Было пазнавальна, душэўна і весела

Профсоюз

Камісія прафкама ААТ «МТЗ» на чале з яе старшынёй Святланай Мазуленяй паклапацілася, каб лепшыя працаўніцы завода змаглі сустрэць Дзень жанчын па-святочнаму ўрачыста і карысна. Для шасцідзесяці трактарабудаўніц былі набыты білеты на вясенні канцэрт артыста беларускай эстрады Германа Цітова з праграмай «Жанчына» пры ўдзеле балета «Феерыя». А сорак пяць завадчанак атрымалі асалоду ад турыстычнай паездкі ў Ракаў і аграсядзібу «Свет пчол».

Ужо па шляху на Ракаў мы пачулі шмат цікавага і пра родную сталіцу, і пра яе наваколле, і пра гісторыю Ракава. Наталіўшы смагу са святой крынічкі перад Ракавам, наведалі намоленую Свята-Прэабражэнскую царкву, заснаваную яшчэ ў 1793 годзе. Ад экскурсавода Алега Французава даведаліся, як жылі мяшчане сённяшняга гарадскога пасёлка апошнія некалькі стагоддзяў, чым жывуць яны зараз. Убачылі арт-галерэю мастака Фелікса Янушкевіча, даведаліся, што тут ствараюць свае цудоўныя творы гравіроўкай па шкле і крышталю Васіль і Алена Рубцовы, што сын знакамітага беларускага мастака Арлена Кашкурэвіча, Тодар, разам з мастаком і музыкам Алесем Лосем адрадзілі ў Ракаве беларускую дуду, і зараз усе не толькі нашы, але і літоў-скія музыкі граюць на іх дудах. А гісторык, культуролаг і публіцыст Аляксандр Белы рэканструіруе гісторыю і сімволіку традыцыйнай беларускай кухні. Ёсць тут і «ранчо», на якім Павел Калінкоў займаецца конегадоўляй. Словам, Ракаў — самабытнае паселішча з адметным каларытам, разнастайнымі рамёствамі і беражлівым захаваннем гістарычнай спадчыны.

Затым мы накіраваліся ў малюсенькую вёсачку Барок, дзе ля крынічнай рачулкі Яршоўка былыя географы Васіль і Ала Фраловы, продкі якіх да пятага калена былі пчалярамі, ужо сёмы год прымаюць зацікаўленых жыццём пчол турыстаў.

У 2015 годзе з імі супрацоўнічалі ўжо 60 розных турыстычных фірмаў. Тут пабывалі дарослыя і дзеці не толькі з Беларусі, але і яшчэ з 25 краін свету. Сёлета аграсядзібу ўпершыню наведаюць госці з Венесуэлы і Малайзіі.

Нас гасцінны гаспадар сустракаў ля веснічак.

І палілася чароўная казка з жартачкамі, прымаўкамі ды прыказкамі пра пчолку-медавуху, трутняў і іх сяброў ды ворагаў. Паверце на слова: пераказаць яе немагчыма, бо артыстычныя здольнасці баюна-Васіля захапілі ўсю нашу групу так, што мы слухалі яго, як малыя дзеці, удзельнічалі ў гульнях. А потым у залу завітаў квартэт народнага калектыву Беларусі «Гасцінец» пад кіраўніцтвам лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Лізаветы Пятроўскай. Атрымалі асалоду ад гучання старажытных беларускіх ліры, дуды, акарыны, шархуноў. Павадзілі карагоды, дружна паспявалі частушкі «Зялёныя венікі» і ўсёй гурбой высыпалі масленічнае чучала паліць ды вясну гукаць. Дружна клікалі яе, прыгажуню, у надзеі на радасць і шчасце цёплых дзён.

А потым былі шчырыя віншавальныя словы з надыходзячым Днём жанчын, масленічныя бліны з чабаровым чаем і задушэўныя песні з вясёлым баяністам.

Свята адбылося. Усе яго ўдзельнікі шчыра дзякавалі арганізатарам, а старшыня камісіі прафкама па рабоце з жанчынамі Святлана Мазуленя, у сваю чаргу, яшчэ раз павіншавала ўсіх прысутных з 8 Сакавіка і пажадала самых прыемных сустрэч на жыццёвым шляху, заўсёды мора кветак і поспехаў ва ўсім.

— Прафкам завода кожны год імкнецца парадаваць нашых жанчын чымсьці памятным, незвычайным, — сказала Святлана Пятроўна. — Спадзяёмся, што і гэта паездка надоўга запомніцца яе ўдзельніцам, што яна дасць новы імпульс для поспехаў у працы і жыцці.

Вольга ЗЫГМАНТОВІЧ, інструктар-метадыст лячэбнай фізкультуры філіяла ААТ «МТЗ» «Медыцынскі цэнтр МТЗ»:
— Паездка вельмі спадабалася. Такая задушэўная атмасфера. Прыемна парадаваў беларускі фальклор. А мы ўсе хуценька ажывіліся і актыўна прынялі ўдзел у танцах і абрадавых гульнях. Вялікі дзякуй гаспадару аграся-дзібы за вельмі цікавую інфармацыю пра пчол, гасціннасць і гумар.

Зінаіда МАРОЗ, адміністратар дзіцячага аздараўленчага лагера «Беларусь»:
— Нібы пабывала ў роднай вёсачцы, патанчылі, як некалі нашы мамулі на вяселлях. Родны побыт, родныя песні і танцы, радасць сумесных праводзін зімы і гукання вясны… Усё гэта прыемна ўзрушыла і сагрэла душу.

Ірына БАНДАРЭВІЧ, інжынер-тэхнолаг упраўлення металургіі і тэрмічнай апрацоўкі:
— Цікава і пазнавальна правялі час — пазнаёміліся з гарадскім пасёлкам Ракаў, што выглядае і сёння, як сярэднявечнае паселішча, наталілі душу гасціннасцю гаспадароў аграсядзібы «Свет пчол», спевамі і танцамі выдатнага аўтэнтычнага квартэта, дружна развіталіся з зімой, сімвалічна сустрэлі вясну, весела паспявалі разам любімыя песні з кіна-фільмаў пад акампанемент жартаўніка-баяніста. Усё было вельмі цудоўна!

Надзея БАРКОВА, табельшчык цэха выпрабаванняў:
— Усё было так выдатна. Арганізатары свята ні хвіліны не давалі нам сумаваць, стварылі яркую цёплую атмасферу радасці і сумеснай весялосці.

Ірына СВІРЫДАВА, тэрмічны аддзел:
— Супер! Клас! Вялікі дзякуй прафкаму завода за магчымасць так нестандартна напярэдадні 8 Сакавіка разам з лепшымі працаўніцамі нашага прадпрыемства правесці гэты насычаны мноствам інфармацыі і культурнай праграмай дзень.

Галіна ТРАЦЦЯК, кладаўшчык прэсавага цэха:
— Такія разнастайныя народныя забавы асвятляюць сэрцы шчырай радасцю чакання вясны і яднання з народнымі традыцыямі, з багаццем талентаў нашых продкаў.

Ірына БАРТКЕВІЧ, кантралёр аддзела тэхнічнага кантролю ўпраўлення якасці прадукцыі:
— Гэта Масленіца надоўга запомніцца. Шчыра ўдзячная за цёплую абстаноўку, актыўнасць нашых жанчын і іх уменне падхапіць хвалю святочнага настрою, якую стварылі нам і гаспадары аграсядзібы, і запрошаныя сюды артысты.

Святлана ГАБІНЕТ, інжынер упраўлення арганізацыі працы, заработнай платы і кіраўнічых працэсаў:
— Ніколі не думала, што можна так шмат цікавага даведацца пра жыццё пчаліных сем’яў, іх надзвычай арганізаванае «грамадства». Вось бы людзям стварыць падобны бездакорны лад жыцця, няхай і зусім нялёгкага, але абсалютна справядлівага! Абаяльны гаспадар аграсядзібы так цікава расказваў пра пчол, што мы гатовы былі слухаць яго гадзінамі. Дзякуй усім, хто меў дачыненне да наладжвання нам гэтага надз-вычай душэўнага свята!

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий