Аляксандр ЯРМАЛОВІЧ: «Мне ў людзях імпануюць адданасць і дабрыня»

Тема дня Тракторозаводцы

У дзяцінстве ён марыў стаць вадзіцелем-дальнабойшчыкам і наездзіць тысячы кіламетраў шляхоў-дарог, аб’ехаць усе краіны Еўразіі. Невялічкая маляўнічая вёсачка Лінкі Валожынскага раёна, дзе рос Саша Ярмаловіч, туліцца на ўзлеску, побач з рэчкай Гальшанкай і недалёка ад Заходняй Бярэзіны. Адмысловыя сваёй някідкай, стрыманай прыгажосцю родныя мясціны шчодра раскрывалі перад ім свае таямніцы і будзілі ў дапытлівым хлопчыку мары аб нязведаных гарызонтах. А калі аднойчы летам у вёску з Мінска прыехала брыгада вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў на дапамогу мясцоваму калгасу ў нарыхтоўцы кармоў і Саша наслухаўся іх расказаў пра рамантыку аўтамабільных дарог Усходу і Захаду, юны летуценнік нястрымна жадаў толькі аднаго — хутчэй вырасці і… за руль.

Аднак бацькі лічылі мару сына вельмі небяспечнай і прасілі яго не гарачыцца, а добра ўсё ўзважыць, перш чым пакідаць роднае гняздо. Таму, калі прыйшоў час выбіраць жыццёвы шлях, Аляксандр Ярмаловіч аказаўся ў Мінскім гарадскім машынабудаўнічым вучылішчы № 94, дзе старанна набываў прафесію электраманцёра, а затым прайшоў практыку ў цэху нарыхтоўкі шыхты МТЗ, паспяхова закончыў вучылішча і пайшоў служыць у армію.

Лёс падараваў юнаку магчымасць адарвацца ад радзімы, удыхнуць на поўныя грудзі салёных марскіх паўночных вятроў. Служачы ў Мурманску ў інжынерна-сапёрных войсках, ён спаўна адчуў сілу сугучча «родная зямля» і невыказнай тугі па ёй. Таму ў Мінск вяртаўся ўжо з больш канкрэтнымі і прыземленымі марамі: знайсці прыстойную працу, стварыць добрую сям’ю.

У 1986 годзе беларуская сталіца імкліва развівалася, рынак працы ў ёй быў вельмі вялікі. Тады, як кажуць, на кожным слупе віселі запрашэнні да праца-
ўладкавання і на прамысловых прадпрыемствах, і ў шматлікіх іншых сферах народнай гаспадаркі. Аляксандр усё ж не да канца адмовіўся ад сваёй дзіцячай мары і пайшоў працаваць вадзіцелем… тралейбуса.

— За трынаццаць гадоў удосталь пакруціў «баранку», быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва трамвайна-тралейбуснага дэпо № 2, стаў вадзіцелем першага класа, — успамінае Аляксандр Станіслававіч. — Цікава было працаваць з людзьмі, асаблівае пачуццё сагравала душу, калі, напрыклад, выязджаў у першы ранішні рэйс у яшчэ сонным Мінску, або апошнім рэйсам прывозіў на апошні прыпынак адзіную закаханую парачку… Свае цяжкасці былі ў гэтай працы зімой, свая непаўторная прыгажосць горада вясной…

Магчыма, і сёння так і працаваў бы Аляксандр у дэпо, калі б не добры знаёмы іх сям’і Сямён Калганаў, які працаваў слесарам механазборачных работ у механічным цэху № 2 Мінскага трактарнага завода. Той з такім захапленнем расказваў пра свой участак, пра яго надзвычай працавітых людзей, пра стаўленне да сваіх падначаленых началь-
ніка ўчастка Анатоля Сураўца, што Аляксандр Ярмаловіч аднойчы вырашыў схадзіць з прыяцелем на завод. Пазнаёміўся з Анатолем Лукічом, успомніў сваю практыку на заводзе і прыняў рашэнне ўладкавацца тут працаваць. Тым больш што начальнік участка пасля дамоўленасці з ім адразу ж прапанаваў свабоднае на той час у брыгадзе маляроў месца.

Зараз маляр афарбоўкі ўчастка № 6 абкаткі, афарбоўкі і стыкоўкі трансмісій механічнага цэха № 2 Аляксандр Ярмаловіч — адзін з самых паважаных працаўнікоў цэха, якому даручана адказная і даволі небяспечная справа: разводзіць да патрэбнай кансістэнцыі фарбу і запраўляць ёй ёмістасці для падачы ў пульверызатары.

— На першы погляд, нічога складанага ў нашай справе няма: толькі паслядоўна ды акуратна перакрывай краны, выдаляй з бачкоў паветра, адчыняй іх, залівай фарбу ды ўключай, — уводзіць мяне ў таямніцы сваёй прафесіі Аляксандр Станіслававіч. — Аднак гэта зусім не так: трэба ведаць, што фарба ў бачках знаходзіцца пад адпаведным ціскам. Варта парушыць паслядоўнасць — і, у лепшым выпадку, сам будзеш з галавы да ног пафарбаваны, а ў горшым… Могуць быць і траўмы не толькі ў цябе, але і ў тых, хто працуе побач. Таму і я, і мае калегі Яўген Навасад, Сяргей Данчанка, Георгій Кузняцоў адносімся да сваіх абавязкаў з павышанай адказнасцю. І такое ж стаўленне да даручанай справы ў кожнага члена нашай брыгады маляроў пад кіраўніцтвам Таццяны Жыбуль. А прыкладам стараннасці для нас служаць нашы жанчыны — Іна Панамарэнка, Таццяна Багамолава, Тамара Кузьміч. Наогул, такога выдатнага калектыву, як у нас, мне здаецца, няма больш нідзе. Усе дружныя, гатовыя дапамагчы ў любую хвіліну. Людзі ў нас вельмі добрыя, шчырыя, цікавыя. У кожнага ёсць свае асаблівыя якасці, якія і робяць наш калектыў такім маналітным: хтосьці спявае прыгожа, хтосьці кулінарнымі рэцэптамі ахвотна дзеліцца, а хто жартаўнік адмысловы. Наша Таццяна Багамолава, напрыклад, за МЦ-2 у завадской спартакіядзе на лыжах бегае, а Георгій Кузняцоў цешыць сваімі расказамі пра рыбацкія прыгоды. Калі ўлічыць, што я таксама не адмаўляюся пасядзець з вудай на беразе ракі, каб адпачыць пад плёскат хваль, а заадно і падчапіць на кручок шчупачка ці хаця б плотку, то мне яго гісторыі —проста бальзам на душу.

Хачу яшчэ сказаць, што ўжо досыць сталым чалавекам менавіта на нашым участку я знайшоў сабе сапраўднага, шчырага сябра, спазнаў, што такое моцнае мужчынскае сяброўства. Са слесарам механазборачных работ Аляксандрам Шчарбаком я мог бы і ў разведку пайсці, і гатоў любую самую складаную задачу выконваць.
І здаецца мне цяпер, праз пятнаццаць гадоў працы тут, што наш завод, мой калектыў — гэта мой лёс і палова мяне, майго жыцця.

У лістападзе Аляксандру Станіслававічу споўнілася 50. Яго шчыра віншавалі ўсёй брыгадай паплечнікі па працы, кіраўнікі ўчастка і цэха, а адміністрацыя завода аб’явіла падзяку.

Другая частка жыцця Аляксандра Станіслававіча — яго дарагая сям’я. Жонка, Ірына Віктараўна, для яго — узор працалюбівасці і адданасці сям’і. Разам яны працуюць у Лінках на бацькоўскай сядзібе, разам кошыкамі збіраюць баравікі, вёдрамі прыносяць з лесу маліны, чарніцы ды брусніцы, разнастайна нарыхтоўваюць іх на зіму. Мужу здаецца, што ніхто так смачна не гатуе ежу, як яго Віктараўна. Ён з захапленнем расказвае, як хутка і прыгожа Ірына можа нарыхтаваць і сервіраваць стол не толькі на сваю радню, але і на цэлае вяселле. Сам Аляксандр з задавальненнем робіць усё неабходнае ў гаспадарцы: у горадзе займаецца рамонтам кватэры, у вёсцы — падтрымлівае ў парадку сядзібу, арэ і косіць, рамантуе аўтамабіль і ўвесь садова-агародны рыштунак. Муж і жонка  ўжо адгулялі сярэбранае вяселле, але шчырасць і цеплыня іх адносін за чвэрць стагоддзя не страчаны. Узмацняе іх і любоў да дзяцей, гонар за поспехі нашчадкаў. Іх сын, Артур, паспяхова скончыў машынабудаўнічы ліцэй, праходзіў практыку ў
МЦ-2, затым паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, атрымаў вышэйшую адукацыю, зараз працуе і завочна вучыцца ў магістратуры БДЭУ. Дачушка Крысціна таксама ўжо закончыла каледж, працуе бухгалтарам і рыхтуецца да паступлення ў ВНУ.

— Сумленная праца, дабрыня, душэўная цеплыня, адданасць і вернасць — гэта тое, чым мы з жонкай даражым усё жыццё і што так стараліся прывіць сваім дзецям, — кажа Аляксандр Ярмаловіч. — Гэта тое, што нам з сястрой прывівалі нашы бацькі, тое, без чаго нельга быць сапраўдным чалавекам. А яшчэ — без любві  і беражлівых адносін да роднай зямлі, яе культуры і спадчыны. Таму з асаблівай ахвотай мы наведваем знакамітыя мясціны нашай Бацькаўшчыны — Гальшанскі, Мірскі, Нясвіжскі замкі, Белавежскую і Налібоцкую пушчы, Дудуткі, а за моры-акіяны ўжо неяк і не хочацца. Хаця сын усё імкнецца купіць нам пуцёўкі ў Турцыю ці Егіпет. Але для нас няма лепшага адпачынку, чым у роднай бацькавай хаце.

Анатоль СУРАВЕЦ, начальнік участка № 6 абкаткі, афарбоўкі і стыкоўкі трансмісій механічнага цэха № 2:
— Аляксандр Ярмаловіч за пятнаццаць гадоў работы на нашым участку зарэкамендаваў сябе як выдатны, добрасумленны працаўнік. Яму можна давяраць любую, нават самую адказную, справу і быць пры гэтым упэўненым, што выканана яна будзе якасна і ў вызначаны тэрмін. Аляксандр Станіслававіч — надзейны таварыш і надзвычай сціплы чалавек. Яго шчырасць, чалавечнасць падтрымлівае атмасферу добразычлівасці ў брыгадзе маляроў, а яго працавітасць і пастаянная гатоўнасць адгукнуцца на любую просьбу калег прынеслі яму заслужаную павагу ў калектыве.

Наталля ХЛЕБУС. Фота аўтара.



Добавить комментарий