Час думаць і разважаць

Новости

Ганна КАРАКОВА
Фота аўтара і Віталія Палінеўскага

14 студзеня ў касцёле святога Сымона і святой Алены адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з выкладчыкамі Інстытута журналістыкі БДУ. Сярод запрошаных былі і супрацоўнікі нашага выдання. У час, калі хрысціяне адзначаюць вялікае свята Божага Нараджэння, а святло каляднай зоркі, як вядома, шчодра адорвае сваёй вечнай цеплынёй кожнага, незалежна ад яго веравызнання, магчымасць сустрэцца з іерархам адной з самых распаўсюджаных на Беларусі канфесій — вялікі гонар для любога верніка, а для прадстаўнікоў нашай прафесіі на пачатку новага каляндарнага года — яшчэ і вельмі сімвалічная з’ява. Сустрэчу з журналістамі Яго Экселенцыя пачаў з невялікай экскурсіі па Чырвоным касцёле. Пробашч парафіі ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк пазнаёміў з традыцыйным святочным убраннем каталіцкіх храмаў: панарамай каля ўваходу і сцэнай на Новазапаветны сюжэт ля алтара, да якіх кожны дзень падчас каляд прыходзяць сотні людзей ва ўсім свеце.

Сёння ў Беларусі налічваецца амаль паўтара мільёна каталікоў, дакладную колькасць вызначыць цяжка, бо сістэматычныя запісы пасля гадоў забыцця пачалі весціся толькі з 1991 года. У склад чатырох каталіцкіх дыяцэзій у нашай краіне — Пінскай, Гро-дзенскай, Віцебскай і архідыяцэзіі Мінска-Магілёўскай — уваходзяць больш за 600 парафій. Не кожная з іх мае свой касцёл. У цэнтры Мінска зараз працуюць чатыры храмы, яшчэ пяць вернікі маюць магчымасць наведваць у розных раёнах сталіцы. У гора-дзе выдзеленыя дзесяць пляцовак, на якіх павінны з’явіцца новыя святыні, пяць з іх ужо будуюцца. У краіне каля 500 каталіцкіх святароў, тры чвэрці з якіх — беларусы, прынамсі, яшчэ колькі гадоў таму іх была ўсяго чвэрць. Рыхтуюць клірыкаў ў нашай краіне ў духоўных семінарыях Пінска і Гродна.

Як паведаміў арцыпастыр, у хуткім часе біскупскі корпус каталіцкай Беларусі павялічыцца. Адпаведны дакумент аб гэтым яшчэ 29 лістапада мінулага года падпісаў Папа Рымскі Францішак. Сёння ў нашай краіне чатыры біскупы — Аляксандр Кашкевіч, Антоні Дзям’янка, Казімір Вялікаселец і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а ў хуткім часе з’явяцца яшчэ тры. Біскупам Віцебскай дыяцэзіі ўжо сёння стане Алег Буткевіч, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі праз тыдзень будзе прызначаны Юры Касабуцкі, а 1 лю-тага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі будзе афіцыйна названы Юзэф Станеўскі.

У размове з гасцямі Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў пра

дзейнасць дабрачыннага аб’яднання «Карытас», які аказвае ўсебаковую дапамогу людзям самых розных веравызнанняў, супрацоўнічае з «Карытас» у розных краінах свету і плануе пашыраць сваю дзейнасць.  Актыўна працуе аб’яднанне з сацыяльнымі службамі. Зараз касцёл рыхтуе праграму дапамогі інвалідам.

На Беларусі існуе шэраг каталіцкіх друкаваных выданняў, у тым ліку для дзяцей і моладзі. Сярод іх «Каталіцкі веснік», «Наша вера», «Дыялог». Як ад-значыў Яго Экселенцыя, сёння ўжо недастаткова абвяшчаць Слова Божае толькі з амвона святыні, касцёл актыўна выкарыстоў-вае ў сваёй дзейнасці электронныя сродкі камунікацыі з вернікамі. Вядомы буйны інфармацыйны сайт catholic.by. Традыцыйнымі сталі ўжо штонядзельныя радыётрансляцыі Святой імшы, тэлетрансляцыі ўрачыстасцей з нагоды вялікіх рэлігійных святаў. Будслаўскі фэст, які ладзіцца ў гонар галоўнай святыні Беларусі Абраза Маці Божай Будслаўскай, можна было пабачыць on-line.

Госці мелі магчымасць задаць свае пытанні Яго Экселенцыі біскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Так, былі закранутыя праблемы святынь, што перастаюць дзей-нічаць, толькі з-за адсутнасці насельніцтва ў мясцінах. Было ад-значана, што праблему захавання храмаў і як аб’ектаў культу, і як гістарычна-культурных помнікаў трэба вырашаць касцёлу і дзяржаве разам. Пытанні тычыліся і распаўсюджання каталіцызма ў Кітаі. Каля 15 мільёнаў каталікоў для краіны з насельніцтвам больш за 1 мільярд 300 мільёнаў — гэта зусім няшмат, і тым не менш Слова Божае тут прамаўляюць дастаткова актыўна. На гэту праблему звяртаў увагу падчас свайго пантыфікату Папа Бенедыкт XVI.

Таксама спыніліся госці на ўзаемаадносінах каталіцызма і праваслаўя на Беларусі. Як ад-значыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падзел хрысціянства ўжо шмат стагоддзяў застаецца незагойнай ранай для вялікай колькасці людзей. Другі Ватыканскі сабор, што адбываўся з 1962 па 1965 год, стаў паваротным пунктам для каталікоў свету ў адносінах да іншых канфесій. Каталіцкая царква прызнае ўсе сакрамэнты царквы праваслаўнай, лічыць кожнага хрысціяніна сваім братам. Яшчэ паўвека таму з гэтым былі пэўныя цяжкасці, таму рашэнні Сабора — сапраўды сур’ёзны крок наперад.

Памятаючы запавет Збаўцы ў Евангеллі «Каб усе былі адно», усе рухі ў гэтым напрамку цяжка пераацаніць. Яго Экселенцыя нагадаў пра створаную каталіцка-праваслаўную тэалагічную камісію, міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў «Магніфікат», які на пачатку студзеня праводзіўся ў дзявяты раз у Чырвоным касцёле і сабраў прадстаў-нікоў розных канфесій з больш як дзесяці краін свету. Вядома, што 3 і 4 чэрвеня ў Мінску адбудзецца IV праваслаўна-ката-ліцкі форум. Яго арганізатарам выступае Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы. Упершыню светары такога высокага ўзроўню збіраліся разам ў 2008 годзе ў Трэнта (Італія) і абмяркоўвалі пытанні сям’і ў сучасным грамадстве. Праз два гады тэма сустрэчы для прадстаўнікоў абедзвюх канфесій на востраве Родас (Грэцыя) тычылася адносінаў царквы і дзяржавы, у 2010 годзе ў Лісабоне (Партугалія) — беднасці ў Еўропе. Сваю згоду на ўдзел у форуме 2014 года пацвердзілі ўжо 12 праваслаўных біскупаў. Прынамсі, з 18 па 25 студзеня ў Беларусі пройдзе Ты-дзень малітваў аб еднасці хрысціян у хрысціянскіх цэрквах. Яго Экселенцыя яшчэ раз узгадаў словы святога айца Яна Паўла II пра тое, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі — усходнім і заходнім, і выказаў надзею на тое, што абедзве канфесіі зробяць яшчэ не адзін крок у гэтым накірунку.

Сцяпан Говін, дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі, які не адзін год выкладае студэнтам гісторыю рэлігійнага друку, падараваў іерарху свой твор «Канфесійны друк у Беларусі».

На прыканцы сустрэчы госці наведалі дольны касцёл, папрысутнічалі на рэпетыцыі мона-спектакля па «Маленькіх трагедыях» Пушкіна ў выкананні Га-ліны Дзягілевай, пачулі расповед пробашча  пра з’яўленне ў касцёле копіі Турынскай плашчаніцы, даведаліся пра гісторыю бібліятэкі імя Міцкевіча, праца з чытачом у якой была адноўлена у 1998 годзе, і адзначылі, якую вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць вядзе сёння касцёл.

Пасля цікавай і змястоўнай сустрэчы з архіпастырам кожнаму з яе ўдзельнікаў было прапанавана абраць сабе адну з парад святых. Магчыма, кагосьці гэта крыху жартоўная прапанова прымусіла ўспомніць студэнцкія гады з іх абавязковым «Цягніце білет», і тым не менш, змест абранай парады кожны прачытаў вельмі ўважліва. У маім «білеце» былі словы святой Джанны Берэты Мола: «Во всех мелочах, которые заставляют нас страдать, говори: «Во всем, что случилось «да будет воля Твоя, Господи!» Повторяй это по сто раз на дню!». І я ў чарговы раз падумала, што разам з усімі магчымасцямі, што прапануе чалавеку вера, магчымасць думаць і разважаць, спыніўшыся пасярод няспыннага колазварота жыцця, — адна з самых важных.



Добавить комментарий