15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Партизанский р-н

15 лютага ў нашай краіне адзначаецца дзень болю, гонару і годнасці — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Тысячы беларусаў, выконваючы інтэрнацыянальны доўг, дапамагалі  афганцам спыніць кровапралітную вайну ў іх краіне. 670 грамадзян Беларусі загінулі ў жорсткіх баях гэтай вайны. Тыя ж, хто вярнуўся,  праз дзесяцігоддзі памятаюць падзеі тых часоў да драбніц, нясуць светлую памяць пра сваіх сяброў і верныя баявому брацтву. А беларуская дзяржава і  грамадства штогод ушаноўваюць грамадзянскі подзвіг гэтых лю-дзей у Дзень памяці, падтрымліваюць іх маральна і матэрыяльна.

Вось і на Мінскім трактарным заводзе напярэдадні 15 лютага загадам генеральнага дырэктара ААТ “МТЗ”  кожнаму воіну-інтэрнацыяналісту (а іх на нашым прадпрыемстве 131) была выдзелена матэрыяльная дапамога ў памеры 50 рублёў, прафкамам завода — у памеры 30 рублёў, а таксама прадастаўлены вольны ад працы дзень з захаваннем сярэдняй заработнай платы для ўдзелу ў рэспубліканскіх святочных мерапрыемствах, наведвання магіл баявых таварышаў і іх сем’яў.

А 14 лютага ў зале пасяджэнняў заводаўпраўлення адбылася сустрэча дырэктара ААТ “МТЗ” Фёдара Дамаценкі з удзелам намесніка дырэктара  ААТ “МТЗ” па ідэалагічнай рабоце, кадрам і сацразвіццю Андрэя Суслянкова і старшыні прафкама завода Аляксандра Карцава з заводскім актывам воінаў-інтэрнацыяналістаў,  якія працуюць на нашым прадпрыемстве.

Перад пачаткам сустрэчы баявыя таварышы, якія зараз працуюць у розных падраздзяленнях завода і сустракаюцца не вельмі часта, мелі магчымасць з кубачкам чаю ўспомніць баявыя гады, тыя цяжкасці, што выпалі на іх долю, абмеркаваць верагоднасць стварэння музею воінаў-інтэрнацыяналістаў пры МТЗ ці, для пачатку, хаця б асобнай экспазіцыі ў заводскім музеі, нюансы ўдзелу ў рэспубліканскіх мерапрыемствах болю і памяці.

Генеральны дырэктар расказаў прысутным пра  становішча спраў на заводзе, цяперашнюю вытворчую і фінансава-эканамічную сітуацыю ў ААТ “МТЗ”, бліжэйшыя перспектывы яго развіцця, планы па пашырэнні праектаў прамысловага турызму на прадпрыемстве. Фёдар Аляксандравіч пацікавіўся тымі праблемамі, якія турбуюць удзель-нікаў сустрэчы, папрасіў заўсёды адкрыта звяртацца з імі да кіраўніцтва завода і паабяцаў, што на любыя пытанні кожны працаўнік Таварыства заўсёды атрымае вычарпальны адказ, а пры неабходнасці, і дапамогу.

Фёдар Аляксандравіч падзякаваў прысутным за той грамадзянскі ратны подзвіг, які яны здзейснілі, выконваючы свой інтэрнацыянальны доўг, за добрасумленную працу на карысць Мінскага трактарнага завода і пажадаў і ў далейшым з гонарам множыць славу нашага годнага працоўнага калектыву.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий