Іван Цеслюкевіч: «Калі ты любіш сваю справу, яна цябе таксама будзе любіць»

Наша марка Тракторозаводцы

— На маёй радзіме, ля вёскі Мікелеўшчына Мастоўскага раёна, незвычайна прыгожае возера. Яго 17-гектарнае люстэрка, як вялікая блакітная касмічная талерка, ляжыць
за аселіцай, калгасным садам і полем, а за ім — зноў поле і лес. Вачэй не адарваць! Хочацца ўзляцець услед за белымі чайкамі і лунаць над гэтай блакітна-зялёна-сонечнай прасторай, наталяючы душу свежасцю і прыгажосцю роднай зямлі, — так паэтычна апісвае мне родныя мясціны фрэзероўшчык службы механіка тэрмічнага цэха Іван Цеслюкевіч. — Як толькі ёсць магчымасць, спяшаюся ў сваю вёску, здаецца, не надыхацца яе паветрам.

Іван Францавіч чалавек творчы, ён з такім жа захапленнем выконвае і сваю звыклую працу, штораз знаходзячы ў ёй усё новыя грані.

— Праца з металам патрабуе асаблівых адносін да яго, — тлумачыць мне майстар. —  А нашы жараўпорныя сталі маюць унікальныя якасці, таму іх складана і тачыць, і фрэзераваць, і выконваць іншыя ўніверсальныя аперацыі. Каб забяспечыць мінімальныя допускі, прыходзіцца, перш чым узяцца за справу, добра падумаць, разабрацца са складанымі чарцяжамі, прыкінуць, вызначыць, што трэба рабіць першапачаткова: ці тачыць, ці свідраваць, ці наразаць разьбу.

За трыццаць гадоў працы ў тэрмічным цэху для Івана Францавіча ў сферы металаапрацоўкі няма нічога немагчымага. Ён жартуе, што з нарыхтоўкі-«балваначкі» з аднолькавай лёгкасцю можа вырабіць і штуцэр, і дэкаратыўную райскую птушку.

— Мяне вучылі сапраўдныя майстры нашай справы, — кажа Іван Цеслюкевіч. — Калі я, будучы навучэнцам сталічнага прафтэхвучылішча № 94, упершыню прыйшоў у 1983 годзе ў гэты цэх на практыку, тут пазнаёміўся з Балеславам Францавічам Легвандам. Былы франтавік, ветэран Вялікай Айчыннай, ён вучыўся прафесіі токара тут жа, на трактарным заводзе, яшчэ ў пленных немцаў. Часта любіў распавядаць, як прыводзіў іх пад канвоем у цэх, ставіў у кут стрэльбу, прыглядаўся да таго, як пленныя працуюць — а сярод іх былі, трэба прызнацца, унікальныя спецыялісты — і прасіў даць паспрабаваць патачыць яму. Гэты чалавек меў асаблівы талент настаўніка. Балеслаў Францавіч так расказваў пра стваральную і ганаровую працу трактарабудаўнікоў, так паказваў асаблівасці і тонкасці такарнага  майстэрства, што я на ўсё жыццё захапіўся гэтай справай і ўжо тады зразумеў, што выбраў правільны шлях у жыцці. І, ці паверыце, ніколі не шкадаваў аб гэтым.

Калі добра адладжаны станок, ёсць цікавае заданне, працуецца з вялікім натхненнем, і часам шкадуеш, што змена закончылася. У нашай справе патрэбны цярпенне і інтуіцыя на тое, як на твае намаганні адгукнецца метал. Каб адчуць яго, неабходны годы, дзесяцігоддзі практыкі і, вядома ж, умельцы, якія гатовы дзяліцца з табой сваім вопытам і падказваць, у чым ты памыляешся. На маё шчасце, побач са мной заўсёды былі такія людзі. З павагай і ўдзячнасцю ўспамінаю настаўленні слесара Алега Іванавіча Зубчонка, токара і слесара Мікалая Ігнатавіча Савінава. А калі прыйшла пара самому дзяліцца напрацаванымі навыкамі, ніколі не забываўся пра іх дабразычлівасць, цярпенне і настойлівае жаданне бачыць у сваім вучні сапраўднага прафесіянала. Спадзяюся, што з добрага дзясятка маіх вучняў ніводзін не ўспамінае мяне ліхім словам. Я ж асабліва ганаруся сваім вучнем, цяперашнім калегам, токарам-расточнікам Сашам Гардзеем. Светлая ў яго галава і спрытныя рукі, і, як мне здаецца, палюбіў ён метал, як і я.

Вырабляюць Іван Францавіч і яго калегі шасцерні на рэдуктары дробеструйных машын, валы з нержавеючай сталі для гэтых жа машын і закалачных печаў, паддоны і аснастку на дэталі, якія ідуць на закалку ў бязмуфельныя агрэгаты.

Іван Цеслюкевіч кажа, што прафесію ён сваю любіць за разнастайнасць задач пры апрацоўцы метала, за тое, што разам з ім сціплыя і адказныя, вельмі паважаныя ім людзі.
— У нашай службе ёсць унікальныя майстры сваёй справы. Напрыклад, слесар-рамонтнік Васіль Рабкавец. Ці яго калегі Аляксандр Шашко і Мікалай Захарык. Іх прафесіяналізму няма роўных, бадай, на ўсім заводзе, — з захапленнем расказвае пра таварышаў па працы Іван Францавіч. — Добры спецыяліст і надзейны  сябра Мікалай Нямыцька. У такой камандзе адчуваеш сябе адказным за калектыўны вынік працы і імкнешся не падвесці. Сярод такіх людзей праца заўсёды ў радасць. Наогул, і я, і мае таварышы са службы механіка разумеем так: калі ты прыйшоў на працу, выконвай свае абавязкі добрасумленна, а не шукай прычыны, як іх пазбегнуць.

Гэтага ж прынцыпу Іван Цеслюкевіч прытрымліваецца і ў жыцці: не пераносіць маны і намаганняў напаказ, калі бярэцца за справу, даводзіць яе да канца. У час нашай гутаркі ён з захапленнем расказваў пра магчымасці метала, а калі загаварылі пра дом у вёсцы, аказалася, што ў руках гэтага працаўніка і дрэва не менш паслухмянае. У бацькоўскім доме сваёй супругі, Святланы Васільеўны, у Калодзішчах, Іван Францавіч нават змайстраваў сталярны станок, сам вырабіў драўляныя вокны і дзверы, абшыў вагонкай будынак звонку і знутры. Нямала выштукаваў майстра і ў сваёй гарадской кватэры, на балконе. Яго дзеці — сын Васіль і дачка Аксана — вельмі шануюць створаную ім утульнасць і ганарацца сваім надзвычай працавітым бацькам, удзячныя яму за навуку быць адданымі сваёй справе і здольнымі любіць людзей і жыццё. Іван Францавіч, у сваю чаргу, ганарыцца сваімі нашчадкамі, кажа, што Васіль выбраў вельмі цікавую прафесію: ён скончыў Мінскі вышэйшы дзяржаўны авіяцыйны каледж і зараз працуе на авіярамонтным заводзе. А Аксана, як і яе маці, вызначаецца выхаванасцю і стараннасцю. Яе, адміністратара залы боўлінга атэля «Юбілейны», высока цэняць кіраўніцтва і калегі.

Шмат гадоў мой субяседнік быў захоплены фатаграфаваннем. Калі працаваў у першую змену, вечары і ночы не раз аддаваў праяўцы дзясяткаў фотаплёнак і друкаванню фотакартак. Родныя краявіды, партрэты блізкіх і сяброў, сямейныя ўрачыстасці, фотахроніка сталення дзетак — усё гэта на тысячах кадраў засталося на ўспамін.
І на ўсё Іван Цеслюкевіч знаходзіць час ды жаданне.

— Калі штосьці захочаш зрабіць, абавязкова навучышся і зможаш. Проста ніколі не трэба баяцца новага, нязведанага, — перакананы Іван Францавіч. — Мой бацька, Франц Міхайлавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які з баямі дайшоў да Берліна, заўсёды казаў, што ў нас такія людзі, што здольныя на ўсё, толькі трэба прыкласці крышачку намаганняў і рабіць усё з ахвотай, без прымусу і напружання. А мама, Леакадзія Аляксандраўна, падтрымлівала мужа і наказвала сваім дзецям, што нічога нельга зрабіць не толькі без жадання, але і без любві. І калі ты любіш справу, яна цябе таксама будзе любіць.

Іван Францавіч не забывае родны дом. У адпачынак кожны год нязменна ездзіць да бацькоў на Мастоўшчыну, дзе дапамагае сваім дарагім і аднаўляе душэўныя і фізічныя сілы для далейшай плённай працы.

Міхаіл ДАЎГАЛЁЎ, майстар службы механіка тэрмічнага цэха:

— Іван Цеслюкевіч — адзін са спецыялістаў высокага класа нашага цэха. Ён у аднолькавай ступені валодае некалькімі памежнымі спецыяльнасцямі — фрэзероўшчыка, токара, расточніка. Прычым ёсць у нас такія складаныя аперацыі, якія, без сумнення, можна даручыць толькі Івану Цеслюкевічу. Гэта вельмі спакойны, сціплы і добразычлівы чалавек, які заўсёды гатоў прыйсці на дапамогу таварышам па працы. Там, дзе за справу ўзяўся Іван Цеслюкевіч, усё будзе выканана акуратна, дакладна і без лішніх слоў. За гэта і паважаюць Івана Францавіча як кіраўнікі службы механіка і цэха, так і яго калегі.

Наталля ХЛЕБУС.
Фота аўтара.



Добавить комментарий