Алена Шамін: «Жыць і працаваць так, каб быць шчаслівым на роднай зямлі»

Тракторозаводцы

Жывая, усмешлівая, актыўная і ініцыятыўная, Алена Шамін, станочнік шырокага профілю другога механічнага цэха, кажа, што вельмі паважае працаўнікоў свайго калектыву за іх адказны, прафесійны падыход да справы.

— За 28 гадоў маёй працы ў МЦ-2 многія з гэтых людзей сталі для мяне амаль што роднымі, — сцвярджае Алена Ула-дзіміраўна. — Усе гэтыя гады мяне акружаюць у цэху добрыя, шчырыя, спагадлівыя людзі.

У нас няма праблем звярнуцца за дапамогай, парадай, падзяліцца добрымі навінамі, паспачуваць у цяжкі час…

З таго моманту, як мой аднавясковец Аляксандр Яўгенавіч Дарашэвіч, які працаваў на гэтым участку наладчыкам, прывёў мяне ў цэх, я ведаю, што з’яўляюся членам вялікай, ні на што не падобнай па сваёй сіле і працавітасці, сям’і трактарабудаўнікоў.

Яна расла ў вёсцы Літва Уздзенскага раёна. Бацька — механізатар мясцовага калгаса «Зарэчча» — усё жыццё працаваў на трактарах «Беларус-80» і «Беларус-82». Маці была бібліятэкарам і вядомай на ўсю акругу спявачкай, салісткай народнага калектыву мастацкай самадзейнасці «Зарачанка».

А была яна з вельмі паважанай у вёсцы музычнай і спеўнай сям’і: бабуля Алены, Соф’я Данілаўна, усё наваколле зачароўвала сваім надзвычай моцным непаўторным голасам, родны брат бабулі, Юрый Данілавіч, быў слынным у тых мясцінах скрыпачом, без яго не абыходзіліся ніводнае вяселле, ніводныя хрэсьбіны. Алена таксама вельмі любіла спяваць, але, сама не ведае чаму, не развівала свой талент. Яна магла б быць цудоўнай выканаўцай, аднак зараз цешыць надзвычай цёплым душэўным голасам толькі сваіх родных, калег і знаёмых.

Трэба сказаць, што вучыцца пасля школы кемлівая і спрытная да працы дзяўчына пайшла на повара. Скончыла ў вёсцы Сямёнавічы прафтэхвучылішча № 210, выдатна прайшла практыку ў дзіцячым садку свайго роднага калгаса. Але на тым і за-кончылася яе поварская кар’ера. З першых жа дзён знаходжан-ня на кухні зразумела — не яе гэта. Паўстала пытанне, а што ж рабіць далей. І тут прыйшоў на дапамогу Аляксандр Яўгенавіч: забраў у Мінск, прывёў на завод.

— Вы не ўяўляеце, як мне было невыносна страшна, калі я ўпершыню з другога паверха, дзе размяшчаецца кіраўніцтва нашага цэха, глянула на вытворчую зону гэтага высачэннага, велізарнага памяшкання, — станкі грымяць, людзі, як мошкі, уюцца каля іх!.. Спачатку мяне ўзялі на зборку трансмісій, а яна тады адбывалася ў тры змены. Цяжка было, асабліва ноччу, здавалася вось-вось засну ў час працы. Ды побач заўсёды былі тыя, хто вучыў, падтрымліваў, гаварыў добрыя словы. Найбольш я ўдзячна за тагачаснае разуменне строгаму і патрабавальнаму, але вельмі чалавечнаму былому старшаму майстру Генадзю Казіміравічу Кулікоўскаму, слесару механазборачных работ Алене Малькевіч. Тры гады я ўцягвалася ў працу, а затым пайшла ў дэкрэт і пасля яго выйшла ўжо на гэты ўчастак, стала актыўна асвойваць металаапрацоўчыя станкі. Пачынала з фрэзернага. І зноў на маім шляху сустрэлася надзвычай добрая і ўважлівая да мяне Галіна Драбовіч. З ёй мы працавалі душа ў душу паўтара дзясятка гадоў. Яе разумныя добразычлівыя парады я і сёння памятаю ў час выканання вытворчых заданняў.

Я вельмі не люблю стаяць на месцы, мне трэба рухацца наперад, пазнаваць нешта новае, таму абсалютна лагічна, што я стала вучыцца працаваць і на іншых станках нашага ўчастка. З таго часу і перастала баяцца брацца за нешта нязвыклае, не- асвоенае. І дзецям сваім, і практыкантам нашым заўсёды кажу: «Ніколі не бойцеся, што штосьці не атрымаецца. Раз не выйдзе, два не выйдзе, а на трэці ці чацвёрты раз — усё будзе як трэба. Ідзіце толькі наперад. Каб дасягнуць поспеху, трэба добра пастарацца». Але, як кажуць, адзін у полі — не воін. Толькі ў дружным калектыве ты можаш адчуваць сябе паўнацэнным працаўніком, патрэбным заводу і сваім калегам чалавекам. Сёння я не ўяўляю сваёй працы ў цэху без нашага заўсёды ўраўнаважанага, дысцыплінаванага і вельмі адказнага майстра Ігара Гілевіча, без маіх вучаніц і сябровак станочнікаў шырокага профілю Жанны Ісаевай і Таццяны Гамезы, партрэт якой, дарэчы, размешчаны на цэхавай Дошцы гонару. Калі я прыйшла на гэты ўчастак, тут ужо працавалі станочнік шырокага профілю Таццяна Арловіч, наша «хуткая дапамога» наладчык Сяргей Чарапок. У нас пастаянна на вытворчай практыцы ёсць студэнты, большасць з іх ўпітваюць нашы парады, стараюцца пабольш даведацца. Мы дапамагаем ім з усёй душэўнасцю і адказнасцю, бо маем сваіх дзяцей, і яны таксама прыхо-дзяць да кагосьці вучыцца. Вось і мой васемнаццацігадовы сынок, Алёша, зараз вучыцца ў каледжы будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі, ужо двойчы праходзіў практыку і абодва разы — на Мінскім трактарным: першую — зваршчыкам у прэсавым цэху, другую — электрыкам у чацвёртым механічным. Спадабалася яму ў нас — пасля вучобы ён гатоў працаваць у прэсавым.

На самай справе праца на заводзе вельмі цікавая, ніколі няма аднастайных заданняў, яны бясконца мяняюцца. Якраз зараз найбольш мне даводзіцца апрацоўваць вілку каробкі перамены перадач, фрэзераваць палазок і працягваць вілку, а ад мяне гэта ўсё ідзе да зваршчыкаў. Рабіць усё стараюся вельмі і вельмі якасна. Гэтага патрабуюць маё ўласнае сумленне, а таксама адказнасць перад маімі таварышамі, якія далей займаюцца апрацаванымі мной дэталямі, а гэта ж прафесіяналы высокага профілю, яны заўважаць самы нязначны агрэх, і мне бу-дзе сорамна…

Алена Уладзіміраўна кажа, што адчула сапраўдны шок, калі напярэдадні дня нараджэння МТЗ старшы майстар участка № 1 Павел Аношка сказаў, што яе кандыдатура адобрана для заводскай Алеі гонару.

— Чаму я, а не хто іншы з нас, — гэта для мяне і сёння загадка, — зазначае мая суразмоўца. — На нашым жа ўчастку шмат хто працуе выдатна і заслугоўвае самых каштоўных узнагарод. Я ўдзячна кіраўніцтву ўчастка і цэха за тое, што яны так высока ацанілі мой уклад у сумесную працу.

Трэба падкрэсліць, што Алена Шамін у другім механічным рэалізавала сябе не толькі ў прафесійным плане. Гады праз тры яе працы ў цэху яна пазнаёмілася са слесарам механазборачных работ Уладзімірам Віктаравічам, таксама з МЦ-2. Завадная і рухавая, яна назаўсёды паланіла сэрца спакойнага і разважлівага юнака. Разам яны гадуюць сына і дачку. Алёша, як мы ўжо казалі, заканчвае каледж, Улляна сёлета ідзе ў адзі-наццаты клас, збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт.

Яны вельмі любяць разам бываць у бацькоўскай хаце Алены. Дзеці ўсе канікулы праводзілі ў бабулі Валянціны і дзядулі Уладзіміра, побач з хатай якіх вялікі і багаты дарамі лес, недалёка — Нёман. Зараз хата апусцела, але сям’я Алены не пакідае яе. Унукі па-ранейшаму праводзяць там канікулы, а Алена і Уладзімір трымаюць у парадку і хату, і падворак, і гаспадарчыя пабудовы. Двор захапляе багатым кветкавым убранствам — ружы, флоксы, гладыёлусы і званочкі, цыніі і геаргіны — гэта з дзяцінства любімыя кветкі Алены. А дома ў яе мноства самых разнастайных фіялак.

Як маці і выдатная гаспадыня, Алена Уладзіміраўна стараецца, каб яе дзеці былі абагрэты цеплынёй і агорнуты ласкай, каб яны, як і бацькі, уладзілі сваё жыццё і ніколі не было сорамна за іх паводзіны. Больш за ўсё на свеце яна хоча, каб яе дзеці, а потым і ўнукі, а за імі праўнукі жылі на шчаслівай і мірнай роднай зямлі і былі карысныя свайму народу.

Думка
Павел АНОШКА, старшы майстар участка № 1 другога механічнага цэха:
— Алена Уладзіміраўна — працавітая, добрасумленная і адказная калега, якая асвоіла ўсе металаапрацоўчыя станкі на нашым участку і заўсёды гатова не толькі ў поўным аб’ёме выканаць сваё зменнае заданне, але і дапамагчы таварышам, падтрымаць іх добрым словам і справай. Яна вызначаецца вельмі пазітыўным характарам, але калі ўзнікае пытанне, якое тычыцца справы, якасці прадукцыі, то тут Алена Шамін заўсёды чалавек бескампрамісны, які будзе стаяць на баку патрабавальнасці і адказнасці да канца. У нашым цэху працуе і муж Алены, Уладзімір, ён таксама шчыры, старанны і адказны трактарабудаўнік, які сёлета атрымаў ганаровае званне «Ветэран працы МТЗ». Такія, як Алена і Уладзімір Шамін, людзі — касцяк і гонар нашага калектыву.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий