Добры настрой пачынаецца з «Бяседы»

Культура

Ганна КАРАКОВА

«За маладых», «Маруся», «Запрагай-ка, бацька, коней», «Звіняць званочкі», «Вечарынка», «Чарка на пасашок»… Зблытаць немагчыма, гэтыя творы даўно ўжо сталі візітоўкай заслужанага ансамбля народнай музыкі Белдзяржтэлерадыёкампаніі «Бяседа». Святлана Суседчык, Наталля Раманская, Таццяна Лазоўская, Валянцін Кірыленка..

Памылкі быць не можа, талент і прыгожыя галасы гэтых выканаўцаў даўно вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і па-за яе межамі. Дваццацігоддзе творчай дзейнасці адзначыла «Бяседа» ў мінулым годзе, а кожны з іх канцэртаў па-ранейшаму суправаджаецца высокай зацікаўленасцю слухачоў.

Наколькі яскравыя і разнастайныя сцэнічныя дзеі, што прапануе калектыў сваім гледачам, наведвальнікам Палаца культуры МТЗ вядома больш, чым каму. Добрыя творчыя стасункі, якія ўсталяваліся ў «Бяседы» з УП «Культсервіс» МТЗ, зрабіла артыстаў ансамбля аднымі з самых жаданых гасцей на нашай сцэне. Магчымасць пабачыць і пачуць іх прадстаўляецца нам даволі часта. Шырокі пласт самабытнай песеннай культуры Беларусі лёг у аснову творчасці калектыву. Абрадавыя, лірычныя, жартоўныя песні, інструментальныя і сольныя нумары вельмі арганічна спалучаюцца адно з адным у канцэртнай праграме, аздабляюцца сакавітасцю і квяцістасцю народных убораў, і ўсё гэта пры ўмове высокага прафесійнага майстэрства! Акрамя вакальнай у «Бяседзе» працуюць шэсць таленавітых музыкантаў інструментальнай групы на чале з баяністам і кампазітарам Мікалаем Алешкам. Творчае развіццё калектыву немагчыма ўявіць сабе без дзейнасці яго нязменнага мастацкага кіраўніка, народнага артыста Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, кампазітара Леаніда Захлеўнага. Добра вядомы ўсім трактарабудаўнікам, што сочаць за конкурсам самадзейных талентаў МТЗ «Пой, Беларус!» і фестывалем дуэтаў «Песни, которые нас объединяют», бо некалькі гадоў запар узначальвае работу журы гэтых песенных святаў, Леанід Канстанцінавіч ў гэтым годзе адзначае свой 65-гадовы юбілей. Падзякаваць сапраўднаму таленту і ў чарговы раз сустрэцца з яго «Бяседай» мы зможам зноў у Палацы культуры Мінскага трактарнага ў бліжэйшую сераду, 14 лістапада, а 19 гадзіне. Кошт квіткоў — ад 35 да 55 тысяч рублёў.



Добавить комментарий