Ганна Турку: «Не раз для маіх родных балотная купіна была падушкай, а лясны мох – коўдрай»

Тракторозаводцы

Вячаслаў Быкоўскі каля партызанскай зямлянкі.

Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны лёс усёй вялікай сям’і Быкоўскіх аказаўся цесна звязаны са знакамітай партызанскай брыгадай “Буравеснік”. Толькі мары аб шчасці дзяцей, аб светлай будучыні дапамаглі выжыць у тых жудасных умовах.

– Мой дзядуля – Вячаслаў Быкоўскі – нарадзіўся 20 чэрвеня 1931 года, – гаворыць Ганна Турку, унучка Вячаслава Аляксандравіча. – Ён быў шостым сынам у Аляксандра і Браніславы – маіх прадзеда і прабабулі. У сям’і былі адны хлопцы.

20 чэрвеня 1941 года Вячаславу споўнілася дзесяць гадоў. Ён памятае, як у той сонечны дзень рана прачнуўся з радасным настроем. Маці паставіла ў печ калач, а старэйшыя браты падаравалі яму самаробную дудачку. Але ўжо праз некалькі дзён да вёскі дакацілася страшэнная вестка – пачалася вайна. Вайна страшная не толькі тым, што гінуць людзі, але і тым, што паўсюдна чутны крык і плач дзяцей і жанчын.

Немцы не адразу дабраліся да вёскі Каладзіно. 24 чэрвеня 1941-га ў неба ўзняліся шэсць нямецкіх самалётаў. Савецкія знішчальнікі пачалі іх абстрэльваць. Варожыя самалёты павярнулі на захад, але пры гэтым сыпалі бомбы на мірных жыхароў. Іх маршрут праходзіў праз вёску Каладзіно, і менавіта ў гэты дзень вёска сустрэла вайну. Бомбы знішчылі некалькі дамоў. Адна такая бомба ўпала каля сына Аляксандра і Браніславы. Зямля ўзнялася дыбам – і двухгадовы Вацлаў упаў нічком. Пачаліся пажары, мітусня, хлопчыка аднеслі далей ад хаты, на агарод. Усе пачалі тушыць шугаючую страху. З рэчкі прыбег мой дзядуля Вячаслаў. Яго брат Казімір сказаў аб гібелі любімага малодшага браціка. Дзядуля, канечне ж, не хацеў верыць такім жудасным навінам і адразу ж пабег да Ваціка. Прыбегшы на гародчык, ён убачыў… браціка, які сядзеў і плакаў. Напэўна, выбухнай хваляй яго кантузіла, але потым ён адышоў. Вось толькі пасля гэтага ўжо нічога не чуў, а потым нават і размаўляць зусім перастаў.

Янусь Быкоўскі.

Праз некаторы час па вёсцы пайшлі чуткі, што недзе ў лесе ствараецца партызанскі атрад. Няма нічога горш, чым не мець магчымасці што-небудзь зрабіць, калі побач гора. І вось Аляксандр, мой прадзед, пачаў шукаць партызан. Аднойчы яму пашанцавала: ён сустрэў у лесе двух мужчын. Гэта былі Н. Пакроўскі, першы сакратар Рудзенскага райкама партыі, і капітан Сяргееў. Яны распавялі, што многія ў атрадзе ўжо паранены, не хапае медыкаментаў і ежы, што дапамога прадзеда будзе вельмі карыснай.

Так Аляксандр Быкоўскі стаў разведчыкам і сувязным у партызанскім атрадзе. Ніхто ў вёсцы нават не здагадваўся аб гэтым. Спачатку сям’я Быкоўскіх забяспечвала атрад ежай. Старэйшы сын, Янусь, працуючы на трактары, зарабіў шмат жыта. З гэтага жыта Браніслава Мартынаўна пякла хлеб, а малодшыя сыны лавілі рыбу ў рэчцы і збіралі мёд на сямейным пчальніку. Ноччу Аляксандр са старэйшымі сынамі насілі партызанам прыгатаваную ежу. У іх хаце на гарышчы вісеў ліхтар. Калі немцы прыходзілі ў вёску, Аляксандр запальваў яго. Партызаны, бачачы з лесу агеньчык у далёкай хаце, ведалі, што ў вёсцы фашысты.

Вясковая моладзь на чале з Аляксеем Іванавічам Пятровічам, былым афіцэрам, арганізавала сваю падпольную групу. У яе склад уваходзіў і Янусь, старэйшы сын Быкоўскіх. Дзейнічала група ў вёсцы.

У снежні 1941 года немцы даведаліся аб месцазнаходжанні партызанскага атрада пад камандаваннем Пакроўскага. Пачаліся баі. Вораг перамагаў сілай і колькасцю зброі. Было забіта шмат партызан, і, каб захаваць байцоў атрада, “Буравесніку” прыйшлося перамясціцца ў Магілёўскую вобласць. Тым часам падпольная група вёскі на чале з Аляксеем Пятровічам актывізавала свае дзеянні. Немцы пачалі вылічваць, хто шкодзіць, калі партызаны адышлі. Барацьба падпольшчыкаў станавілася ўсё больш небяспечнай, ды і з вінтоўкай асабліва не паходзіш. I Янусь здабыў пісталет для кіраўніка групы – Алёшкі. Калі яны сабраліся на чарговы сход, Янусь узяў зброю з сабой.

Вячаслаў Быкоўскі.

Падпольшчыкі распрацоўвалі план наступнай аперацыі, калі раздаўся грукат у дзверы і ўварваліся раз’юшаныя паліцаі. Алёша Пятровіч схапіў пісталет, які прынёс яму Янусь, і некалькі разоў стрэльнуў у паліцаяў. Аднаго яму ўдалося застрэліць, а астатнія ў паніцы разбегліся. Алёша Пятровіч пайшоў у лес, а Янусь вярнуўся дадому, бо калі б ён пайшоў у лес, то загінула б уся сям’я.

Раніцай паліцаі вярнуліся ў вёску з падмогай. Бацькоў Аляксея Пятровіча расстралялі адразу, а іх хату спалілі. Януся і яшчэ некалькіх удзельнікаў групы арыштавалі. Усіх мужчын вёскі сабралі на цэнтральную плошчу і страшэнна збілі дубінкамі, дапытваючыся, хто яшчэ ўваходзіў у групу, хто мае сувязь з партызанамі, але ўсе маўчалі. Паліцаі павезлі арыштаваных у суседнюю вёску Цеплень. А сяляне пахавалі Зінаіду Іванаўну і Івана Францавіча на папялішчы іх роднай хаты. У пачатку нулявых гадоў нашчадкі Пятровіча перазахавалі астанкі на вясковых могілках.

У Цяплені паліцаі доўга катавалі Януся і яго сяброў, але, каб было сказана хоць адно слова, загінула б уся сям’я і была б спалена хата. Янусь маўчаў. 13 сакавіка 1941 года, не дабіўшыся ніякіх звестак аб партызанах, немцы прывязалі Януся да слупа і стрэлілі ў жывот, каб ён, доўга пакутваючы, паміраў. Недалёка паставілі ахоўнікаў, каб ніхто не змог падысці і дапамагчы. Толькі праз пару дзён прадзед змог ноччу выкрасці цела Януся і пахаваць на вясковых могілках…

Аляксандр і Браніслава Быкоўскія.

Алёша Пятровіч набраў вялікую колькасць людзей і ўзначаліў партызанскі атрад № 4. Аляксандр Быкоўскі са сваімі сынамі стаў збіраць звесткі пра немцаў для гэтага атрада.

Не аднойчы яшчэ прыйшлося глядзець у вочы смерці жыхарам вёскі Каладзіно. На іх вачах быў павешаны сувязны партызан Даніла, спалена суседняя вёска Рудкова, якая так і не адбудавалася пасля вайны.

Не раз парываліся немцы спаліць і Каладзіно. У канцы 1942 года ўсіх жыхароў вёскі сабралі ў адной хаце, пагражаючы спаліць, калі яны не прызнаюцца, дзе знаходзяцца партызаны. Але людзі маўчалі. Тады фашысты сказалі, што зараз пойдуць у лес, і, калі нават хто-небудзь у лесе стрэліць у іх бок, яны ўсіх спаляць.

Дзякуючы майму дзеду, своечасова аб гэтым былі папярэджаны партызаны, якія ўсё ж такі паспелі адысці глыбей у лес. Нікога не знайшоўшы ў лесе, фашысты вярнуліся ў вёску. Яшчэ суткі патрымалі жыхароў без ежы і вады, а потым зміласцівіліся і адпусцілі.

У красавіку 1943 года ў лес каля вёскі Каладзіно перабазіравалася брыгада “Буравеснік” пад камандаваннем Міхаіла Мармулёва. Да гэтага часу Алёша Пятровіч ужо стаў начальнікам санітарна-медыцынскай службы брыгады, а атрадам № 4 стаў камандаваць Леанід Сарокін. Нязменнымі разведчыкамі і сувязнымі заставаліся мой прадзед Аляксандр і яго сыны Казімір, Вячаслаў і Вольгерд. Дапамагаў нават сабака, якога клікалі Абрэк. Як толькі ў вёску ўваходзілі гітлераўцы, ён бег да партызан. I яны ўжо ведалі: калі Абрэк у лесе – у вёску заходзіць нельга. Аднойчы ўпоцемках партызан, п’яны, стрэліў у сабаку і забіў яго…

Так настала неабходнасць сувязным нашмат часцей хадзіць у лес. Для сувязі выкарыстоўвалі дупло ў асінавым дрэве, каля якога былі схаваны аловак і папера, таму што, калі б злавілі дзяцей з паведамленнем для партызанаў, немцы спалілі б усю вёску. Гэта асінавае бервяно з дуплом захоўвалася ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Мінска, да яго пераезду на новае месца. У музеі таксама знаходзілася фота майго прадзеда Аляксандра Быкоўскага і яго шматлікія ўзнагароды, але зараз, у новым будынку музея, іх, на жаль, ужо не бачна.
Мой дзед Вячаслаў са сваімі братамі, карыстаючыся тым, што дзеці амаль не выклікаюць падазронасці, хадзілі ў разведку ў суседнія вёскі. Яны збіралі грыбы і ягады і насілі па вёсках, дзе размяшчаліся фашысты і паліцаі, назіраючы за колькасцю ворагаў, іх узбраеннем і месцам дыслакацыі, стараючыся падслухаць і даведацца аб далейшых планах ворага. Сабраныя звесткі перадавалі ў партызанскі атрад разам з прадуктамі, якія выменьвалі на гэтыя ягады і грыбы.

Ганна Турку.

Надта частыя візіты ў лес дзяцей не засталіся без увагі. Сусед “падказаў” паліцаям пра сувязь Быкоўскіх з партызанамі. Але яны ўжо мелі вялікую сілу, ды і акупанты вялі сябе не так нахабна, як раней.

Аднойчы стараста вобласці выклікаў майго прадзеда Аляксандра ў раённы цэнтр, быццам бы ён назначае прадзеда старастам вёскі. Адразу стала зразумела, што, калі Аляксандр паедзе туды, то назад ужо ніколі не вернецца. Вырашылі, што ўсёй сям’ёй неабходна ісці ў лес…
Не раз для маіх родных балотная купіна была падушкай, а лясны мох – коўдрай. Не раз чуліся стрэлы над галовамі. Са зброяй у руках мой прадзед, мой дзед і яго браты здабывалі перамогу. Толькі мары аб шчасці дзяцей, аб светлай будучыні дапамаглі выжыць у тых жудасных умовах.

Прадзед Аляксандр прымаў удзел у баявых аперацыях 1 мая 1943 года на шашы Мінск – Слуцк у раёне вёскі Трасцянец, 16 мая 1943-га на шашы Шацк – Валяр’яны, у чэрвені 1943 года, калі была знішчана вярхушка абласнога кіраўніцтва акупантаў, 15–18 лістапада таго ж года на дарозе Узда – Валяр’яны, дзе трымалі наступальны бой сем гадзін запар. Да вясны 1944-га брыгада ўтрымлівала цэлы раён у акружэнні гарнізонаў Шацк, Валяр’яны, Баравыя, Дзешчанка і іншых, паколькі дыслацыравалася ў лесе каля вёскі Каладзіно Уздзенскага раёна.
Толькі ў ліпені 1944 года, калі партызанскія атрады злучыліся з рэгулярнай арміяй, сям’я Быкоўскіх змагла вярнуцца ў вёску.

Адноўленая зямлянка партызанскага атрада ў лесе каля вёскі Каладзіно.

Нарэшце, 9 мая 1945 года наступіў той доўгачаканы час, калі жыхары нашай краіны змаглі ўздыхнуць з палёгкай і з асалодай глядзець у чыстае блакітнае неба.

Партызан, загінуўшых у апошнія дні вайны, членаў брыгады “Буравеснік”, пахавалі каля зямлянкі, у якой яны жылі. Месца гэта назвалі Партызанскімі могілкамі. Летам 2000 года была бура, і старая сасна, якая расла каля зямлянкі, упала і разбурыла гэты помнік вайны. Некалькі гадоў назад зямлянку аднавілі.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне мой прадзед Аляксандр быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”. Прабабуля Браніслава ўдастоена
медаля “За адвагу” і “Медаля мацярынства” I ступені. Мой дзядуля Вячаслаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.

А на хаце прымацавана шыльда з надпісам: “У гэтым доме з 1941 па 1944 год знаходзілася явачная кватэра партызанскай брыгады “Буравеснік”.

Помнік на месцы спаленай фашыстамі вёскі Рудкова.

У майго дзядулі Вячаслава нарадзіліся двое дзяцей: сын, якога назвалі Аляксандрам у гонар прадзеда, і дачка Алена – мая маці.
Дарэчы, Аляксандр Быкоўскі амаль усё працоўнае жыццё прысвяціў Мінскаму трактарнаму заводу. Спачатку быў майстрам у ліцейным цэху № 2, а потым па стану здароўя перайшоў у прэсавы слесарам-інструментальшчыкам участка па рамонце штампаў. На жаль, 18 снежня 2018 года ва ўзросце 59 гадоў ён памер ад анкалогіі. Пахавалі яго на вясковых могіл-ках недалёка ад магіл яго бабулі Браніславы, дзядулі Аляксандра, Януся, якога расстралялі фашысты, а таксама іншых продкаў, якія назаўсёды ўпісалі свае імёны ў летапіс жыцця.

Наша справка

Михаил Глебович Мармулёв (Мормулев) — совет-ский офицер, партизан, Герой Советского Союза.

В первые дни Великой Отечественной войны был ранен. Отправлен в госпиталь под Минском, попал в окружение. С теми ранеными, которые могли держать оружие в руках, ушел в леса. Постепенно мелкие отряды сливались, так образовался знаменитый партизанский отряд «Буревестник». К концу 1941 года Михаил Мармулёв — начальник разведки отряда, а с июля 1942 года — командир. Осенью 1943-го отряд стал бригадой.

Бригада действовала в Холопеничском, Пуховичском, Руденском и Узденском районах. Партизаны совершили более 130 боевых операций, из них более 100 — под руководством Михаила Глебовича.

В 1944 году бригада действовала совместно с частями Красной Армии, освобождала Белоруссию. Партизаны уничтожили не одну сотню вражеских солдат, взяли в плен 975 солдат и офицеров.

Михаил Мармулёв за это время был ранен четыре раза. 15 августа 1944 года указом Президиума Верховного Совета СССР за образцовое выполнение правительственных заданий в борьбе против немецко-фашистских захватчиков в тылу противника и проявленные при этом мужество и отвагу, за особые заслуги в развитии партизанского движения в Белоруссии ему было присвоено звание Героя Советского Союза с вручением ордена Ленина и медали «Золотая Звезда».

Падрыхтавала
Алена Міндлін.
Фота з архіва Ганны Турку.

 



Добавить комментарий