*   *   *

Я дакладна не ведаю, хто такі сапраўдны беларус, але мяркую, што гэты чалавек імкнецца праславіць нашу Бацькаўшчыну, каб увесь сусвет паважаў яе, а кожны беларус — ганарыўся, што жыве ў Сінявокай.

Адоль КАСТУСЕВІЧ.

 



Добавить комментарий