Анатоль Лось: «Кожны чалавек павінен быць прафесіяналам на сваім месцы»

Тракторозаводцы

— Мой бацька казаў мне, калі я падрос: «Сынок, ідзі вучыцца на ляснічага. У лесе ж пад кожным кустом — кажух, на кожным кусце — шапка», — успамінае начальнік праектна-тэхналагічнага бюро гальванапакрыццяў аддзела ахоўных пакрыццяў упраўлення галоўнага тэхнолага Анатоль Лось. — Але ў мяне ўжо тады былі ўласныя планы — хацелася зведаць штосьці новае, і гэтым бачылася мне мая ўлюбёная хімія.

Анатоль Іванавіч рос на гомельскім Палессі, у пасёлку Хваенск Жыткавіцкага раёна. Нягледзячы на тое, што бацькі яго былі настаўнікамі — тата, Іван Анатольевіч, выкладаў у мясцовай сярэдняй школе гісторыю, а матуля, Валянціна Аўрамаўна, — геаграфію, дзяцінства хлопчыка было, як і ва ўсіх вясковых дзяцей, запоўнена працай.
— Суніцы, чарніцы, журавіны, грыбы, — гэта збіралася кожнае лета, нарыхтоўвалася на зіму ў вялікай колькасці. Да таго — было вельмі шмат рыбы, мы яе лавілі проста рукамі. А яшчэ ж у гаспадарцы былі свінні, куры, а ў бацькоў не заўсёды хапала часу на іх, таму частка абавязкаў ускладалася на нас. Слова «праца» — самае галоўнае ў маім жыцці з малалецтва, — кажа мой суразмоўца.

З той пары ён ніколі не любіў лайдакоў і марнатраўцаў часу, а сам мэтанакіравана ішоў па жыцці, аддадзены сваёй мары. Ужо з пятага класа хлопчык змешваў матуліны шампуні і пільна назіраў за тым, як яны рэагуюць паміж сабой. А калі ў сёмым класе ў школе пачалі вывучаць хімію, Анатоль Лось так захапіўся ёй, што хутка перасягнуў абавязковы курс і прыняўся за дадатковыя і інстытуцкія падручнікі. Затым быў паспяховы ўдзел у абласных алімпіядах па хіміі, дзе ён уваходзіў у тройку пераможцаў, падрыхтоўчыя курсы на хі-мічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паступленне ў тэхналагічны інстытут імя Кірава на элітную ў той час спецыяльнасць «Тэхналогія электрахімічных вытворчасцяў» і дыплом з адзнакай пасля яго заканчэння.

— Вучыцца мне вельмі падабалася, — зазначае Анатоль Іванавіч. — Прыемна і прасцей авалодваць ведамі, калі ты ўсё робіш сістэматычна і своечасова. У інстытуце я яшчэ і працаваў на кафедры неарганічнай хіміі лабарантам, быў адказным за спартыўны сектар свайго курса, на якім атрымлівалі вышэйшую адукацыю каля чатырохсот чалавек. Час мой быў распісаны па мінутах, але яго хапала яшчэ і на асабістыя заняткі веласпортам, у якім я дарос да кандыдата ў майстры спорту.

Пасля размеркавання на Мінскі электратэхнічны завод менавіта там Анатоль Лось дзесяць гадоў набываў практычны вопыт гальванапакрыцця электрахімічным чынам сталі, чыгуна і іншых металаў дзеля абароны іх ад карозіі, пакрыцця інтэгральных мікрасхем, электролізу раствораў і расплаваў, працы з хімічнымі крыніцамі току (батарэйкамі, акумулятарамі). Трэба адзначыць, што вопыт быў нажыты вялікі. І калі на электратэхнічным заводзе запускалася французская лінія электрафарбавання водаразбаўляльнымі фарбамі, таленавітага інжынера-тэхнолага, захопленага сваёй справай, прыкмеціў былы намеснік галоўнага тэхнолага Мінскага трактарнага Вітольд Ціхановіч. У хуткім часе на МТЗ вызвалілася пасада начальніка праектна-тэхналагічнага бюро гальванапакрыццяў, і Анатоль Іванавіч атрымаў запрашэнне на гэту пасаду.
— Прайшло ўжо амаль чвэрць стагоддзя, — кажа ён. — Зроблена нямала. Найперш, нашым калектывам мы займаліся маштабнай рэканструкцыяй у трох цэхах. У гальванічным аддзяленні механазборачнага цэха № 3 пастаўлена новая аўтаматычная лінія барабаннага цынкавання, а таксама механізаваныя лініі падвесачнага цынкавання і фасфатавання. І ўсё гэта зроблена ў комплексе з лакальнымі ачышчальнымі збудаваннямі ад сцёкаў цяжкіх металаў. Прычым на прыкладзе ўкаранення лініі барабаннага цынкавання мы распрацавалі алгарытм сістэмы аўтаматычнага праектавання гальванапакрыцця дэталяў. З поўнай адказнасцю магу сказаць, што такога праектавання не шмат у цэлым свеце.

Ажыццёўлена і першая частка рэканструкцыі гальванічнага аддзялення цэха № 93 механазборачнай вытворчасці, дзе ўсталявана новая гальванічная лінія барабанна-падвесачнага цынкавання (ЛАЗ) таксама ў комплексе з ачышчальнымі збудаваннямі. Ужо падрыхтавана дакументацыя на ажыццяўленне другой чаргі рэканструкцыі гэтага аддзялення.

Новыя ачышчальныя збудаванні ўкаранёныя ў механічным цэху № 4.

Апроч таго, нам удалося фактычна ўсё справаводства і напісанне тэхналогій перавесці на электронныя носьбіты. Бо да гэтага часу ўсе яны пісаліся на кальках тушшу, што было складана для карэктыроўкі тэхналагічных працэсаў, напісання нарміровачных картаў, распрацоўкі планіровачных рашэнняў. Ну і, вядома, гэта было вельмі марудна. А на электронных носьбітах мы атрымалі магчымасць знізіць працаёмкасць і паскорыць напісанне і выдачу ў цэхі неабходнай дакументацыі.

Адказваючы за арганізацыю працы бюро, якая скіравана на ўкараненне ў вытворчасць сучасных энерга- і рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій, і пры гэтым з невысокім сабекоштам, Анатоль Лось, як кіраўнік гэтага падраздзялення, ўсялякім чынам заахвочвае самастойнасць і крэатыўнае мысленне сваіх супрацоўнікаў. На рэгулярнай аснове яны наведваюць разнастайныя выставы вытворцаў профільнага абсталявання і распрацоўшчыкаў сучасных тэхналогій.

— Дзякуючы размаху нашага прадпрыемства, тут магчыма здзейсніць самыя смелыя задумкі і ўвесці ў эксплуатацыю найноўшае абсталяванне, якім можна ганарыцца і паказваць прыклад сваім калегам машынабудаўнічай галіны краіны, — упэўнены Анатоль Іванавіч. — Таму вельмі хацелася б яшчэ многае рэалізаваць з таго, што задумана, чаго вымагае наш імклівы час.

Сам Анатоль Лось, які быў адным з першых выпускнікоў тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Тэхналогія электрахімічных вытворчасцяў» і скончыў аспірантуру па гэтай спецыяльнасці, разам са сваімі калегамі штогод прымае ў бюро да пяці практыкантаў, з’яўляецца кіраўніком іх практыкі, рэцэнзентам іх дыпломных работ, у тым ліку і па тэхналогіі гальванавытворчасцяў Мінскага трактарнага завода. Анатоль Іванавіч — член дыпломнай камісіі на кафедры тэхналогіі электрахімічных вытворчасцяў, бярэ ўдзел у розных навукова-практычных і навуковых канферэнцыях па сваім профілі.

Што яшчэ варта сказаць пра гэтага неардынарнага чалавека? Нельга забывацца на тое, што Анатоль Лось у свой час «загарнуў», як ён кажа, немалую прыгаршчу чарнобыльскага попелу: у якасці камандзіра ўзвода роты дэзактывацыі шэсць месяцаў займаўся ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскага ліха — дэзактывацыяй зямлі і пабудоў. Тады, яшчэ ў маладым узросце, ён зразумеў сапраўдную каштоўнасць і вялікую радасць жыцця.

Зараз ён вельмі любіць сваіх чатырох дачок і ганарыцца імі. Самая старэйшая, Юля, мае сваю брэндавую фірму ў Маскве. Данута — судовы выканаўца ў беларускай сталіцы і вучыцца завочна на юрыдычным факультэце БДУ. Аліна — студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Яна — навучэнка паліграфічнага каледжа.
— Я ганаруся тым, што ўсе яны пайшлі па жыцці, як і я сам, услед за сваёй марай. Кожны чалавек павінен быць прафесіяналам на сваім месцы.

А, паводле майго разумення, прафесіянал — гэта той чалавек, які імкнуўся да чагосьці канкрэтнага, мае адпаведную адукацыю, падмацаваную вопытам і ня-спынным жаданнем паглыбляць свае веды і ўдасканальваць сваё майстэрства.

Думка
Васіль ЗУЕЎ, намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага тэхнолага — начальнік аддзела ахоўных пакрыццяў:
— І ў сваім бюро, і ва ўсім нашым аддзеле Анатоль Лось вельмі паважаны чалавек, сапраўдны прафесіянал з высокай эрудыцыяй. Ён шмат увагі ўдзяляе прафесійнаму росту маладых калег, якія прыходзяць пасля вышэйшых навучальных устаноў на прадпрыемства з базавымі ведамі, а Анатоль Іванавіч накіроўвае і выхоўвае іх з улікам асаблівасцяў гальванавытворчасці нашага завода. Падначаленае яму бюро — калектыў вы-ключна жаночы, што вымагае асаблівага, далікатнага і тактоўнага стылю кіраўніцтва. Анатоль Іванавіч унаследаваў ад сваіх бацькоў-настаў-нікаў педагагічны дар, таму ён умее знаходзіць агульную мову і з практыкантамі, і з маладымі людзьмі, і з людзьмі сталага веку.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий