14 кастрычніка на Беларусі адзначаецца Дзень маці

Социум

14 кастрычніка на Беларусі адзначаецца адзін з самых светлых і мілых сэрцу свят — Дзень маці.

Сусветнае свята
У гэты дзень прынята віншаваць маці і цяжарных жанчын. Менавіта гэта акалічнасць адрознівае Дзень маці ад 8 Сакавіка, калі віншаванні прымаюць усе прадстаўніцы жаночага полу — ад самай маленькай да самай старэйшай. Гісторыя Дня маці сыходзіць каранямі ў рэлігійнае свята — Пакровы Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства. Лічыцца, што ў 910 годзе ў Іерусаліме цудоўным чынам Багародзіца явіла сябе, падчас набажэнства многія ўбачылі ў небе Маці Божую, якая пакрывала людзей шырокім белым покрывам, імкнучыся абараніць усіх дзяцей Божых. Менавіта таму Дзень маці ў Беларусі, які ад-значаецца ў нашай краіне з 1996 года, прымеркаваны да гэтага важнага ў праваслаўнай рэлі-гійнай традыцыі свята. З іншага боку, гісторыя свята ляжыць таксама ў паважлівым стаўленні да жанчын, якія сталі маці.

Наогул, ушанаванне жанчыны-маці мае вялікую гісторыю — практычна ва ўсіх культурах жыве гэта традыцыя. Але трэба адзначыць, што, хоць свята маці і сусветнае, у розных краінах яно адзначаецца ў розныя дні. Так, у ЗША, Украіне, Эстоніі, на Мальце, Кіпры, у Даніі, Фінляндыі, Германіі, Італіі, Турцыі, Аўстраліі, Японіі, Бельгіі і Бразіліі мам віншуюць у другую нядзелю мая. У Швецыі і Францыі — у апошнюю нядзелю мая. У Грузіі — 3 сакавіка, у Егіпце — 21 сакавіка, у Арменіі — 7 красавіка,  у Расіі — у апошнюю нядзелю лістапада. У Казахстане Дзень маці — гэта трэцяя нядзеля верасня, у Кір-гізіі — трэцяя нядзеля мая, у Велікабрытаніі — першая ня-дзеля сакавіка, у Грэцыі — 9 мая, у Польшчы — 26 мая. Сербы святкуюць гэты дзень у снежні. У Іспаніі і Партугаліі Дзень маці адзначаецца ў першую нядзелю мая, а на Філіпінах — 10 мая.

А калі падрабязней, то з XVII па XIX стагоддзе ў Велікабрытаніі ў другую нядзелю Вялікага паста адзначалася так званая «Матчына нядзеля» (англ.: Mothering Sunday), пры-свечаная ўшаноўванню маці па ўсёй краіне. У ЗША Дзень маці ўпершыню публічна быў пад-трыманы вядомай амерыканскай пацыфісткай Джуліяй Уорд Хоўв у 1872 годзе. Па яе версіі, гэта дзень адзінства маці ў барацьбе за мір ва ўсім свеце. Але канцэпцыя Джуліі Уорд не знайшла шырокай падтрымкі ні ў ЗША, ні ў іншых краінах.

У 1907 годзе амерыканка Ганна Джарвіс з Філадэльфіі выступіла з ініцыятывай ушаноў-вання маці ў памяць пра сваю маму. Ганна напісала лісты ў дзяржаўныя ўстановы, заканадаўчыя органы і выбітным асобам з прапановай адзін дзень у го-дзе прысвяціць ушаноўванню маці. У 1910-м штат Вірджынія першы прызнаў Дзень маці афіцыйным святам. У 1914-м прэ-зідэнт ЗША Вудра Вільсан абвясціў другую нядзелю мая нацыянальным святам у гонар усіх амерыканскіх маці.

Услед за ЗША другую ня-дзелю мая абвясцілі святам 23 краіны (у іх ліку Бахрэйн, Ганконг, Індыя, Малайзія, Мексіка, Нікарагуа, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман, Пакістан, Катар, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Аўстралія і інш.), а яшчэ больш трыццаці — адзначаюць свята ў іншыя дні.

У ЗША і Аўстраліі існуе традыцыя насіць у Дзень маці на адзежы гваздзік. Прычым колер мае значэнне: белую кветку прышпільваюць у памяць пра памерлых маці.

Шанаванне матулі ў беларусаў

Цікава, што ў нашых продкаў цяжарнасць жанчыны тлумачылася перадусім як складнік духоўнай культуры. Таму цяжарныя жанчыны, відавочнае ўвасабленне плоднасці, выклікалі павагу, ім прыпісваліся розныя станоўчыя ўласцівасці. У такой жанчыны нібыта падвой-ваюцца магічныя жыватворныя здольнасці: яе прасілі першай увайсці ў новую хату, па-класці першыя бульбіны, калі садзілі бульбу. Яна давала праз вароты хлеб карове, каб было больш малака. На Палессі, у вёсцы Спорава Брэсцкай вобласці, будучая маці біла карову сваім фартухом дзеля паспяховага спарвання і выпраўляла ў поле. Яшчэ нашы дзядулі і бабулі лічылі, што калі не пазычыць чаго-небудзь цяжарнай, дык у хаце з’явіцца мноства мышэй ці нават пацукоў.

Сёння на Беларусі свята адзначаецца на дзяржаўным узроўні — ладзяцца разнастайныя сустрэчы, лекцыі, «круглыя сталы», прысвечаныя тэме мацярынства і самога свята. Праводзяцца дыскусіі, выпускаюцца віншавальныя плакаты, паштоўкі.

У садках дзеткі робяць для мам падарункі сваімі рукамі, вучаць вершыкі пра іх. Некаторыя нават ладзяць канцэрты.

У школах праводзіцца абавязковае інфармаванне навучэнцаў пра значнасць гэтага свята. І ўсе тыя, у каго ёсць мама, віншуюць сваіх маці — званком па тэлефоне, паштоўкай, падарункамі.

Дзяржаўная палітыка нашай краіны ў дачыненні да маці адназначная. У рэспубліцы робіцца ўсё для таго, каб жанчыны маглі ажыццявіць сваё прызначэнне — вырасціць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Роля свята вельмі важная ў ідэалогіі краіны, яно з’яўляецца своеасаблівым спосабам умацавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, маральных асноў, устанаўлення больш душэўнай, адкрытай, сардэчнай сувязі паміж дзецьмі і маці.

Духоўнае адраджэнне грамадства, станаўленне маральнасці, фарміраванне і ўмацаванне грамадзянскіх інстытутаў неабходны для паспяховага развіцця дзяржавы, але ўсё гэта становіцца немагчымым без наяўнасці правільных жыццёвых арыенціраў у сем’ях.

Галоўнае слова ў жыцці
Навукоўцы лічаць, што слова «мама» адносіцца да той групы слоў, якія з’явіліся яшчэ да ўзнікнення ў людзей прамовы. Прасачыць гісторыю гэтага слова практычна немагчыма — падобныя гукаспалучэнні з такім жа значэннем ёсць практычна ва ўсіх мовах свету. Для параў-нання: беларускае і рускае «мама», французскае «maman», англійскае «mother» і «mom», італьянскае «mamma», румын-скае «mama», іспанскае «mama». Нават па-кітайску гучыць вельмі падобна да «маці». Верагодна, гэта самае старажытнае слова на зямлі!

Існуе вялікі шэраг карцін, малюнкаў, фрэсак, скульптур, якія нясуць вобраз мамы з дзіцяткам. Напэўна ў кожнага паэта, пісьменніка можна знайсці творы, прысвечаныя маці.

А колькі ў народзе існуе прыказак! Вось самыя яскравыя.

Як памерла матка, дык аслеп і
татка.

Няма лепшага сябра, чым родная матуля.

Сэрца мамы лепш за сонейка грэе.

Пры сонейку цёпла, пры мамцы
добра.

Маміна крыло і ў мароз цёплае.

Бацькіна дараванне на сняданне, а маткiна — на абед.

Мацi падзярэ пазуху, дзецям хаваючы.

Цану дарогі ведае конь, цану праўды — маці.

Маці — што кветка: дзе яна ёсць, там і водар.

Кажуць, што мама носіць сваё дзіцятка дзевяць месяцаў. А вы задумваліся, што насамрэч гэтых месяцаў у некалькі разоў больш? Нарадзіўшы, яна трымае немаўлятку, пакуль той не навучыцца хадзіць. Але і пасля гэтага час ад часу дзіцятка на ручках — таму, што «стаміліся ножкі хадзіць», ці трэба спяшацца, а дзіцятка не паспявае за матуляй, і лепшае вый-сце — узяць яго на рукі. А далей, калі становімся дарослымі, маці носіць нас у сваім сэрцы. Таму сёння і кожны дзень хочацца сказаць нашым мамам вялікі і шчыры дзякуй за тое, што яны не спалі доўгія шматлікія ночы, даравалі нам усе крыўды, за тое, што аберагалі нас, насілі на ручках, вучылі першым словам. Доўгага і шчаслівага жыцця вам — нашы мамы. А цяжарным жанчынам хочацца пажадаць шчаслівага мацярынства і добрага дзяцінства іх немаўлятам. Бо так хораша, калі побач маці…

Аўтар выпуску
Ірына ЮШКЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.



Добавить комментарий