Аляксандр Віскун: тое, што блізка

Тракторозаводцы

Амаль з першых хвілін гутаркі мы пачалі гаварыць па-беларуску (а як жа інакш, калі на сцэне ён спявае выключна на роднай мове), хаця Аляксандр шчыра прызнаўся, што звычайна размаўляе па-руску. Чаму? Пытанне гэта ў краіне з дзвюма дзяржаўнымі мовамі гучыць рытарычна. Але мой суразмоўца ўпэўнены: хочам мець уласную культуру, хочам, каб нацыянальныя традыцыі жылі не толькі на старонках старых падручнікаў, — трэба нешта рабіць для гэтага.

Цяжка гаварыць па-беларуску ў цалкам рускамоўнай суполцы — на працы, вуліцы, з суседзямі, — можна знайсці аднадумцаў, можна прыдумаць сваю справу, творчы накірунак, можна… Галоўнае, не сядзець склаўшы рукі. Аб тым, наколькі гэта магчыма і якое месца займаюць творчасць і беларуская мова ў жыцці майстра мантажнага ўчастка сталеліцейнага цэха Аляксандра Віскуна, наш сённяшні расповед.

Прыхільнікі конкурса талентаў мастацкай самадзейнасці “Спявай, Беларус!” ведаюць Віскуна як нязменнага ўдзель-ніка ў намінацыі “Аўтарскае выкананне”. Ён заўсёды спявае на беларускай мове. Яго тэксты — “Дзякуй”, “Два буслы”, “Холадна” і іншыя — простыя і шчырыя. “Пра звычайнага чалавека, яго пачуцці і перажыванні, пра падзеі і абставіны, вядомыя кожнаму, — кажа пра свае творы аўтар. — Ніякай знарочыстасці, вычварнасці. Простае жыццё і эмоцыі як яны ёсць”.

Калі кажуць, што творчыя задаткі ў чалавека з дзяцінства, мой суразмоўца сцвярджае: гэта — не пра яго. Ён плаваў, гуляў у баскетбол, але ніколі не займаўся ў музычнай школе. “Сяб-раваць” з музычнымі інструментамі вучыўся пакрысе то там, то тут на працягу многіх гадоў. Усё пачалося гадоў у дзесяць са звычайнай дамашняй работы па беларускай мове, калі трэба было напісаць верш. Пра што ён быў, Аляксандр ужо і забыўся, але ператвараць свае пачуцці ў рыфмаваныя радкі яму спадабалася вельмі, і на беларускай мове значна больш, чым на рускай. Чаму? Ён і зараз не ведае.

Пасля школы хлопец паступіў у аўтамеханічны каледж, потым завочна вучыўся ў БНТУ па спецыяльнасці “Аўтабудаўніцтва”. Два гады працаваў на “Амкадоры”, у 2008-м прыйшоў на МТЗ у цэх тэхналагічнага абсталявання. І работа тут была цікавая, разнастайная, і прафесіі была магчымасць навучыцца, і калектыў падабраўся добры. Так Аляксандр за-стаўся на трактарным, з 2016-га працуе ў “сталеліцейцы”. І ўвесь гэты час значную частку яго жыцця займала творчасць. Ён працягваў пісаць, падчас ву-чобы ў каледжы сабраў музычны гурт, у якім выконвалі песні на яго вершы. Сёння паэтычныя вопыты 16—17-гадовага юнака ўспрымае, канешне, па-іншаму, але некаторыя — песні “Дзяцінства” і “Жыві” — і зараз, лічыць, адпавядаюць яго настрою і гучаць сучасна.

Вучыцца музыцы самавуку заўсёды няпроста, але калі ёсць разуменне, што музычная навука — абавязковая, што падцягваць сябе да годнага
ўзроўню неабходна, вынік павінен быць.

Пачуўшы пра конкурс самадзейнасці на заводзе, Аляксандр Віскун упершыню прыняў у ім удзел гадоў восем-дзесяць таму. Тады ён нават спецыяльна напісаў “Гімн МТЗ” і заняў з ім трэцяе месца. Лічыць, конкурс — гэта заўсёды цікава, і на тое, што ўжо некалькі гадоў запар першае месца ў намінацыі “бярэ” Уладзімір Каўбічэнка, зусім не скардзіцца.

“Я думаю, што ўвогуле вельмі цяжка вызначыць у такім конкурсе пераможцу, — кажа Віскун, — людзі выступаюць, стараюцца, перадаюць свае пачуцці. І калі, скажам, тры канкурсанты-непрафесіяналы аднолькава добра паказалі сябе, каму аддаваць перавагу? Больш харызматычнаму? Таму, хто натуральна рухаецца? Хто выглядае ярчэй? У каго твор больш дынамічны ці, наадварот, лірычны? Кожны ж па-свойму цікавы. Таму гэта заўсёды суб’ектыўна і вельмі складана”.

У гэтым годзе Аляксандр выступіў у дуэце з Вольгай Астапавай. “Дзякуючы ёй, — смяецца Аляксандр, — я дапрацаваў песню “Рамонкі”, якая была сырой і зусім непадрыхтаванай да конкурсу. Оля напісала для яе другі куплет, распрацавала нашы вобразы. Яна малайчына! І выканалі мы песню добра”. Нагадаю, “Рамонкі” занялі другое месца ў намінацыі.

Дарэчы, што датычыцца сцэнічнага вобразу, ён у Віскуна заўсёды просты, калі не сказаць мінімалістычны, можа таму і лёгка пазнаецца: чорная вышымайка з чырвоным арнаментам. Менавіта ў такім выглядзе можна пабачыць Аляксандра Віскуна і як аднаго з вакалістаў фолк-гурта “КАS”. Гэты гурт ён сабраў два гады таму, шукаючы музыкаў праз знаёмых, па Інтэрнэце. Сёння “КАS” — гэта пяць артыстаў, у творчай скарбонцы якіх больш як за дваццаць песень на беларускай мове: “Ровар”, “На адным подыху”, “Герой-ваяр”, “Добрая раніца”, “Млын”, “На Купалле” і іншыя. Усе яны энтузіясты, якіх натхняе ідэя, а не магчымасць “зрабіць” грошы. Тыя невялікія, што яны зарабляюць, пускаюць на развіццё. Музыкі збіраюцца ў гаражы, які Віскун спецыяльна абсталяваў, каб можна было рэпетыраваць і нікому не дакучаць. Гурт толькі робіць свае першыя крокі ў творчасці, але яго ўжо даволі часта запрашаюць на выступы.

Самыя першыя слухачы твораў Аляксандра Віскуна — яго жонка Кацярына і сын Косця. Песні гучаць ў хаце пастаянна. Аўтар кажа, што “прышпільвае” да паперы словы толькі тады, калі яны пачынаюць гучаць разам з матывам. Працэс напісання твора заўсёды цікавы, ня-гледзячы на тое, колькі спатрэбіцца для гэтага часу — гадзіна ці тыдзень. Аляксандр смяецца, што самы першы канцэрт гурта “КАS” адбыўся ў маленькім клубе, а другі — на “Чыжоўка-Арэне” перад хакейнай сустрэчай паміж клубамі “Юнацтва-Мінск” і гродзенскім “Нёманам”! Пасля выступу на Дзень Волі да артыстаў падышлі хлопец з дзяўчынай і падзякавалі не толькі за творчасць, але і за тое, што дзякуючы песням гурта яны пазнаёміліся, сустракаюцца і зараз з задавальненнем слухаюць. А выступ гурта на сцэнічнай пляцоўцы ў Верхнім горадзе сабраў зацікаўленых гледачоў, якія падпявалі і танцавалі пад яго музыку. Не так даўно артысты атрымалі дазвол на выступленне ў пераходзе, розніцы паміж слухачамі тут і на вялікай пляцоўцы яны не робяць. Адным з самых прыемных падарункаў ад слухачоў стаў кліп на песню “Валацуга”, які знялі беларускія праграмісты пра сваю вандроўку па Індыі.

Зараз музыкі выкарыстоўваюць у сваёй творчасці гітару, скрыпку, балалайку, флейту. Дарэчы, флейту Аляксандр купіў у свой час для сына (Косцю зараз дзесяць гадоў), паспрабаваў падыграць сабе ў песні “Разам”, гэта дадало своеасаблівых рыс гучанню, і пасля гэтага Віскун стаў эксперыментаваць з музычнымі інструментамі.

Яшчэ тры гады таму Аляксандр планаваў запісаць некалькі сваіх песень, але атрымалася гэта толькі нядаўна. Тры з іх — “Холадна”, “Разам”, “Няма калі” — узяло радыё “Сталіца”. Пачуць, паглядзець “КАS” і напісаць яго музыкам можна тут — на канале YouTube kas band, vk.com/kas.band, @kas.band. Зараз гурт працуе над песняй “Музей валуноў”, пра той самы, што ва Уруччы, а таксама над першым сур’ёзным кліпам да песні. Забягаючы наперад, скажу, што ў наступным годзе Аляксандр мяркуе выступіць з гэтай песняй на конкурсе “Спявай, Беларус!”. І калі кліп будзе гатовы, мы таксама зможам яго пабачыць. На маё пытанне, чаму б у намінацыях “Аўтарскае выкананне” ці “Вакальна-інструментальнае выкананне” на конкурснай сцэне не выступіць у складзе гурта “КАS”, Аляксандр усміхаецца з хітрынкай і кажа: “Хто ведае?”. А яшчэ кажа, што хоча, каб беларуская песня гучала, каб была жывой, каб чапляла слухачоў і яе хацелася спяваць разам. Таму і робіць для гэтага тое, што лічыць патрэбным, дзеліцца тым, што яму цікава і блізка. А адказ на пытанне “Наколькі гэта атрымліваецца?” пакідае за слухачамі…

Ганна КАРАКОВА.
Фота з архіва рэдакцыі.



Добавить комментарий