Алена Палякова: «Сеем элітным насеннем, з добрым настроем. Маем усе падставы разлічваць на высокі ўраджай»

Тракторозаводцы

Своечасова падрыхтаваліся да яравой сяўбы працаўнікі сельгасцэха «Гайна». На ўсёй плошчы, запланаванай пад яравыя культуры, імі ў аптымальныя тэрміны было праведзена закрыццё вільгаці, у неабходных аб’ёмах унесены арганічныя і мінеральныя азотна-фосфарна-калійныя ўгнаенні.

— Надвор’е сёлета вельмі капрызнае, — зазначае галоўны аграном сельгасцэха Алена Палякова, — але мы яго не баімся. Ужо завяршылі сяўбу ранніх збожжавых. Іх зараз у нас тысяча гектараў. Гэта авёс, ячмень, яравая пшаніца. Актыўна сеем аднагадовыя і зернебабовыя культуры, пад якія падрыхтавана 500 гектараў палеткаў. Працягваем уносіць арганіку пад сяўбу кукурузы і сеяць яе. Улічваючы спецыялізацыю нашай гаспадаркі, кукурузы нам неабходна 1000 гектараў. Апроч таго мы ўжо правялі першую падкормку азімых зерневых культур і азімага рапсу на плошчы 2365 гектараў. А яшчэ раней падкармілі калійнымі ўгнаеннямі шматгадовыя травы на плошчы больш як тысяча гектараў, зараз уносім па іх азотныя ўгнаенні.

Веснавы дзень год корміць, як кажуць у народзе, таму мы з разуменнем вялікай адказнасці гэтай пары стараемся не страціць ні мінуты. Шчыруюць на палетках нашы механізатары. Старанна рыхтавалі і рыхтуюць глебу Міхаіл Акуліч і Руслан Гракун. На сяўбе, не шкадуючы сіл, самааддана працуюць трактарысты Ігар Ціхановіч, Дзмітрый Вашкевіч, Яўген Рабікаў, на падвозе насення — Мікалай Колік. Ужо каторы год з веданнем справы ўносяць угнаенні Вячаслаў Анісцішын, Аляксандр Гладкі, Аляксей Аксючыц, а падвозяць ім іх Аляксандр Цалаеў і Міхаіл Ліхтаровіч. Вадкімі ўгнаеннямі аздабляюць глебу Уладзімір Бялько, Леанід Шчурэвіч з падвозчыкамі Уладзімірам Равякай і Уладзімірам Кунскім.

Хлебаробы ўдзячныя кіраўніцтву гаспадаркі за арганізацыю, а працаўнікам заводскага санаторыя «Рудня» за смачныя гарачыя абеды, якія ім штодзень дастаўляюцца непасрэдна да месца працы.

Робім усё па сучасных тэхналогіях, сеем элітным насеннем, працуем з добрым настроем, таму маем усе падставы разлічваць на высокі ўраджай!

Наталля ХЛЕБУС.
Фота Алены Паляковай.



Добавить комментарий