Аляксей Мезін: «Быць чалавекам і любіць сваю справу — найважнейшае ў жыцці кожнага»

Тракторозаводцы

— Галоўная апора ў службе, найдабрэйшай душы чалавек, найлепшы спецыяліст, надзвычай актыўны і ініцыятыўны працаўнік, — так характарызуюць у службе энергетыка другога механічнага цэха майстра Аляксея Мезіна. А размова пра яго адбывалася ў час, калі калектыў рыхтаваўся павіншаваць гэтага таленавітага і добразычлівага кіраўніка з юбілеем.

24 студзеня Аляксею Яўгенавічу споўнілася 50. Мы ідзём з ім па цэху, і ён сам не верыць у свой паўвекавы юбілей:
— Як імкліва бяжыць час! Гэта ж, здаецца, толькі-толькі праходзіў вытворчую практыку ў МЦ-2, будучы навучэнцам Мінскага машынабудаўнічага вучылішча № 94, — гаворыць мой сумоўца, — толькі атрымаў накіраванне на працу электраманцёрам па рамонту і абслугоўванні электраабсталявання ў службу энергетыка. Маладым тады даручалі больш простае, пад’ёмна-транспартнае, абсталяванне, бо вопыту яно патрабавала не шмат, а вось спрыт і хуткасць былі неабходныя. А там ужо адным з лепшых працаўнікоў быў тады Іван Мароз. Гэта мой першы настаўнік, які праз усё заводскае жыццё побач са мной і парады якога заўсёды карысныя. У Івана Васільевіча ёсць педагагічны дар, цярпенне яго бясконцае, а расказаць і паказаць ён умее так, что два разы перапытваць ніколі не прыходзіцца. Дзякуючы таленавітаму настаўніку і падтрымцы ўсёй брыгады я даволі хутка ўліўся ў калектыў службы, а праз шэсць гадоў мяне перавялі на абслугоўванне больш складанага абсталявання з павышанай небяспекай — награвальных установак токаў высокай частаты, дзе ўжо неабходны былі асаблівыя ўважлівасць і адказнасць. Яшчэ праз шэсць гадоў я атрымаў шосты разрад, надбаўку да заробку за прафесійнае майстэрства, якая, дарэчы, даецца толькі 2-3 чалавекам са службы. На мяне вялікі ўплыў аказалі сапраўдныя прадстаўнікі тагачаснай тэхнічнай інтэлігенцыі — старэйшы майстар  Уладзімір Гец і энергетык цэха Уладзімір Папоўкін. Яны, заўсёды ветлівыя і стрыманыя, ніколі не павышалі голаса на падначаленых, былі пастаянна там, дзе патрэбна падказка ці вырашэнне пытання проста на месцы мантажа ці паломак абсталявання. Яны і мой першы настаўнік сталі для мяне прыкладам, калі я быў выбраны брыгадзірам, а затым, калі Уладзімір Васільевіч Гец, адыходзячы на пенсію, на сваю пасаду прапанаваў маю кандыдатуру і мяне назначылі майстрам.

За час маёй працы ў цаху ў ім вельмі змянілася абсталяванне: у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя мы запусцілі дзве аўтаматычныя лініі, у двухтысячных — пачалі ўстанаўлівацца апрацоўчыя лініі з лічбавым праграмным кіраваннем. Асвойвалі мы іх па тэхнічнай дакументацыі, з дапамогай інжынераў упраўлення галоўнага энергетыка. Але я стаў адчуваць, што ў новых умовах неабходны не толькі вялікі практычны вопыт, а і немалыя веды. Таму ўжо сталым чалавекам пайшоў зноў вучыцца.

На завочным аддзяленні Мінскага энергетычнага тэхнікума набыў спецыяльнасць «тэхнік-электрык». Гэта мне заўважна дапамагае на пасадзе майстра, бо ведаць я павінен не менш, а значна больш, чым мае падначаленыя, у нас жа зараз працуюць сапраўдныя асы, адданасць справе і майстэрства якіх ведаюць ва ўсім цаху. Два браты Іван і Анатоль Марозы, Валянцін Міхасёў і Сяргей Куль, Ігар Пачкоўскі, які прыйшоў у службу ў адзін год са мной, і роўных якому цяпер у нас няма. Ды і маладзейшыя электраманцёры  — Аляксей Крывіцкі, Уладзіслаў Шалкоўнікаў, Павел Бахцін, Вадзім Кухарэнка — працуюць не менш старанна і адказна, чым іх настаўнікі. Ведаеце, наша справа патрабуе высокага прафесіяналізму. Ад яго залежыць бесперапынная праца абсталявання і яго захаванасць, стабільны вытворчы рытм усяго цэха, ну і, вядома, наша ўласная бяспека.

Любіць сваю справу — гэты прынцып у жыцці стаў галоўным для Аляксея Мезіна. А пачыналася гэта любоў на Гродненшчыне, у горадзе Свіслач. Бацька Аляксея, Яўген Міхайлавіч, быў там вадзіцелем у раённых электрасетках.

— Калі тата прыязджаў на абед, найбольшым шчасцем для мяне было ўхапіць з аўтамабіля «кіпцюры» і паспрабаваць узлезці на слуп, няхай сабе і на пару метраў, — з цёплай усмешкай успамінае Аляксей Яўгенавіч. — Але тады трэба было хуценька справіцца закінуць тое начынне электраманцёра ў машыну, бо бацька лічыў такія спробы хуліганствам і не раз драў за гэта вушы. А яшчэ мы з малодшым братам, Ягорам, які, дарэчы, пайшоў па бацькавай сцежцы і працуе электраманцёрам у Свіслачскіх раённых элетрасетках, вельмі любілі бываць з бацькам на святкаванні Дня энергетыка. Нас, хлапчукоў, так уражвалі даклады, дзе гаварылася пра лепшых працаўнікоў, сярод якіх называлі і нашага бацьку, пра перавышэнне плана па ўстаноўцы новых слупоў, пра тое, што электрычнасць у раёне падведзена да кожнага хутара… Мы вельмі ганарыліся ўсім гэтым. Любілі таксама, калі бацька нешта рамантаваў каля хаты ў аўтамабілі: заўсёды круціліся побач і распытвалі, дзе карбюратар, дзе генератар, чаму і як свецяць фары… Падраслі — сталі дапамагаць, прасіць дазволіць нешта падкруціць ці  падправіць. Таму пытання пасля школы, куды пайсці вучыцца далей, у нас не было. На электрыкаў! А як выраслі мае сыны, я проста шчаслівым быў, што і яны абралі тэхнічныя прафесіі: старэйшы, Яўген, інжынер-канструктар, малодшы, Дзмітрый, электрамеханік. Зараз яны ўжо дапамагаюць мне рамантаваць маю «каламбіну», бо аўтасервісам мы яе не давяраем, стараемся ўсё рабіць сваімі рукамі.

І мой бацька даўно мае ўласны аўтамабіль, ужо мяне вызвоньвае і чакае, каб дапамог нешта паглядзець, параіць, пратэсціраваць ці паправіць. Гэта стала маім хобі, найпрыемнейшым заняткам у вольны час. Нават на прыродзе я не люблю доўга бываць — становіцца сумна. А вось  «з жалезкамі забаўляцца» магу бясконца.

Пяцідзесяцігадовы Аляксей Мезін у дзень свайго юбілею гаворыць, што шчасце для яго — калі ўсе родныя здаровыя і выдатна разумеюць адно аднаго.
А найвялікшае яго жаданне — каб былі шчаслівымі дзеці і доўга-доўга жылі бацькі, каб дасягнуў новых гарызонтаў у вытворчасці і продажу на рынках свету трактарнай тэхнікі завод, каб наша Беларусь заўсёды была мірнай, прыгожай і шчаслівай краінай.

Аляксей МАЗАНІК, энергетык механічнага цэха № 2:
— Аляксей Яўгенавіч для нас, больш маладых працаўнікоў службы,— прыклад тэхнічнай адукаванасці, шчырых, самаадданых адносін да працы, умення бачыць наша няпростае электраабсталяванне «наскрозь». Ужо даўно ў яго абавязкі не ўваходзяць непасрэдна рамонтныя работы, але ён, у выпадку неабходнасці, становіцца поплеч з электраманцёрамі і закасаўшы рукавы «змагаецца» з непаладкамі да іх поўнага выкаранення. Ён і мяне ў свой час вучыў ніколі не пасаваць перад цяжкасцямі і заўсёды, незалежна ад абставін, паважаць кожнага чалавека. Вось такі наш Аляксей Мезін!

Іван МАРОЗ, электраманцёр службы энергетыка другога механічнага цэха:
— Адна з рыс характару Аляксея Мезіна — яго нястомная актыўнасць. Амаль трыццаць гадоў я ведаю яго і заўсёды радуюся няспыннай энергіі, жаданню прыйсці на дапамогу кожнаму з нас і пры гэтым ніколі не сказаць, што зрабіў гэта ён. Бескарыслівасць у чалавечых зносінах і бездакорнасць у працы, уменне знайсці агульную мову з падначаленымі выклікаюць шчырую павагу да яго кожнага, хто працуе разам з ім.

Ад усёй душы мы жадаем здароўя і доўгіх гадоў жыцця нашаму юбіляру і каб аўтарытэт яго ў калектыве з кожным годам рос, хаця, па праўдзе кажучы, ён і сёння ўжо дасягнуў самай высокай планкі.

Уладзімір ВАЖНІК, старшыня прафкама механічнага цэха № 2:
— Аляксей Мезін — спецыяліст, якого аднолькава цэняць і кіраўнікі цэха, і яго падначаленыя. Неабыякавы да спраў усяго нашага вытворчага падраздзялення чалавек, ён з’яўляецца членам камісіі па ахове працы цэхавага прафсаюзнага камітэта, заўсёды ведае і раіць, дзе трэба праявіць клопат аб людзях, дзе дапамагчы вырашыць пакуль што не вырашанае пытанне. З ім лёгка знайсці паразуменне, ён бачыць, дзе і каму трэба падаць руку дапамогі.

Цёплыя словы падзякі і павагі ў дзень нараджэння Аляксея Яўгенавіча сказалі ўсе члены яго брыгады, службы, прадстаўнікі кіраўніцтва і прафкама цэха.
Здароўя, даўгалецця, дабрабыту і шчасця жадалі яму тыя, хто паважае яго і ўдзячны яму.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий