Алена Палякова: «Пасеялі, падкармілі, прапалолі. Спадзяемся на добры ўраджай»

Новости

Сёлетняя вясна не песціць земляробаў. Тэмпературныя паказчыкі ў маі ніжэйшыя за норму на 5–8 градусаў і не вельмі спрыяюць росту культур. А геаграфічнае становішча нашага сельгасцэха ў паўночным рэгіёне сталічнай вобласці дадае крытычнай складаючай ва ўмовы вырошчвання як азімых, так і яравых культур.

— Трэба сказаць, што нягледзячы на такія суровыя ўмовы, мы маем надзею на добры ўраджай, — зазначае галоўны аграном гаспадаркі Алена Палякова. — Такую ўпэўненасць даюць нам дружныя ўсходы на ўсіх 1700 гектарах яравога кліна. Спадзяемся, што не падвядзе нас і кукуруза. У гэтым годзе мы пасеялі яе на плошчы 1009 гектараў. Хаця мінулая зіма была вельмі мокрай і няўстойлівай, хораша ідуць у рост 2065 гектараў азімых збожжавых і 300 гектараў азімага рапса.

Ранняй вясной мы іх добра падкармілі азотам, гэтаксама як і ўсе шматгадовыя травы, сенажаці і пашы, а да сённяшняга дня ўжо завяршаем хімічную праполку не толькі азімых палеткаў, але і яравых. На гэтых работах шчыравалі вопытныя механізатары Уладзімір Бялько, Леанід Шчурэвіч, Ігар Бараноўскі і Аляксандр Давідовіч.

На чарзе — хімічная праполка кукурузы.

А не за гарамі ўжо і нарыхтоўка кармоў. Пайшлі дажджы, спадзяемся, што яны паспрыяюць больш хуткаму росту ўсіх культур і траў.
Зараз у сельгасцэху завяршаецца тэхнічнае абслугоўванне і падрыхтоўка да выхаду ў поле кормаўборачнай тэхнікі — кормаўборачных комплексаў і ўсяго шлейфу агрэгатаў, якія будуць удзельнічаць у нарыхтоўцы кармоў, уключаючы касілкі, граблі і прычэпы для адвозкі сенажнай масы.

Наталия ХЛЕБУС. Фото автора.



Добавить комментарий