«Адной музыкай сыты не будзеш»

Культура

Юлія ЯШЭЎСКАЯ

Вас палохае сітуацыя, калі на сцэне стаяць некалькі «суровых» выканаўцаў і спяваюць гроулам, а ў зале амаль такія ж хлопцы слэмяцца (штурхаюцца ў натоўпе пад музыку. — Заўвага аўтара), не шкадуючы ні рук, ні ног, ні галавы? Не? Можа, вы былі на выступах альтэрнатыўных беларускіх гуртоў, якія граюць цяжкую музыку? Калі так, то вы ведаце, з якімі праблемамі сутыкаюцца маладыя і не вельмі выканаўцы. Калі не, то Алесь Максімовіч, удзельнік папулярнага гурта «Omut», распавядзе пра тое, ці можа непапсовая музыка быць паўнапраўнай працай у нас, колькі каштуе запіс альбома і што рабіць тым, у каго толькі з’явілася жаданне пісаць песні і сабраць калі не «Мінск-Арэну», то хаця б невялікі клуб.

«Спяваць цяжкую музыку — гэта ўсё роўна, што займацца хобі, прычым нятанным, — упэўнены Алесь. — Больш за тысячу долараў трэба аддаць за звядзенне песень з альбома, вельмі дорага каштуе запіс, шмат грошай траціцца на рэпетыцыі. Дзве га-дзіны заняткаў — стандартны рэпетыцыйны час — каштуюць каля 150 тысяч. На першы погляд, грошы смешныя, асабліва, калі лічыць, што ў гурце некалькі ўдзельнікаў, аднак займацца ж трэба пастаянна, некалькі разоў на тыдзень. Вось і набягае зусім нясмешная сума. А вось «адбіць» гэтыя грошы, шчыра кажучы, немагчыма. У лепшым выпадку можна выйсці на самаакупнасць. Адной музыкай сыты не будзеш — трэба і апрануцца, і паесці, і адпачыць. Таму амаль усе спевакі маюць іншую «афіцыйную» працу. Я, напрыклад, займаюся навуковай дзейнасцю, а сярод маіх сяброў з гурта вы знойдзеце будаўніка, праграміста, журналіста і бухгалтара».

Нават за канцэрты, на якіх выканаўцы аддаюцца на ўсе сто адсоткаў, яны атрымліваюць толькі апладысменты і любоў прыхільнікаў. Амаль усе грошы ідуць на аплату арэнды, якая дастаткова высокая. Але справа не толькі ў гэтым. «Калі я быў студэнтам, купляў білеты на ўсе канцэрты, — працягвае Алесь. — Магчыма, гэта было звязана з тым, што некалькі гадоў таму да нас прыязджала няшмат гуртоў з Западу. Сёння ўсё інакш. І канешне, калі ў адзін месяц будзе даваць канцэрт, напрыклад, «Arch Enemy» — шведскі гурт, што грае ў стылі дэт-метал, — білет на які каштуе ў сярэднім паўмільёна, і адбудзецца канцэрт-зборка мясцовых гуртоў за дзвесце тысяч, людзі пайдуць на першы. А калі ёсць жаданне схадзіць адразу на два, то, хутчэй за ўсё, проста не хопіць сродкаў, бо большасць слухачоў — моладзь».

Аднак далёка не ўсе адмаўляюцца ад набыцця квіткоў па прычыне таго, што дома ўжо ляжаць іншыя. Шмат людзей наогул не захапляюцца такой музыкай, а калі і цікавяцца, то вырашаюць проста бясплатна спампаваць і паслухаць яе дома.

«Канешне, мы не Нарвегія, дзе ўсе ведаюць, што такое блэк-метал, — усміхаецца Алесь. — Цікава тое, што ёсць шмат беларусаў, якія слухаюць радыё, але не ведаюць, што ў гэты момант гучыць песня беларускага гурта».

Самым запатрабаваным мін-скім клубам, у якім адбываюцца падобныя канцэрты, з’яўляецца клуб «Re:public». Тут ёсць і месца для танцаў, і добрая апаратура. Канкурэнтаў у «Re:public» няма, і шмат выканаўцаў, не толькі беларускіх, але і замежных, абіраюць менавіта яго. «Акрамя «Re:public» можна выступаць у клубах «Піраты», «Юла» і «Гагарын». Ёсць яшчэ шэраг зусім невялічкіх месцаў, дзе можна граць, але там канцэрты больш нагадваюць звычайныя сустрэчы з сябрамі», — дадае Алесь.

Навучыцца спяваць гроулам ці скрымам можна, толькі апіраючыся на праслуханыя песні і толькі шляхам трэніровак сам-насам. «Настаўніка, які б навучыў спяваць у стылі метал, не знайсці, — дзеліцца мой суразмоўца. — Але ў Мінску прахо-дзяць семінары, на якія запрашаюць, напрыклад, вядомага барабаншчыка або гітарыста, ён паказвае мясцовым музыкантам некаторыя фішкі, дае парады, адказвае на пытанні».

Саліст «Omut» упэўнены, што беларускія выканаўцы нефармальнай музыкі не канкуруюць паміж сабой: «Канкурэнцыя ёсць там, дзе ёсць грошы, а тут іх няма». Наадварот, усе стараюцца дапамагчы адзін аднаму, многія сябруюць. І нават калі размова ідзе паміж гуртам, які даўно на сцэне, і маладымі хлопцамі, якія толькі пачынаюць, ніякай розніцы не адчуваецца. Адзінае, за што могуць па-спрачацца гурты (несур’ёзна, канешне), — так гэта за магчымасць выступаць апошнімі, бо менавіта гэта лічыцца прэстыжным.

Але ці павінна такая інфармацыя спыніць маладыя таленты? Калі музыка выклікае ў вас не проста цікавасць, а з’яўляецца вашым жыццём, то спрабаваць трэба абавязкова, тым больш што ў Мінску такіх магчымасцей больш, чым дастаткова. «Калі мы пачыналі, у нас была толькі старая барабанная ўстаноўка і апаратура, якая хрыпела і трашчала. Аднак мы збіраліся і гралі. Калі б мне тады хто-небудзь сказаў, што будзем выступаць на мінскіх пляцоўках, а людзі будуць заказваць нашы песні на радыё, я б ніколі не паверыў. Таму ўсім, у каго ёсць такое жаданне, я магу сказаць толькі адно: не сядзіце, рабіце што-небудзь. Не шукайце апраўданняў. Няма дзе займацца — знайдзіце кропку, іх шмат у сталіцы. Няма інструментаў — арэндуйце, гэта не вельмі дорага. З часам ваша настойлівасць абавязкова дасць добры вынік».



Добавить комментарий